Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз занепакоены ўвядзеньнем надзвычайнага становішча ў Турэччыне


Праўрадавая дэманстрацыя ў Анкары 20 ліпеня.
Праўрадавая дэманстрацыя ў Анкары 20 ліпеня.

Прадстаўнік Эўразьвязу ў замежных справах і палітыцы бясьпекі Фэдэрыка Магерыні і камісар ЭЗ ў справах палітыкі суседзтва і пашырэньня Ёганэс Ган заклікалі Анкару прытрымлівацца вяршэнства права, паважаць правы чалавека і асноўныя свабоды, у тым ліку і права на справядлівы суд.

Высокія чыноўнікі Эўразьвязу заявілі, што Брусэль ўважліва сочыць за разьвіцьцём сытуацыі ў Турэччыне пасьля спробы перавароту, якую ЭЗ асудзіў. Магерыні і Ган адзначаюць, што абвешчанае надзвычайнае становішча дае выканаўчай уладзе найшырэйшыя паўнамоцтвы ў кіраваньні краінай. Аднак паводле турэцкай канстытуцыі, фундамэнтальныя правы недатыкальныя нават пры надзвычайным становішчы.

У ноч на 21 ліпеня ў Турэччыне ўступіла ў сілу трохмесячнае надзвычайнае становішча. Прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Эрдаган заявіў, што гэты крок неабходны і не парушае вяршэнства закона ці асноўных свабодаў грамадзян.

Улады кажуць, што надзвычайнае становішча дазволіць ім прымаць хуткія і эфэктыўныя меры супраць асоб, адказных за няўдалы вайсковы пераварот, спроба якога адбылася на мінулым тыдні. У выніку больш за 260 чалавек загінулі і 1500 параненыя.

Урад Эрдагана сьцьвярджае, што да спробы дзяржаўнага перавароту прывёў «ракавы вірус» у дзяржапараце. Гэтым урад абгрунтоўвае масавыя чысткі ў дзяржаўных установах.

Парлямэнт Турэччыны 21 ліпеня ўхваліў надзвычайнае становішча 356 галасамі дэпутатаў супраць 115.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG