Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці перашкодзіць шанцам Трампа раскол сярод рэспубліканцаў?


Дональд Трамп і Майк Пэнс.

Дональд Трамп і Майк Пэнс.

Якія асаблівасьці мае сёлетні зьезд Рэспубліканскай партыі ЗША? Абмяркоўваюць Уладзімер Глод, Юры Дракахруст і Валер Карбалевіч.

Дракахруст: Заўчора, як і чакалася, зьезд рэспубліканскай партыі ЗША зацьвердзіў Дональда Трампа кандыдатам ад партыі на прэзыдэнцкіх выбарах, якія адбудуцца 8 лістапада.

Аднак раскол у партыі захоўваецца. Нагадаю, што ў першы ж дзень зьезду апанэнты Трампа спрабавалі зьмяніць парадак галасаваньня дэлегатаў, каб даць шанец іншаму кандыдату. Гэта «пераварот» не атрымаўся, аднак учора адбылася яшчэ адна нечаканасьць. Паводле традыцыі пасьля таго, як зьезд зацьвярджае кандыдата, усе ягоныя супернікі па праймэрыз з трыбуны зьезду заклікаюць выбаршчыкаў галасаваць за гэтага кандыдата.

Супернікам Трампа, які апошнім сышоў з дыстанцыі праймэрыз, быў сэнатар Тэд Круз. Выступаючы на зьезьдзе, ён, парушыўшы традыцыю, не заклікаў галасаваць за Трампа. Круз сказаў: «Мы заслугоўваем прынцыповых лідэраў, якія здольныя аб’яднаць нас, якія кіруюцца любоўю, а ня гневам. Галасуйце так, як падказвае вам сумленьне».

Але зусім ня факт, што апазыцыя часткі партыйнага істэблішмэнту ды і партыйных масаў зробяць такую ўжо шкоду Трампу. Як бы не наадварот. Незадаволенасьць істэблішмэнту можа наадварот даваць галасы простага люду.

У чым рэспубліканцы на зьезьдзе былі адзіныя — дык гэта ў крытыцы дзейнага прэзыдэнта Барака Абамы і кандыдаткі ад дэмакратаў Гілары Клінтан. Прамоўцы ў чарговы раз прыгадвалі гісторыю з электроннымі лістамі, якія Клінтан, калі была дзяржсакратаром, рассылала з неналежных паштовых скрыняў, забойства ў Лібіі амэрыканскага пасла, нават зьнявагі на адрас кандыдаткі ад дэмакратаў заля сустракала вітальнымі крыкамі.

Паводле апытаньняў Клінтан зараз мае большую падтрымку ў грамадзтве, чым Трамп, але разрыў скарачаецца, калі месяц таму яе рэйтынг пераўзыходзіў рэйтынг Трампа на 12 працэнтных пунктаў,то зараз ён складае па розных апытаньнях ад трох да сямі пунктаў.http://www.politico.com/story/2016/07/3-polls-clinton-maintains-advantage-over-trump-225671

Гэта ўжо зусім няшмат, перамога Клінтан ужо не выглядае перадвызначанай. Да таго ж на яе падае цень палітыкі цяперашняга прэзыдэнта, любы крызіс, нават кшталту забойства паліцэйскіх у Даласе, будзе класьціся цяжарам на Клінтан.

каманды дарадцаў Трампа дамаглася выключэньня з партыйнай плятформы, прынятай на зьезьдзе, фармулёўку аб прадстаўленьні Ўкраіне лятальнай зброі. Фармулёўка была зьмененая на прадстаўленьне неабходнай дапамогі

Яшчэ адзін цікавы сюжэт зьезда рэспубліканцаў, тое, што каманды дарадцаў Трампа дамаглася выключэньня з партыйнай плятформы, прынятай на зьезьдзе, фармулёўку аб прадстаўленьні Ўкраіне лятальнай зброі. Фармулёўка была зьмененая на прадстаўленьне неабходнай дапамогі.

Але я ня думаю, што гэта азначае, што Трамп, калі яго абяруць прэзыдэнтам, будзе дагаджаць Маскве. Ён проста ня хоча зьвязваць сабе рукі. У сваёй кнізе ён пісаў, што яго тактыка перамоваў — высьветліць спачатку перамоўную пазыцыю партнэра.

Ці шкодзіць шанцам Трампа раскол у рэспубліканскай партыі? Ці мае ён шанцы на перамогу? Ці будзе ён патураць Маскве?

Карбалевіч: Найперш, зьвяртае на сябе ўвагу тое, што Дональд Трапм вылучыў кандыдатам ў віцэ-прэзыдэнты губэрнатара штату Індыяна Майка Пэнса. Паводле ўсіх правілаў паліттэхналёгіяў віцэ-прэзыдэнт павінен быць у нечым антыподам кандыдата ў прэзыдэнты. То бок, быць з іншага палітычнага флянгу, каб ахапіць максымальнае электаральнае поле.

Памятаеце, як падчас першых дэмакратычных выбараў прэзыдэнта Расеі Барыс Ельцын узяў у якасьці віцэ-прэзыдэнта не яскравага дэмакрата, а Аляксандра Руцкога, вайскоўца, героя Савецкага Саюзу. Бо трэба было ахапіць ня толькі дэмакратычны электарат, а і цэнтрыстаў, людзей арыентаваных на савецкія каштоўнасьці.

