Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад верасьня ІP-тэлефанію ў Беларусі давядзецца рэгістраваць


З 18 верасьня ў Беларусі, згодна з загадам Апэратыўна-аналітычнага цэнтру пры прэзыдэнце, уводзіцца поўны кантроль IP-тэлефаніі і блякаваньне незарэгістраваных сродкаў IP-тэлефаніі.

З 18 верасьня ў Беларусі, згодна з загадам (PDF) Апэратыўна-аналітычнага цэнтру пры прэзыдэнце, уводзіцца поўны кантроль IP-тэлефаніі і блякаваньне незарэгістраваных сродкаў IP-тэлефаніі.

Сродкі IP-тэлефаніі дазваляюць сувязь праз гарадзкія і мабільныя нумары з дапамогай інтэрнэту, у абыход тэлефонных апэратараў. Існуюць і адмысловыя тэлефонныя апараты для выклікаў праз IP-тэлефанію. Таксама функцыі IP-тэлефаніі за пэўную плату (часьцей за ўсё ніжэйшую за цану тэлефонных апэратараў) даюць праграмы кшталту Skype і Viber.

Тэлефонныя апэратары могуць несьці страты праз тое, што IP-тэлефанія прапануе больш выгадныя тарыфы. Асабліва адчувальнай розьніца ў тарыфах робіцца пры міжнародных тэлефанаваньнях.

Раней у Беларусі блякаваньне сродкаў IP-тэлефаніі адбывалася «кропкава», блякаваліся толькі асобныя сэрвісы.

Цяпер Нацыянальнаму цэнтру абмену трафікам даручана «стварыць комплекс процідзеяньня парушэньням рэжыму пропуску трафіку IP-тэлефаніі». НЦАТ мае весьці рэестар нумароў, празь якія праводзяцца IP-тэлефанаваньні, IP-адрасоў і праграмна-тэхнічных сродкаў. Пра нейкую адказнасьць для парушальнікаў акрамя блякаваньня ў пастанове не гаворыцца.

Сродкі IP-тэлефаніі трэба будзе рэгістраваць у адмысловым рэестры «па заяўным прынцыпе». Не падлягаюць рэгістрацыі сродкі IP-тэлефаніі ў сфэрах нацыянальнай бясьпекі, абароны і аховы правапарадку.

Плата за рэгістрацыю ў рэестры мае быць вызначаная Саўмінам.

Ці заблякуюць Skype і Viber?

Гэта невядома. Але ААЦ абяцае, што не.

Раней Лукашэнка выдаў указ, якім забараніў нешта няпэўнае. Верагодна, ва ўказе мелася на ўвазе IP-тэлефанія, хоць наўпрост пра гэта не пісалася.

Згодна з указам, у Беларусі стала забаронена «ўжываць праграмныя і тэхнічныя сродкі, якія ў сукупнасьці выкарыстоўваюцца для пераўтварэньня пратаколу абмену зьвесткамі, па якім перадаюцца галасавыя і іншыя паведамленьні электрасувязі ад абанэнта, які робіць выклік, і перадачы гэтых паведамленьняў абанэнту, які прымае выклік, з выкарыстаньнем абанэнцкіх нумароў, якія не належаць абанэнту, які робіць выклік».

Але Саўміну даручалася зацьвердзіць парадак рэгістрацыі такіх сродкаў, а ААЦ — зацьвердзіць пастанову па процідзеяньні такім сродкам.

Цяперашняя пастанова ААЦ дазваляе выкарыстоўваць такія сродкі пасьля рэгістрацыі заявы. Раней, пасьля публікацыі ўказу, ААЦ распавёў пра сваю трактоўку ўказу: ён ня тычыцца мэсэнджэраў, у тым ліку Skype і Viber (хоць указ апісвае мэханізм іх дзеяньня), не рэглямэнтуе тэлефанаваньні між абанэнтамі гэтых сэрвісаў, не рэгулюе выкарыстаньне ананімайзэраў і VPN.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG