Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Захопнікі будынка паліцыі ў Ерэване адмовіліся здавацца


Будынак паліцыі, захоплены пратэстоўцамі

Будынак паліцыі, захоплены пратэстоўцамі

Узброеныя людзі ў Ерэване, якія на мінулым тыдні захапілі аддзяленьне паліцыі, адмовіліся здавацца да выкананьня іх патрабаваньняў.

Яны патрабуюць адстаўкі прэзыдэнта Армэніі Сэржа Саргсяна і правядзеньня новых выбараў, паведамляе Бі-Бі-Сі.

Галоўны перамоўнік Віталь Баласанян спадзяецца, што сітуацыя вырашыцца ў бліжэйшыя дні.

Раней стала вядома аб вызваленьні нападнікамі ўсіх закладнікаў. Апошнімі вызвалілі намесьніка кіраўніка паліцыі Армэніі генэрал-маёра Вардана Егіязарана і намесьніка начальніка паліцыі Ерэвану палкоўніка Валерыя Асіпяна.

Узброеныя людзі захапілі будынак аддзяленьня паліцыі на ўскраіне Ерэвану 17 ліпеня.

Першапачаткова яны патрабавалі вызваліць каардынатара апазыцыйнага «Ўстаноўчага парлямэнту» Жырайра Сэфіляна, які знаходзіцца пад арыштам паводле абвінавачаньня ў незаконным набыцьці і захоўваньні зброі.

Падчас нападу на паліцэйскі пастарунак адзін супрацоўнік паліцыі быў забіты, яшчэ шасьцёра атрымалі раненьні.

У дзень захопу пастарунку дзясяткі людзей былі затрыманыя паліцыяй на плошчы Свабоды ў цэнтры Ерэвану. Сярод затрыманых былі ня толькі прыхільнікі руху «Ўстаноўчы парлямэнт» і актывісты апазыцыі, але і звычайныя грамадзяне.

Старшыня Хэльсінкскага камітэту Армэніі Авэтык Ішханян назваў дзеяньні паліцыянтаў паляваньнем на людзей.

Намесьнік начальніка паліцыі Армэніі Унан Пагасян пазьней настойваў на тым, што паліцыя дзейнічала ў рамках закону.

XS
SM
MD
LG