Паводле ўладаў, нападнік або нападнікі застаюцца на свабодзе, матывы нападу дагэтуль невядомыя. Паліцыя шукае трох нападнікаў з даўгаствольнымі вінтоўкамі.
Тыднёвік Focus паведамляе, спасылаючыся на паліцыю, што адзін з нападнікаў забіў сябе на месцы падзеі стрэлам у галаву.
Паводле сьведкаў, нападнік выкрыкваў нейкія лёзункі, аднак наконт іх зьместу існуе супярэчлівая інфармацыя. CNN паведаміла, што ён крычаў “Аллагу акбар!”, а паводле некаторых нямецкіх мэдыяў нападнік абвясьціў, што ён немец і выкрыкваў ксэнафобскія заклікі. Адзначаецца, што сёньня споўнілася роўна пяць гадоў ад тэрарыстычнага нападу Андэрса Брэйвіка на нарвэскім востраве Утэя.
Сыгнал пра напад атрымалі ў паліцыі ў 18.00 мясцовага часу. Страляніна пачалася ў 17.52 у рэстаране фаст-фуду ў гандлёвым цэнтры, паведаміў намесьнік прэсавага сакратара монхенскай паліцыі Томас Баўман.
Паліцыя ачапіла зону вакол Алімпійскага парку, нарады паліцыі зьехаліся з усяго гораду. Перад будынкам гандлёвага цэнтру стаяць паліцэйскія аўтамабілі і карэты хуткай дапамогі. Над горадам лётаюць верталёты.
Паліцыя таксама зьвярнулася да жыхароў гораду празь сетку Твітэр і заклікала іх заставацца дома і пазьбягаць публічных месцаў. У горадзе спынены рух мэтро і наземнага гарадзкога транспарту. Цэнтральны вакзал эвакуаваны. Рух цягнікоў, якія накіроўваюцца ў Мюнхен, спыненыя з усіх напрамкаў.
Спэцаддзелы паліцыі прыбылі таксама ў цэнтр гораду, дзе пачалася паніка і людзі кінуліся зь пешаходнай зоны на плошчу Карлпляц.
Улады паведамілі, што гэта была фальшывая трывога, аднак сытуацыя ў цэнтры Мюнхену надалей застаецца няяснай.