Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі апазыцыянэр: да забойства Шарамета могуць быць датычныя расейскія спэцслужбы


Павал Шарамет, фота 2013 году

Павал Шарамет, фота 2013 году

Расейскі апазыцыйны палітык Уладзімер Мілоў агучыў тры прычыны, чаму вэрсія аб датычнасьці Масквы да забойства журналіста Паўла Шарамета мае права на існаваньне.

«Я вам магу назваць тры прычыны, чаму Расея і расейскія спэцслужбы да гэтага маглі быць датычныя — да да гібелі Паўла Шарамета.

Першая: у іх ёсьць досьвед, іх лавілі за руку на палітычных забойствах, у тым ліку міжнародных. Самае гучнае — гэта забойства Зэлімхана Яндарбіева ў Катары, дзе яны проста папаліся. Потым выдрапалі гэтых забойцаў. Дарэчы, падклалі бомбу ў машыну. Па дыпляматычных каналах іх потым вывозілі адтуль.

Другая прычына ў тым, што ёсьць вялікая праца расейскіх спэцслужбаў ва Ўкраіне, дзе іх зноў жа лавілі за руку. Мы памятаем гісторыю з Іванам Рыбкіным, кандыдатам у прэзыдэнты, які ішоў супраць Пуціна ў 2004 годзе, яго вывезьлі ў Кіеў і нешта такое зь ім зрабілі, што ён спыніў сваю крытыку і зьняў кандыдатуру. Была гісторыя з выкраданьнем апазыцыянэра Леаніда Развазжаева ва Ўкраіне і таемным незаконным вывазам празь мяжу ў Расею ўжо ў 2012 годзе.

Калі цяпер нам нехта будзе расказваць, што расейскія спэцслужбы па той бок мяжы, гэта не наша тэрыторыя, — ня трэба баяць, яны там актыўна прысутнічаюць, праводзяць нават такія апэрацыі.

Трэцяя прычына важная: я бачу, што яны цяпер ужо афіцыйна ўзяліся за цэлы шэраг вядомых людзей нашых, якія зьехалі ва Ўкраіну і працуюць там, падтрымліваюць рэформы, з крытычнай пазыцыяй да Масквы выступаюць. Мы ведаем, што былі ператрусы дома ў Яўгена Кісялёва. Ужо канкрэтныя прыклады абсалютна афіцыйнага перасьледу спэцслужбамі публічных фігур, якія зьехалі, якія цяпер у Кіеве. Гэта ўжо ёсьць перад вачыма — гэта факт. Таму тыя, хто кажуць, што не, па вызначэньні расейскія спэцслужбы ня могуць быць датычныя, на жаль, ёсьць вельмі шмат прыкмет, якія паказваюць, што наогул-то могуць. І гэта дае сур’ёзныя падставы гэта ўсё расьсьледаваць», — заявіў расейскі палітык.

Між тым, Мілоў прызнае, што матыў забойства ўсё роўна застаецца абсалютна незразумелы і таму сьцьвярджаць, што за гэтым злачынствам стаіць Крэмль, нельга.

«Я нічога не магу сказаць пра прычыны. Калі па Нямцову я на Радыё Свабода шмат выказваўся на гэтую тэму, мне даволі шмат было ясна адразу, што там тырчаць вушы расейскіх спэцслужбаў і ёсьць матыў відавочны, то па Паўлу Шарамету я, шчыра сказаць, не вельмі сачыў за яго журналісцкай дзейнасьцю менавіта ў Украіне ў апошні час. Мне здаецца, там вымалёўваецца вялікі букет матываў і арганізатараў. Гэта можа быць і з Украіны сьлед, можа быць і з Расеі, а можа і з Беларусі. Мы ведаем, што ён быў асабістым ворагам Аляксандра Лукашэнкі. То бок, зараз вельмі цяжка нешта казаць », — адзначыў ён.

Цалкам матэрыял можна прачытаць на сайце расейскай службы Радыё Свабода

XS
SM
MD
LG