Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сяргей Вераціла: Нашым народам была шляхта, якую вынішчылі


Сяргей Вераціла

Сяргей Вераціла

У Краснасельскім пад Ваўкавыскам на хатах цэмэнтовая дахоўка і платы з шыфэру — адразу відно, якое прадпрыемства знаходзіцца побач. Што да ўстановаў культуры, то на восем тысячаў насельніцтва тут няма аніводнай бібліятэкі. Госьцем перадачы — пісьменьнік Сяргей Вераціла, які ў родным пасёлку змушаны быў перакваліфікавацца ў сацыяльнага работніка.

— Сяргей, у Краснасельскім паўсюль крэйдавы пыл — на дрэвах, на ходніках, на стрэхах дамоў. А жыць сярод гэтага пылу дужа шкодна?

Што да здароўя людзей, то хто ў нашай краіне (увогуле ў краінах таталітарных, аўтарытарных) лічыцца зь людзьмі?

— Мы ўжо тут адаптаваліся. Цяперашнюю сытуацыю не параўнаць з тою, што была раней, гадоў сорак таму. Цяпер стаяць фільтры, больш сучасная вытворчасьць. Раней, праўда, краснасельскі цэмэнт быў вышэйшай якасьці. Зь яго рабілі шахты на Кубе — пад савецкія ракеты, Астанкінскую тэлевежу, Брацкую ГЭС, вельмі высокай маркі ішоў цэмэнт. Што да здароўя людзей, то хто ў нашай краіне (увогуле ў краінах таталітарных, аўтарытарных) лічыцца зь людзьмі? У свой час, калі я чытаў перапіску Івана Грознага з Андрэем Курбскім, мяне ўразіла, як там апісваецца аблога Казані. Нейкі немец зрабіў гармату, і каб цягнуць яе, трэба было 500 коней. Іван Грозны пашкадаваў коней, і ў гармату запрэглі 2 500 мужыкоў — гэтак званых «людзішак». Так і ў нас. Падобнае стаўленьне да людзей было, ёсьць, і пры нашым жыцьці, баюся, зьменаў ня будзе. Скажам, рак лёгкіх у Краснасельскім — вельмі пашыраная хвароба. Мой бацька памёр ад раку лёгкіх, хоць не курыў. Проста сьмерць робіцца фактам жыцьця. У Краснасельскім ужо запоўненыя адныя могілкі, цяпер запаўняюцца другія, у Скрыбаве, — ніхто не зьвяртае на гэта ўвагі.

— Ты маеш вышэйшую адукацыю — скончыў БДУ. А чым даводзіцца зарабляць на жыцьцё?

— Я лічуся сацыяльным работнікам — пры маці. Даглядаю яе. Даюць нейкую капейку. Плюс матчына пэнсія. Складаем разам і выжываем. Жыцьцё на ўзроўні выжываньня.

— Мяне зьдзівіла, што ў Краснасельскім (усё ж 8 000 жыхароў) няма нават бібліятэкі. Інтэрнэтам ты не карыстаесься. А дзе бярэш кнігі для чытаньня?

Сёньня Польшча — на недасяжным узроўні, і палякі ў сьвядомасьці беларусаў ізноў пачалі ператварацца ў паноў, як калісьці было ў Заходняй Беларусі.

— Бібліятэка ў мяне свая — даволі багатая. Часам хочацца паглядзець які-небудзь добры фільм з дапамогай сучасных тэхналёгій, але няма дзе. Моладзі — хоць вешайся, ніякага культурнага выйсьця. Таму людзі ў нас неяк замкнуліся і разасобіліся. Гэта нават не індывідуалізм. Індывідуалізм — гэта здольнасьць да самастойнага мысьленьня, да самастойных учынкаў. У нашых людзей пераважае эгаізм у самым адмоўным разуменьні гэтага слова. Баюся, хутка на яго захварэе ўся краіна — ад безвыходнасьці. Адзінае, што выклікае ў мяне аптымізм, — гэта падзеі ва Ўкраіне. Калі там сытуацыя памяняецца, то гэта дасьць штуршок і для нас. А можа, і ня дасьць. Тут у нас побач быў прыклад Польшчы. Цяпер нашы людзі пра Польшчу ня хочуць нават гаварыць, адразу замыкаюцца. А дваццаць гадоў таму з Польшчы ўсе кпілі і сьмяяліся, усё туды везьлі на продаж. Палякі скуплялі ўсё, што можна, — у іх была галеча. А сёньня Польшча — на недасяжным узроўні, і палякі ў сьвядомасьці беларусаў ізноў пачалі ператварацца ў паноў, як калісьці было ў Заходняй Беларусі. Разумееш, у стомленых нацыяў (а беларусы — стомленая нацыя) ёсьць такая абарончая рыса — калі людзі бачаць у суседа посьпех, то замыкаюцца ў сваёй недастатковасьці. Нават пачынаюць культываваць яе, як чалавек, які песьціць сваю хворую рану. Нага баліць, калі на яе ступаць, а калі легчы, то нібыта яна і не баліць. Хто ведае, можа быць, мы нацыя, вырачаная на гэта.

