Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэркель: У гандлёвым цэнтры, вагоне цягніка, на набярэжнай мог быць кожны з нас


Ангела Мэркель

Ангела Мэркель

Кіраўніца ўраду Нямеччыны выказала спачуваньні родным і блізкім загінулых у Мюнхене і Вюрцбургу, а таксама падзякавала паліцыі Баварыі за прафэсіяналізм і мюнхенцам — за салідарнасьць, паведамляе Deutsche Welle.

Фэдэральны канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель заявіла, што на месцы наведнікаў гандлёвага цэнтру, пасажыраў рэгіянальнага цягніка або пешаходаў на набярэжнай мог бы апынуцца «кожны з нас». Спачуваньні родным і блізкім загінулых і пацярпелых у Мюнхене, Вюрцбургу і Ніцы яна выказала ў суботу, 23 ліпеня, на прэсавай канфэрэнцыі ў Бэрліне. «Мы падзяляем ваш боль», — сказала канцлерка.

Кіраўніца ўраду таксама падзякавала паліцыі за прафэсіяналізм, а жыхарам Мюнхену — за салідарнасьць зь людзьмі, якія апынуліся ў бядзе 22 ліпеня. «У гэтай чалавечнасьці — наша самая вялікая сіла», — падкрэсьліла Мэркель. Яна паабяцала, што ўлады Нямеччыны і Баварыі прыкладуць усе намаганьні, каб цалкам раскрыць злачынства. «Мы зробім усё, каб абараніць ўсеагульную свабоду і бясьпеку», — заявіла канцлерка.

Увечары 22 ліпеня 18-гадовы немец іранскага паходжання распачаў страляніну ў гандлёвым цэнтры Olympia ў Мюнхене. Ён забіў 9 чалавек, а затым стрэліў сабе ў галаву. Усяго былі параненыя 27 чалавек, зь іх 10 застаюцца ў цяжкім стане.

Матывы нападу да гэтага часу невядомыя. Пазьней у пакоі нападніка быў праведзены ператрус, але ня знойдзена ніякіх доказаў дачыненьня стралка да тэрарыстычнай групоўкі «Ісламская дзяржава». Была знойдзена вялікая колькасць выцінак з газэт і часопісаў, у якіх гаварылася пра збройныя напады, а таксама кніга пра масавыя забойствы, учыненыя студэнтамі. Паводле папярэдніх дадзеных, юнак быў псыхічна хворы.

XS
SM
MD
LG