Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Гарадзенскія прадпрымальнікі чакаюць масавых праверак пасьля выбараў


На гарадзенскім рынку «Цэнтральны»

На гарадзенскім рынку «Цэнтральны»

Гарадзенскія прадпрымальнікі, якія працуюць на гарадзкіх рынках, кажуць, што зацішша з праверкамі індывідуальных прадпрымальнікаў на рынках скончылася, а пасьля выбараў яны чакаюць больш пільнай увагі з боку падатковых органаў.

Дарма што летні сэзон у разгары, гарадзенскія рынкі ня вельмі людныя. Гандляры скардзяцца, што пакупнікоў мала, і многія крамкі пустуюць, бо цяпер сэзон адпачынкаў.

Паводле некаторых прадпрымальнікаў, частка гандляроў невыпадкова пайшла на адпачынак якраз зь 1-га ліпеня. Акурат у гэты час павінен быў скончыцца мараторый на праверкі, а ўказ № 222 дагэтуль не скасаваны.

Спадар Васіль гандлюе на рынку «Цэнтральны» джынсамі. Паводле яго словаў, людзі баяцца, што будуць канфіскоўваць тавар, як гэта было ў лютым. Таму яны і спрабуюць такім чынам падстрахавацца:

«Шмат хто са страхам чакае ад падаткавікоў новых рэпрэсій і ніхто дакладна ня ведае, што потым будзе. Адзінае, што я добра ведаю, — з праверкамі і канфіскацыямі людзі працаваць ня будуць. А ў дакумэнтах на тавар з Расеі ніхто канчаткова ня ўпэўнены. Прыйдуць дый ізноў скажуць, што сэртыфікаты не адпавядаюць патрабаваньням. А іншых няма».

Спадарыня Аліна далучаецца да нашай размовы і кажа, што асобныя праверкі ўжо пачаліся. Учора ў яе рабілі кантрольную закупку. Прытым, як заўсёды, з хітрасьцю. А ў панядзелак трэба ісьці ў падатковую — будуць выпісваць штраф.

«Дзьве маладыя дзяўчыны, задурылі мне галаву з цэнамі на кожны асартымэнт тавару, па 10 разоў пыталіся, што і для чаго, а я ў выніку ня выпісала ім чэк. Але галоўнае, што потым, калі яны мне прадставіліся, то запатрабавалі сэртыфікаты. Вось гэта і ёсьць кропкавая праверка», — тлумачыць яна.

Спадар Аляксей, які працуе побач, кажа, што падобныя кропкавыя праверкі былі яшчэ ў некалькіх месцах, і прадпрымальнікам таксама выпісалі штраф. Паводле яго, многіх падаткавікоў яны ведаюць з твару і ўжо ня раз бачылі, як тыя ходзяць па рынку, прыглядаюцца, але пакуль ня робяць ніякіх масавых захадаў.

«На маю думку, да канца выбараў масавых праверак ня будзе — яны баяцца гэта цяпер рабіць, каб мы тут падчас выбарчай кампаніі не ўзбунтаваліся, а таму знадворку выглядае, што масавых праверак нібыта няма, але тым часам відаць, што сытуацыю пільнуюць», — мяркуе прадпрымальнік.

Яшчэ адзін спадар, які гандлюе мужчынскімі курткамі, перакананы, што калі пачнуцца канфіскацыі, то палова рынку напэўна зьнікне, бо ніхто з Расеі сэртыфікатаў ня возіць, бо іх, паводле яго, як не было, так і няма.

«У нас цяпер улетку продажы горшыя, чым некалькі гадоў таму былі ўзімку — ніхто нічога не купляе, і нічога не зьмяняецца. Я хацеў ісьці шукаць працы, але вось тут суседзі хадзілі шукалі — то няма сэнсу. Нікому ты ў 50 год не патрэбны, нават грузчыкам ніхто не бярэ. Страшна, бо нават ня ведаеш, як да тае пэнсіі дажыць, і відаць, што і да новага году многія такія, як я, не дацягнуць на рынку», — дзеліцца сваёй трывогай мужчына.

Размова з прадпрымальнікамі выходзіць даволі пэсымістычная. Людзі ня маюць пэўнасьці наконт сваёй будучыні, баяцца, многія проста ня ведаюць, што рабіць. Спадар Юры разам з жонкай на рынку ўжо 20 год, але пэнсійнага веку яшчэ не дасягнулі. Яны кажуць, што цяпер, як ніколі, прадпрымальнікі разьяднаныя.

«Прадпрымальнікі павінны аб’яднацца і заявіць пра сябе. Таксама і падчас выбарчай кампаніі. Але відавочна, што ніхто на гэта не настроены. З нашых калегаў нават у дэпутаты ніхто не вылучаецца, бо загадзя ведаюць, што туды ня трапяць, а праца можа зьнікнуць. Цяжкія часы мы цяпер перажываем, вельмі цяжкія», — скардзіцца спадар.

Кажу, што людзі зьехалі, відаць, на адпачынак у цёплыя краіны. Аднак мне ў адказ толькі пасьмейваюцца. Спадарыня Валянціна кажа, што час адпачынку ў цёплых краінах для бальшыні прадпрымальнікаў ужо скончыўся.

«Сядзяць на лецішчах сваіх, гуркі зьбіраюць, ходзяць у ягады і ў грыбы, бо за гэта яшчэ плаціць ня трэба. А ў Турэччыну і Эгіпет толькі адзінкі едуць. Усё, няма на гэта сродкаў, скончыўся той час, калі мы маглі нават па два разы на год выяжджаць на адпачынак. Цяпер працы няма, і адпачынку быць ня можа».

Паводле дадзеных Міністэрства эканомікі, ужо 1 красавіка ў Беларусі зарэгістравалі на 9 тысяч ІП меней, чым летась. Многія спрабуюць шукаць працу ў іншых краінах.

XS
SM
MD
LG