— Ты доўгі час жыў у Менску і яго ваколіцах, некалькі гадоў пражыў нават у Паўднёвай Амэрыцы, у Эквадоры. Ці існуе для цябе такі геаграфічны панятак, як правінцыя?

— Паняткі правінцыі і сталіцы існуюць толькі ў імпэрыі. Як толькі заканчваецца імпэрыя, зьнікаюць і яны. Пакуль савецкая імпэрыя існуе ў людзкіх галовах, у тых самых галовах застаецца падзел на правінцыі і сталіцы. Прычым, яны бываюць розныя. Калі глядзіш амэрыканскае кіно, то бачыш, як бостанец, што прыяжджае ў штат Айдаха, трапляе ў культурную правінцыю. Жыхар Лос-Анджэлесу, прыяжджаючы туды ж, трапляе ў правінцыю тэхналягічную. А жыхар Нью-Ёрку прыяжджае ў фінансавую правінцыю. Інакш кажучы, у сучасным варыянце ЗША сталіцаў вельмі шмат. Для пост-савецкага чалавека сталіца, як правіла, адна — Масква. Яна — сталіца культурная, эканамічная, палітычная і г.д.

— Але, прыкладам, для жыхара Горадні Масква даўно не сталіца.

— Для яго сталіца — Варшава. Гэта не прагаворваецца, але гэта ўжо ў мазгах. І ня толькі ў гарадзенцаў. Для большасьці беларусаў сталіца нават не Варшава, а ўвогуле замежная Эўропа. Яна ўспрымаецца сталіцай у дачыненьні да Горадні, Ваўкавыска, Берасьця, Віцебска.

— Наўрад ці беларусы сталі такімі ўжо эўропацэнтрычнымі.

Эўропацэнтрычнасьць гэткая ж кепская, як і маскоўскацэнтрычнасьць. Калі ёсьць цэнтар — будзе і пэрыфэрыя.

— Эўропацэнтрычнасьць гэткая ж кепская, як і маскоўскацэнтрычнасьць. Калі ёсьць цэнтар — будзе і пэрыфэрыя. У свой час сучасная тэрыторыя Нямеччыны была падзеленая на безьліч дзяржаваў. Як жартаваў Гофман, князь адной зь дзяржаваў, выходзячы на балькон, мог зьнюхаць, што варыцца ў суседняга князя на абед. Але яны стварылі ў кожным княстве ўнівэрсытэт, свой сымфанічны аркестар. А колькі ў Беларусі сымфанічных аркестраў — два-тры? Унікальнасьць беларусаў якраз у тым, што мы не зьяднаныя ні рэлігіяй, ні дзяржаўнай ідэалёгіяй. Наш народ спавядае некалькі рэлігійных канфэсій — праваслаўе, каталіцызм, баптызм.

— Такая разнастайнасьць мае свае плюсы і мінусы. Жыць цікава, але калі паўстаюць выпрабаваньні, гэта становіцца праблемай.

— Гэта праўда. Затое пры аднастайнасьці добра працуе таталітарная схема. Яна вельмі эфэктыўная пры зьнешняй пагрозе, што мы назіралі падчас Другой сусьветнай вайны. Усіх загналі ў адзін статак і паслалі на сьмерць. Як пісаў адзін разумны чалавек, Калыма перамагла Бухенвальд. Але і гэта не заўсёды спрацоўвае. Таталітарная імпэрыя інкаў рухнула перад націскам некалькіх соцень гішпанскіх канкістадораў. Часам такі лад жыцьця, пры якім людзі адрозныя рэлігійна і этнічна, больш устойлівы. Тыя ж Злучаныя Штаты Амэрыкі пацьвярджаюць гэта. Дзясяткі розных нацый — мільёны ірляндцаў, мільёны палякаў, мільёны немцаў — яны знайшлі гармонію існаваньня чалавека і дзяржавы. Можа быць, мы ў Беларусі цяпер жывем у такім часе. Лукашэнкаўская дзяржава ня лезе ў прыватнае жыцьцё чалавека. Ёй, хутчэй за ўсё, проста не хапае фінансавых і тэхнічных магчымасьцяў. У прынцыпе, дзяржава дае нейкую ступень незалежнасьці, можна, скажам, весьці сваю гаспадарку.

— Курэй ці сьвіней гадаваць дзяржава не забараняе. А паспрабуй ты выйсьці на вуліцу з палітычным плякатам.

Калі дзяржава пачне душыць рабочых — хто будзе працаваць?

— Дык выходзіў у Краснасельскім Юры Красоўскі — зь бел-чырвона-белым сьцягам. Ён у яго закруціўся — і нічога яму дзяржава не зрабіла. Зь дзясятак міліцыянтаў прыбегла, а ён ім сказаў: «Сьцяг — мая ўласнасьць, што хачу, тое на сябе і апранаю». І ад яго адчапіліся. Ён звычайны рабацяга. Калі дзяржава пачне душыць рабочых — хто будзе працаваць?

