Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто стаў ахвярамі страляніны ў Мюнхэне


У Мюнхэне ўшаноўаюць памяць загіблых
У Мюнхэне ўшаноўаюць памяць загіблых

Сямёра зь дзевяці ахвяраў 18-гадовага Алі Давіда Санбалі, які зладзіў стральбу каля гандлёвага цэнтру ў Мюнхэне на мінулым тыдні, былі падлеткамі. Наймалодшым ахвярам было па 14 гадоў.

Паводле ўладаў, у траўні Санбалі завёў падроблены акаўнт на Фэйсбуку, на якім пакінуў паведамленьне, што ў адным з аддзяленьняў «Макдональдса» будуць раздаваць бясплатную ежу, спрабуючы такім чынам завабіць людзей да месца нападу.

Нямецкія СМІ паведамляюць, што ўсе ахвяры Санбалі былі жыхарамі Мюнхэну, большасьць — замежнага паходжаньня.

Ахвярамі, як паведамляе Бі-Бі-Сі, сталі:

Хусэйн Дайтцык, 17-гадовы выхадзец з Грэцыі. Па словах відавочцаў, ён быў застрэлены, ратуючы сястру;

Дыямэнт Забэргія, 20-21 год, сын афіцэра паліцыі, па паходжаньні косаўскага альбанца;

14-гадовыя косаўскія альбанкі Армэла Сэгашы і Сабіна Сула, іх сябры турэцкага паходжаньня Кан Лэйла (14 гадоў) і Сэлджук Кіліч (15 гадоў);

яшчэ адзін 15-гадовы падлетак, да гэтага часу не апазнаны;

Джуліяна Колман, 18-19 гадоў;

найстарэйшай ахвярай стралка стала 45-гадовая турчанка Сэўда Даг.

Праваахоўныя органы Нямеччыны заявілі, што чалавек, які страляў у гандлёвым цэнтры, быў немцам іранскага паходжаньня. Падазраваны жыў у Мюнхэне апошнія некалькі гадоў. Паводле паліцыі, ён плянаваў свой напад амаль год, пісталет купіў праз інтэрнэт. Цела нападніка было знойдзена непадалёк ад месца трагедыі. Паліцыя затрымала 16-гадовага выхадца з Аўганістану, які, як мяркуецца, мог ведаць пра пляны Санбалі, але не паведаміў пра гэта паліцыі.

Прадстаўнік пракуратуры Баварыі Томас Штайнкраус-Кох заявіў, што ў дзеяньнях стрэлка не было палітычных матываў. Юнак на працягу двух месяцаў у 2015 годзе праходзіў стацыянарнае лячэньне ў псыхіятрычнай клініцы. Ён цярпеў на «сацыяльныя фобіі» і дэпрэсію. Пры ператрусе былі знойдзеныя адпаведныя мэдычныя запісы і лекавыя прэпараты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG