Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рыгор Грык: «Калі б прайшоў у парлямэнт, хадзіў бы туды ў канцлягернай робе»


Мінак фатаграфуе бел-чырвона-белыя сьцягі ў цэнтры Баранавічаў

Мінак фатаграфуе бел-чырвона-белыя сьцягі ў цэнтры Баранавічаў

У Баранавічах адбыўся пікет па зборы подпісаў за вылучэньне кандыдатамі ў парлямэнт «актывіста ў турэмнай робе» Рыгора Грыка і актывісткі БХД Тацяны Малашчанкі.

Пікет пад бел-чырвона-белымі сьцягамі ў самым цэнтры гораду выклікаў цікавасьць у людзей, актывісты ж казалі, што даўно беспакарана ў Баранавічах не было мажлівасьці ўзьняць нацыянальныя сымбалі.

Арганізатар пікету Рыгор Грык, вядомы як «актывіст у турэмнай робе», гэтым разам таксама апрануў паласатую вопратку. У гутарцы з журналістам Свабоды актывіст распавёў, што выкарыстоўвае выбарчую кампанію як магчымасьць выйсьці на плошчу ды стаяць пад бел-чырвона-белым сьцягам:

Рыгор Грык: «У канцлягеры немагчыма, каб былі выбары»

Рыгор Грык: «У канцлягеры немагчыма, каб былі выбары»

«Калі б прайшоў у парлямэнт, хадзіў бы туды ў канцлягернай робе. Але ж прайсьці туды немагчыма, таму я сабе такую мэту і ня стаўлю. Я буду здымацца, бо лічу, што выбараў у нашай краіне няма. У канцлягеры немагчыма, каб былі выбары».

Многія мінакі пазнавалі Рыгора Грыка па ягонай вопратцы, у якой ён прыходзіць на ўсе акцыі. Іншыя ж пыталіся, чаму ён так апрануты, на што актывіст тлумачыў сваю пазыцыю, што «у Беларусі няма свабоды, што і сымбалізуе гэтае адзеньне».

Некаторыя людзі ўжо пазнаюць Рыгора Грыка па яго турэмнай вопратцы

Некаторыя людзі ўжо пазнаюць Рыгора Грыка па яго турэмнай вопратцы

Побач з Грыкам разгарнула свой пікет і патэнцыйная кандыдатка ад правацэнтрысцкай кааліцыі Тацяна Малашчанка. У камэнтары Свабодзе спадарыня таксама выказалася, што ня мае ілюзіяў наконт магчымасьці трапіць у парлямэнт:

Тацяна Малашчанка агітуе падпісвацца ня толькі за кандыдатаў, але і ў падтрымку беларускай мовы

Тацяна Малашчанка агітуе падпісвацца ня толькі за кандыдатаў, але і ў падтрымку беларускай мовы

«Мы больш акцэнтуемся на зборы подпісаў за беларускую мову. Людзей, якія падыходзяць, і кажуць, што ня хочуць удзельнічаць у гэтых выбарах, мы просім падпісвацца ў падтрымку роднай мовы. Такім чынам мы знайшлі ўжо шмат аднадумцаў, пашырылі сваю базу кантактаў, потым будзем запрашаць гэтых людзей на свае акцыі, фэсты. Нашая задача — пашырыць кола беларускасьці».

Рыгор Грык зьбірае подпісы, але кажа, што плянуе здымацца

Рыгор Грык зьбірае подпісы, але кажа, што плянуе здымацца

Старшыня баранавіцкай арганізацыі ТБМ Мікола Падгайскі распавёў, што ў часе выбарчай кампаніі актывісты сабралі ўжо больш за 200 кантактаў прыхільнікаў беларускай мовы ў Баранавічах.

Пікет у цэнтры гораду доўжыўся некалькі гадзінаў. Акцыя адбылася без інцыдэнтаў, толькі невядомы ў цывільным паздымаў прысутных на відэакамэру.

Невядомы ў цывільным прыйшоў паздымаць пікет на відэакамэру

Невядомы ў цывільным прыйшоў паздымаць пікет на відэакамэру

Мінакі ж спыняліся, дыскутавалі з патэнцыйнымі кандыдатамі пра палітыку, мову, некаторыя фатаграфавалі пікет на свае мабільныя тэлефоны.

XS
SM
MD
LG