— А наколькі беспраблемна ў Краснасельскім жывецца табе? Ты адчуваеш, што знаходзісься ў гушчыні народу?

— Я — аўтахтон, я тут нарадзіўся, мяне тут усе ведаюць. Праблема мне бачыцца ў тым, што мы не разумеем сам панятак «народ». Што такое гэты самы народ? Вось, скажам, старажытныя цюркі падзялялі ўсіх на ханаў, народ і насельніцтва. Так і пісалі ў кожнай грамаце — аксіок (народ) і карабудун (чорныя людзі). Народам называлі сьвядомую частку людзей. У нас гэта была шляхта, якую вынішчылі пад корань. Падкрэсьлю, шляхта была нашым народам, а пазьней народам сталі называць народанасельніцтва, вось у чым памылка. Народанасельніцтва — не народ. Народ — гэта тое, што народжвае, што дзяржаватворнае. Калі некалькі адсоткаў цяперашніх сьвядомых беларусаў створаць дзяржаву, яны і будуць народам. Я сябе лічу часткай народу. Безь мяне народ няпоўны, і я без народу няпоўны.

— А хіба стварэньне і ўмацаваньне дзяржавы — ня клопат дзяржаўнай улады?

Цяперашняя Рэспубліка Беларусь ня ёсьць дзяржавай беларусаў.

— Цяперашняя Рэспубліка Беларусь ня ёсьць дзяржавай беларусаў. Гэта дзяржава калябарантаў. Гэта трагэдыя любога забранага народу. А мы працягваем быць забраным народам. Расейская імпэрыя працягвае трымаць нас у сваіх кіпцюрах. І будзе трымаць, пакуль мае сілу. Я ў гэтым пераканаўся, калі пачалася расейская агрэсія ва Ўкраіне. Гэта настолькі мяне ўразіла і да гэтай пары прыгнятае, што я не магу пісаць ужо больш за два гады. Я ўзгадваю філёзафа Канта, які ў пэрыяд акупацыі Кёнігсбэргу арміяй імпэратрыцы Елізаветы не напісаў аніводнага радка. Украінскую сытуацыю я экстрапалюю на нас і разумею, што як толькі мы куды-небудзь тузанемся — яны прыйдуць. І супрацьстаяць ім ня будзе каму.

— Ёсьць жа войска беларускае, вучэньні рэгулярна праходзяць.

— У Беларусі калябаранцкая ўлада, адпаведна і войска калябаранцкае. Недалёка ад Краснасельскага, у Росі, быў аэрадром, ваенныя самалёты стаялі. Каб іх падрыхтаваць да вылету, трэба было пяць гадзінаў. А за чатыры гадзіны польскія дэсантнікі нават не даехалі б, проста дабеглі б да таго аэрадрома! Пра якое войска гаворка... Гюстаў Лебон пісаў, як можна зьнішчыць самую вялікую нацыю. Трэба ўзяць сто найлепшых муляраў, сто найлепшых цесьляроў, сто найлепшых найлепшых пісьменьнікаў, сто найлепшых навукоўцаў, сто найлепшых мастакоў і г.д. — і расстраляць. І нацыя перастане існаваць. Так у нас і адбылося. Прычым, неаднойчы. І гэтая траўма будзе яшчэ вельмі доўга адчувацца.

— Ад траўмаў гістарычных давай пяройдзем да траўмаў асабістых. Калі табе не далі прэмію Гедройца, цябе гэта моцна траўмавала?

Старшыня прыўладнага Саюзу пісьменьнікаў Чаргінец забараніў «Мастацкай літаратуры» выдаваць мае кнігі.

— Траўмавала. Я ня тое што хацеў прэмію, але дзесяць тысячаў эўра — гэта для мяне фантастычная сума, яна адкрыла б для мяне неверагодныя магчымасьці. Траўмаваў мяне і выступ Валянціна Акудовіча, які проста са сцэны абазваў мяне бамжом... А праз пару месяцаў пасьля Гедройца старшыня прыўладнага Саюзу пісьменьнікаў Чаргінец забараніў «Мастацкай літаратуры» выдаваць мае кнігі. Гэта была другая, вельмі моцная траўма, і яны наклаліся адна на адну. Я тую чорную паласу вельмі цяжка перажыў. Мне родная зямля дапамагла акрыяць, людзі, якія тут жывуць, беларусы. Я перакананы, пакуль мы гаворым на роднай мове, мы яшчэ не прапалі. Мы яшчэ пазмагаемся. Бо, як слушна калісь заўважыў Ядвігін Ш., «мова — кроў народу». Калі народ гаворыць на сваёй мове — гаворыць яго кроў, не чужая, а свая. І гэтым усё сказана.

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопісу «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Вядзе аўтарскую праграму «Вольная студыя» на Радыё Свабода.  Сябра СБП і БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG