Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракурор, які курыраваў справу Гангадзэ, – пра шанцы сьледзтва ў забойстве Шарамета


Кветкі на месцы забойства журналіста Паўла Шарамета. Кіеў, 21 ліпеня 2016 году

Ва Ўкраіне дагэтуль не расьсьледаваныя найбольш рэзанансныя злачынствы апошняга часу — забойства журналіста Алеся Бузіны ды гібелі былых дэпутатаў Партыі рэгіёнаў Алега Калашнікава, Аляксандра Пяклушэнкі, Міхайла Чэчатава і Станіслава Мельніка.

Ці ёсьць шанцы знайсьці і пакараць забойцаў беларускага журналіста Паўла Шарамета? Пра гэта — у размове зь Міколам Галомшам, колішнім намесьнікам генэральнага пракурора Ўкраіны, які курыраваў расьсьледаваньне найбольш рэзанансных крымінальных спраў — пра забойства журналіста Георгія Гангадзэ і атручэньне Віктара Юшчанкі.

— Спадар Мікола, як хутка сьледзтва ў справе забойства Паўла Шарамета можа атрымаць першыя вынікі?

— Гэта трэба зрабіць з гарачага сьледу — на працягу 3-10 дзён, не пазьней, бо потым ужо губляюцца доказы. Праз 10 дзён сьледзтва ўжо пераходзіць у аналітычна-пошукавую форму працы. Я спадзяюся, што на працягу трох дзён мы можам мець ужо першыя вынікі расьсьледаваньня і пошуку злачынцаў.

Мікола Галомша

Мікола Галомша

— Калі на працягу гэтага тэрміну ня будзе вынікаў, справа застанецца незавершанай, і ня будзе шанцаў адшукаць і пакараць злачынцаў?

— Выключаць нічога нельга, але мы спадзяёмся, што справа будзе хутка расьсьледаваная. Калі гэта спэцапэрацыя з боку або пры дапамозе нашага ўсходняга суседа, то вядома, што яны працуюць такім чынам, каб заблытаць сьледзтва і ўсе сьляды, каб ніхто ня мог выйсьці на рэальных забойцаў і заказчыкаў. Але я спадзяюся, што менавіта гэтыя магчымасьці раскрыцьця справы з гарачага сьледу нададуць нашым сьледчым адпаведныя магчымасьці дзейнічаць старанна і хутка. На мой погляд, у кожнага нашага праваахоўніка зьявілася думка, што ў гэтай справе патрэбна паставіць кропку. Вось пра забойства Алеся Бузіны ўсе кажуць, што яно не раскрываецца. А як яно можа быць раскрытым? Каму было выгадна яго забойства, забойства ўкраінафоба? Ад каго ён атрымліваў гранты, каб пісаць дурноту, накіраваную супраць Украіны? Вядома, усходняму суседу. Магчыма, я яго сам недалюбліваў як чалавека, які ненавідзеў украінства і як чалавека, які псаваў і руйнаваў нашу гісторыю, але як грамадзяніна Ўкраіны мне яго шкада, хай бы сабе жыў са сваімі думкамі. Але каму было выгадна яго забойства? Забойства Калашнікава, які зьбіваў журналістаў і браў грошы ў Партыі рэгіёнаў, — відавочна, грошы скончыліся, шантаж. Каму выгадна? Вядома каму. Далей той жа Чэчатаў... Т акія злачынствы раскрываюцца цяжка, бо гэта спэцапэрацыя і яна выконваецца спэцыялістамі. На вялікі жаль, нельга цяпер зазірнуць у ў вочы любому сьледчаму, апэратыўніку і дадаць яму досьведу ў расьсьледаваньні. Зь іншага боку, Украіна — гэта дзяржава, якой не былі ўласьцівыя ні тэракты, ні такія спэцапэрацыі, гэта выключна тэматыка, пазычаная ад Расеі. Спрадвеку яны адрозьніваюцца такой дзёрзкасьцю і такімі «вынаходзтвамі» ў расправе зь нязгоднымі. Як будзе — пабачым. Але вельмі шкада, што паліцыю ўзначальваюць людзі, якія наагул ня маюць ніякага ўяўленьня пра расьсьледаваньні. Дзякуй Богу, што на сярэднім узроўні ў органах унутраных спраў засталіся спэцыялісты, якія могуць раскрываць, якія будуць гэта рабіць і ёсьць надзея на гэта.

— Якая мэта прыцягненьня да расьсьледаваньня спэцыялістаў ФБР? Украінскія праваахоўнікі няздатныя правесьці выніковае расьсьледаваньне?

— Няма ніякай праблемы ў прыцягненьні спэцыялістаў любой дзяржавы. Гэта вельмі станоўчы фактар для міжнароднага ўспрыманьня. Чаму? Таму што ў нас фактычна ідзе вайна, і як бы ва Ўкраіне ўлада распраўляліся з журналістамі, то яна не заклікала б нікога, каб схаваць гэтае злачынства. У дадзеным выпадку заклікалі спэцыялістаў ФБР, як спэцыялістаў у галіне выбуховых рэчываў са сваімі магчымасьцямі — экспэртнымі, тэхнічнымі. Наагул любая дапамога не перашкодзіць. Але асноўны цяжар адказнасьці ляжыць на плячах нашых праваахоўнікаў, сярод іх яшчэ ёсьць прафэсіяналы — і ў праваахоўных органах, і ў Службе бясьпекі, і ў пракуратуры. І я перакананы, што яны вельмі актыўна цяпер працуюць.

— Наколькі верагодна, што злачынцы выбіралі сваёй ахвярай Шарамета — ня як асобу, ня як журналіста, а як досыць вядомага чалавека ў трох краінах — Расеі, Беларусі, Украіны — і да таго ж замежніка родам?

Апроч іншага, ёсьць вэрсія тэрарыстычнага акту супраць свабоды слова. І ў гэтым выпадку, я думаю, што гэта было з мэтай дыскрэдытацыі Ўкраіны, пры ўдзеле ці пры садзейнічаньні нашага ўсходняга суседа.

— Думаю, што якраз так. Ёсьць вэрсіі, і іх цэлы шэраг — асабістыя, бытавыя, бізнэсовыя. Апроч іншага, вэрсія тэрарыстычнага акту супраць свабоды слова. І ў гэтым выпадку, я думаю, што гэта было з мэтай дыскрэдытацыі Ўкраіны, пры ўдзеле ці пры садзейнічаньні нашага ўсходняга суседа. Сапраўды і гэта відавочна, што расейскай уладзе выгадна, каб дыскрэдытаваць Украіну перад сусьветнай супольнасьцю. Патлумачу. Першае. Украіна вядзе перамовы аб увядзеньні міратворчага кантынгенту, на ўсходзе ў чарговы раз прыйшла дапамога расейскім наймітам і расейскім войскам, мясцовае насельніцтва падбухторваецца супраць міратворчага кантынгенту. Другое. Маскоўскія папы арганізавалі гэтак званы хрэсны ход напярэдадні разгляду пэтыцыі аб прадастаўленьні нашай царкве кананічнай самастойнасьці. Трэцяе. Падрыхтоўка да Дня Незалежнасьці з дэструктыўнымі захадамі нашага ўсходняга суседа. Дык вось, калі разглядаецца пытаньне аб кананічнасьці нашай царквы, трэба паказаць, што маскоўскія папы адпяваюць нашых герояў Антытэрарыстычнай апэрацыі і такім чынам яднаюць Украіну, хоць відавочна, што яны вядуць антыўкраінскую палітыку ў сваіх цэрквах. Апроч таго, пры такой моцнай падтрымцы Ўкраіны ў сьвеце, трэба паказаць, што тут забіваюць журналістаў. Таму сьвядома абрана асобу вядомую, і з аднаго боку, адначасова кінуць і цень на беларускую ўладу, што гэта яна нібыта ліквідавала нязручнага для яе чалавека, а зь іншага боку, што ва Ўкраіне забіты і чалавек, вядомы ў Расеі. Гэтая вэрсія мае права на жыцьцё. Яна правільна вылучаная. Хаця не адкідаюцца і ўсе іншыя вэрсіі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG