Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Wired: кампанія Apple дапамагла ў арышце стваральніка самага папулярнага торэнт-трэкера ў сьвеце


У Польшчы на запыт амэрыканскіх уладаў быў затрыманы грамадзянін Украіны Арцём Ваулін, якога вінавацяць у парушэньні аўтарскіх правоў.

Як паведамляе на сваім сайце Міністэрства юстыцыі ЗША, мяркуецца, што Ваулін — уладальнік камэрцыйнага сайту Kickass Torrents (KAT), які ад 2008 году дазваляе карыстальнікам незаконна капіяваць і распаўсюджваць сотні мільёнаў абароненых аўтарскім правам фільмаў, відэагульняў, тэлевізійных праграмаў і музычных запісаў.

«Мяркуецца, што Арцём Ваулін кіраваў усясьветным сайтам лічбавага пірацтва, які скраў больш за мільярд даляраў прыбытку ў забаўляльнай індустрыі ЗША», — цытуе сайт Міністэрства юстыцыі прадстаўніка амэрыканскага ўраду Пітэра Эджа.

Выданьне Wired зьвяртае ўвагу на тое, што паводле судовай скаргі, выкрыцьцю Вауліна паспрыяла інфармацыя ад кампаніі Apple. Сьледчыя кантактавалі з KAT пад выглядам рэклямадаўцаў. Яны супаставілі IP-адрас, зь якога заходзілі на Facebook-старонку KAT, з адрасам, адкуль заходзілі на музычны сэрвіс iTunes, што належыць Apple.

Kickass Torrents на сёньня, імаверна, самы папулярны торэнт-трэкер у сьвеце. Дакладна параўнаць аўдыторыі торэнт-трэкераў цяжка: некалі самы папулярны The Pirate Bay апошнімі гадамі блякуецца ў шэрагу краінаў, рэгулярна пазбаўляецца дамэнаў і працуе праз сыстэму сайтаў-люстэркаў.

XS
SM
MD
LG