Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 25 ліпеня: дзень памяці Ўладзімера Караткевіча, Натальлі Арсеньевай і Янкі Брыля


Падзеі дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі

Афіша

Менск — Падарожжа ў мінулыя стагодзьдзі. Пешая вандроўка па Менску (збор каля галоўнага ўваходу ў тэатар музкамэдыі ў 18.30).

Сеніца — вечар бардаўскай песьні (эка-рэстарацыя «Раздольле», 3-ці кілямэтар трасы Менск-Слуцк), пачатак а 19-й.

У гісторыі:

1410 — войскі Польшчы і ВКЛ пачалі аблогу сталіцы Тэўтонскага ордэну, Марыенбургу (сёньня горад Мальбарк у Польшчы). Аблога крыжацкага замку ў Марыенбургу — найбольшай крэпасьці ў тагачаснай Эўропе — працягвалася два месяцы, але закончылася бяз посьпеху. Абаронца Марыенбургу Генрых фон Пляўэн зрабіў сабе рэпутацыю выратавальніка крыжацкага ордэну ад татальнага зьнішчэньня.

1550 — у пісьмовых крыніцах упершыню згадваецца Узда (як двор Корсакаў у Менскім павеце). Сёньня гэта горад, цэнтар Узьдзенскага раёну Менскай вобласьці.

1853 — у Менску створана першая прафэсійная пажарная каманда.

1917 — у Менску скончыўся Зьезд беларускіх арганізацый i партый, які ўтварыў Цэнтральную раду беларускіх арганізацый. Рада імкнулася аб’яднаць усе нацыянальна-дэмакратычныя сілы на тэрыторыі Беларусі і за яе межамі. Друкаваны орган рады — газэта «Вольная Беларусь». У склад выканаўчага камітэту былі выбраныя Уладзімер Галубок, Язэп Лёсік, Антон Лявіцкі (Ядвігін Ш.), Аркадзь Смоліч, Усевалад Фальскі. Даміноўнае становішча ў Радзе займалі прадстаўнікі Беларускай сацыялістычнай грамады. Пасьля рэарганізацыі ў кастрычніку Цэнтральная рада беларускіх арганізацый ператварылася ў Вялікую беларускую раду.

1993 — у Лідзе адкрыты помнік Францішку Скарыну.

2004 — паводка ў Менску, падчас якой былі затопленыя цэнтральныя вуліцы на месцы колішняга рэчышча Нямігі.

У гэты дзень нарадзіліся:

1903 — беларускі вучоны батанік-дэндроляг Мікалай Несьцяровіч, акадэмік АН БССР. Асноўныя працы прысьвечаны інтрадукцыі і акліматызацыі драўняных расьлін.

1936 — беларускі архітэктар Леанід Левін, адзін са стваральнікаў мэмарыяльных комплексаў «Хатынь» і «Яма».

1937 — беларускі кампазытар Дзьмітры Смольскі, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, народны артыст Беларусі.

У гэты дзень памёрлі:

1877 — Іван Насовіч, беларускі філёляг, этнограф і фальклярыст, стваральнік «Слоўніка беларускай мовы»

1984 — беларускі пісьменьнік Уладзімер Караткевіч.

1997 — Натальля Арсеньнева, беларуская эміграцыйная паэтка

2006 — беларускі пісьменьнік Янка Брыль

Цытата:

Рабі нечаканае, рабі, як не бывае, рабі, як ня робіць ніхто, — і тады пераможаш. Нават калі ты слабы, як камар пасярод варожага мора. Таму што толькі дурні разважаюць заўсёды па правілах здаровага сэнсу. Таму што чалавек толькі тады чалавек, калі ён дзёрзка рве панылае наканаваньне і плюе на «спрадвечны» закон.

Уладзімер Караткевіч

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG