Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня 22 ліпеня 2016: У Менск прывязуць цела Паўла Шарамета, 80-годзьдзе Вячаслава Чамярыцкага


Падзеі і даты гэтага дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

Афіша:

У Кіеве ва Ўкраінскім доме пройдзе цырымонія разьвітаньня з Паўлам Шараметам. Цырымонія пачнецца аб 11-й і завершыцца а 14.00. Потым цела Паўла будзе дастаўлена ў Менск, у храм Усіх святых. Пахаваньне адбудзецца 23 ліпеня на Паўночных могілках побач з бацькам.

У Гарадку на Падляшшы пачынаецца двухдзённы фэстываль музыкі беларускай моладзі "Басовішча". Пачатак канцэртаў а 16.30.

У Вілейцы адбудзецца ўрачыстае закрыцьцё пленэру маладых скульптараў. Пачатак а 15.30.

У вёсцы Вішнева Смаргонскага раёну пачнецца трохдзённы штогадовы зьлёт байкераў зь Беларусі, Літвы, Украіны, Польшчы і Расеі. Пачатак а 17.00.

У дворыку на плошчы Свабоды, 4 пройдзе канцэрт гурта «BosaeSonca» разам з фіналістамі конкурсу «Засьпявай 3.0» — Ганнай Крамер, Антосем Звычайным і «Mk-band». Пачатак а 19.00.

У гісторыі:

1887 — нарадзіўся Януш Корчак, польскі пэдагог, пісьменьнік, лекар і грамадзкі дзяяч. У нацысцкім канцлягеры Трэблінка ён адмовіўся ад прапанаванай свабоды, застаўся са сваімі выхаванцамі і прыняў зь імі сьмерць у газавай камэры.

1918 — сфармаваны Урад БНР на чале зь Янкам Серадой. У адрозьненьне ад іншых кіраўнікоў БНР Серада не пакінуў Беларусі. У 1930 быў арыштаваны паводле абвінавачаньня ва ўдзеле ў «Саюзе вызваленьня Беларусі» і сасланы ў Яраслаўль тэрмінам на пяць гадоў. У 1941 годзе яму быў вынесены паўторны прысуд —10 гадоў пазбаўленьня волі. Янка Серада памёр у 1943 годзе ў нявысьветленых абставінах.

1919 — нарадзіўся Міхаіл Булахаў, беларускі мовазнаўца. Аўтар больш за 300 працаў па расейскай, беларускай і іншых славянскіх мовах і па лінгвістычнай тэорыі.

1936 — нарадзіўся Вячаслаў Чамярыцкі, беларускі літаратуразнаўца.

1944 — створаны напярэдадні ў Холме каля Любліну Польскі камітэт нацыянальнага вызваленьня выдаў Маніфэст да польскага народу, у якім сфармуляваў праграму пабудовы народна-дэмакратычнай Польшчы. Праз чатыры дні ўрад СССР падпісаў пагадненьне з Камітэтам, прызнаючы яго ўладай на вызваленай ад гітлераўцаў польскай тэрыторыі. Пад канец 1944 году Камітэт быў ператвораны ў Часовы ўрад. У камуністычны пэрыяд дата 22 ліпеня адзначалася як Сьвята незалежнасьці краіны.

1997 — карэспандэнт расейскага тэлеканалу ОРТ Павал Шарамет і апэратар Дзьмітры Завадзкі арыштаваныя ўладамі Беларусі з нагоды парушэньня беларуска-літоўскай мяжы.

2011 — у Нарвэгіі Андэрс Брэйвік зрабіў два тэрарыстычныя напады, забіўшы 87 чалавек.

Цытата:

«Раскажу, хоць людзі ня звыклі,

Будуць лаяць: маўляў, маўчы!

Ехаў казачнік на матацыкле.

Без глушыльніка. Уначы.

На ўсёй хуткасьці лётаў у сьне.

Па ім плакаў будынак жоўты...

— Баяць ці не?

— Ды пайшоў ты!..

Зараз будзе яму праблема:

неба ў краткі, адзежа ў паскі!

Бач, разьезьдзіўся тут бяз шлема

і — бяз каскі! — развозіць казкі!

Лепш пяяў бы на старане!

Хто прачнуўся, вельмі сярдзіты.

— Баяць ці не?

— Ды йдзі ты!..»

Андрэй Хадановіч, фрагмэнт верша «Ехаў казачнік-байкер»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG