Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларускія турысты спакойна ўспрымаюць надзвычайнае становішча ў Турэччыне


Стамбул, Турэччына

Стамбул, Турэччына

Спроба вайсковага перавароту ў Турэччыне і ўвядзеньне з 20 ліпеня на тры месяцы надзвычайнага становішча ў краіне практычна ніяк не адбіліся на актыўнасьці беларускіх турыстаў.

Як было агучана падчас апэратыўнай нарады ў Міністэрстве спорту і турызму, пасьля няўдалага путчу ў ноч на 16 ліпеня ад забраніраваных тураў адмовіліся прыблізна 2% беларусаў. Але пасьля выходных сытуацыя нармалізавалася і цяпер нават «адказьнікі» просяць вярнуць бронь. «Масавых адмоваў няма», — сказала кіраўніца дэпартамэнту турызму галіновага ведамства Алена Пермінава.

Па яе словах, за апошнія дні супрацоўнікі дэпартамэнту прынялі больш за два дзясяткі тэлефанаваньняў ад тых, хто плянуе адпачынак у Турэччыне. Але пасьля атрыманай кансультацыі ніхто паездку не ануляваў.

Згодна са статыстыкай турапэратараў, летась Турэччына стала самым папулярным кірункам у грамадзянаў Беларусі — на марскіх курортах адпачылі амаль 112 тысяч чалавек. Сёлета гэтая лічба магла быць яшчэ большай: у адсутнасьць турыстаў з Расеі, якім да 1 ліпеня было забаронена выяжджаць у Турэччыну з прычыны шырокамаштабных санкцый за зьбіты туркамі расейскі вайсковы зьнішчальнік, тамтэйшыя апэратары прапаноўвалі найлепшыя варыянты для пражываньня — мінімальныя грошы за максымальны камфорт. Аднак скасаваньне забароны з боку Масквы і нестабільная палітычная сытуацыя ў буйных гарадах ажыятажны попыт крыху скарэктавалі.

Ілюстрацыйнае фота. На пляжы ў Анталіі

Ілюстрацыйнае фота. На пляжы ў Анталіі

Зрэшты, масавага вяртаньня расейцаў на турэцкае ўзьбярэжжа так і не адбылося, таму беларускія турапэратары ўсё ж разьлічваюць на захаваньне станоўчай дынамікі. Прынамсі, як вынікае з супольнага маніторынгу Мінспорту і туркампаній, ад набытых пуцёвак беларусы амаль не адмаўляюцца. Пры гэтым у Мінспорце ўдакладняюць, што кліенты маюць поўнае права перастрахавацца, перагледзеўшы дату на іншую ці выбраўшы альтэрнатыўную краіну. Пры скасаваньні дамовы турыстам мусяць вярнуць кошт пуцёўкі за выняткам фактычных выдаткаў кампаній.

У сваю чаргу, кансалідатары рэйсаў у Турэччыну запэўніваюць, што чартэрныя праграмы будуць выконвацца да таго часу, пакуль няма афіцыйнай забароны на палёты ў гэтую краіну. На дадзены момант усе вылеты ажыцьцяўляюцца згодна з плянам. У кампаніі «Белавія» гэтаксама кажуць, што ніякай інфармацыі адносна згортваньня рэйсаў на іх адрас не паступала. Турэцкія аэрапорты, разьмешчаныя блізу марскіх курортаў, працуюць у штатным рэжыме.

Міністэрства замежных спраў Беларусі таксама не друкавала афіцыйнай забароны на ажыцьцяўленьне тураў на курорты Турэччыны, маецца толькі рэкамэндацыя «ўстрымацца ад паездак да моманту стабілізацыі сытуацыі».

Пры гэтым, што ў Турэччыне, што ў Беларусі, зацікаўленыя бакі не адвяргаюць магчымасьці таго, што сытуацыя ў любы момант можа кардынальна зьмяніцца і турысты пачнуць адмаўляюцца ад набытых пуцёвак. Увядзеньне 20 ліпеня надзвычайнага становішча тэрмінам на тры месяцы сьведчыць, што турэцкія ўлады далёкія ад прызнаньня поўнай перамогі над выклікамі.

XS
SM
MD
LG