Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Турэцкія ўлады затрымалі пляменьніка Фэтхулаха Гюлена


Прыхільнікі Эрдагана паляць постэр з партрэтам Гюлена падчас праўрадавых дэманстрацыяў у Стамбуле 18 ліпеня 2016

Прыхільнікі Эрдагана паляць постэр з партрэтам Гюлена падчас праўрадавых дэманстрацыяў у Стамбуле 18 ліпеня 2016

У Турэччыне па падазрэньні ў датычнасьці да мяцяжу затрыманы пляменьнік прапаведніка Фэтхулаха Гюлена, паведаміла дзяржаўнае інфармагенцтва Anadolu.

Ён быў затрыманы ў Эрзуруме і пазьней дастаўлены ў Анкару.

Улады Турэччыны лічаць Фэтхулаха Гюлена — апазыцыйнага ісламскага прапаведніка і галоўнага палітычнага апанэнта прэзыдэнта краіны Рэджэпа Таіпа Эрдагана — натхняльнікам спробы дзяржаўнага перавароту ў Турцыі, якая адбылася ў ноч на 16 ліпеня.

Сам Гюлен неаднаразова заяўляў, што ня мае дачынення да путчу, і асуджаў спробу перавароту. Ён таксама адзначыў, што гатовы да экстрадыцыі.

У суботу стала вядома, што ўлады Турэччыны закрылі больш за 2000 арганізацый, якія, на думку Анкары, зьвязаныя з Гюленам.

Раней віцэ-прэм’ер Турэччыны Нурэтын Джанiклi расказаў у інтэрвiю Бі-Бі-Сі, што арышты і звальненьні каля 60 тысяч чалавек пасьля бунту былі толькі «вяршыняй айсбэрга», і паабяцаў, што арыштаў будзе яшчэ больш.

Сярод звольненых і затрыманых больш за 9 тысяч паліцыянтаў, 3 тысячы судзьдзяў і 6 тысяч вайскоўцаў, а таксама настаўнікі і дэканы унівэрсытэтаў.

Узброены мяцеж пачаўся ў Турцыі позьнім вечарам 15 ліпеня.

Група вайскоўцаў заявіла, што бярэ кіраваньне краінай у свае рукі, каб забясьпечыць выкананьне канстытуцыйных правоў грамадзян. Да раніцы турэцкаму ўраду ўдалося цалкам аднавіць кантроль над сытуацыяй у краіне.

Колькасьць ахвяр сутыкненьняў у Турцыі падчас няўдалага вайсковага перавароту склала як найменей 232 чалавекі.

XS
SM
MD
LG