Ці, напрыклад, узгадаем, як на прэзыдэнцкіх выбарах 2008 году кандыдат ад рэспубліканцаў Джон Макейн узяў кандыдатам у віцэ-прэзыдэнты губэрнатара штату Аляска Сару Пэйлін, адносна маладую жанчыну. То бок, сваю процілегласьць, бо сам ён быў на той момант чалавекам сталага веку.

Майк Пэнс павінен будзе ўраўнаважваць радыкальную рыторыку Трапа больш узважанай пазыцыяй

Вось і цяпер Майк Пэнс павінен будзе ўраўнаважваць радыкальную рыторыку Трапа больш узважанай пазыцыяй. Аналітыкі пішуць, што вылучэньне Пэнса кандыдатам партыі ў віцэ-прэзыдэнты павінна збольшага супакоіць яе кансэрватыўнае крыло. Да таго ж Пэнс прадстаўляе адносна вялікі штат прамысловага сярэдняга захаду ЗША.

Што тычыцца пэрспэктываў прэзыдэнцкіх выбараў. Некаторыя аналітыкі кажуць, што сацыялягічныя апытаньні, якія даюць перавагу кандыдатцы дэмакратаў Гілары Клінтан, могуць моцна скажаць карціну. Бо некаторыя рэспандэнты саромеюцца публічна прызнацца, што сымпатызуюць Трампу, у людзях моцна сядзіць вонкавая паліткарэктнасьць. А Трамп сваімі выказваньнямі яе разбурае. А вось калі чалавек застанецца адзін на адзін з выбарчым бюлетэнем, ён можа рэалізаваць свае тайныя сымпатыі да Трампа

Глод: На мой погляд, галоўнае, што адбылося на зьезьдзе, гэта вызначэньне лёзунгу, альбо, як цяпер кажуць, слогану выбарчай кампаніі Дональда Трампа. Фактычна галоўная ідэя сфармуляваная так: «Вярнуць веліч Амэрыцы». Я думаю, гэта вельмі ўдалая ідэя. Амэрыка апрыёры застаецца наймацнейшай краінай сьвету. Аднак пры прэзыдэнце Абаму гэты імідж пачаўся хістацца.

Таму тут Трамп трапляе ў самы пункт незадаволенасьці грамадзянаў Злучаных Штатаў. Нягледзячы на тое, хто яны — рэспубліканцы ці дэмакраты. Былая веліч ЗША — вельмі прывабная для выбарцаў ідэя. А значыць, і дадатковыя галасы кандыдату ад рэспубліканцаў.

Канечне, зьезд у Кліўлэндзе паказаў, што праціўнікі Трампа існуюць і ўнутры Рэспубліканскай партыі. Аднак яны ня здолелі зьмяніць правілы, каб у форуму быў і альтэрнатыўны кандыдат. Некаторыя экспэрты, асабліва ў Расеі, лічаць гэта сур’ёзным расколам у партыі. На маю думку, гэта не зусім аб’ектыўная ацэнка. Так, пэўны раскол існуе. Але назваць яго сур’ёзным, я думаю, памылкова.

Нават тыя, каму мільярдэр ня вельмі падабаецца, мусяць ацаніць лічбы. А яны на карысьць Трампа. У ходзе першасных выбараў за яго прагаласавалі 14 мільёнаў выбарцаў

Нават тыя, каму мільярдэр ня вельмі падабаецца, мусяць ацаніць лічбы. А яны на карысьць Трампа. У ходзе першасных выбараў за яго прагаласавалі 14 мільёнаў выбарцаў, а за яго бліжэйшага перасьледніка Тэда Круза — амаль удвая меней.

Трамп набраў амаль утрая больш галасоў выбарцаў, чым Круз — 1543 супраць 559.

І самае галоўнае, калі казаць выключна пра зьезд, Трамп здолеў увесьці некалькі сваіх важнейшых ідэяў у праграму партыі. Узгадайце,колькі шуму было, калі Трамп упершыню агучыў ідэю аб будаўніцтве муру на мяжы з Мэксыкай. А ў Кліўлэндзе рэспубліканцы зрабілі гэту прапанову адным з пунктаў сваёй партыйнай праграмы. Многія называюць гэты крок папулісцкім. Ну і што з гэтага? У амэрыканскім грамадзтве ўзмацніліся антыімігранцкія настроі. І Трамп гэтым скарыстаўся.

У праграме таксама гаворыцца аб падтрымцы рэспубліканцамі вайсковай дапамогі Ўкраіне і магчымасьці ўвядзеньня новых санкцый супраць Расеі. І ў гэтым ключы захады рэспубліканцаў больш радыкальныя за захады дэмакратаў.

Сёньня ў праграме «Эўраньюс» агучылі наступныя лічбы: за Клінтан гатовыя галасаваць 42% амэрыканцаў, за Трампа — 40%. Як бачыце, разрыў скарачаецца. Магчыма, гэта і ёсьць рэха рэспубліканскага зьезду.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

XS
SM
MD
LG