Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Фэтхулах Гюлен папрасіў ЗША не выдаваць яго Турэччыне


Ісламскі прапаведнік Фэтхулах Гюлен

Ісламскі прапаведнік Фэтхулах Гюлен

У Турэччыне папярэдзілі, што дружалюбныя адносіны з ЗША будуць перагледжаныя, калі Вашынгтон ня выдасьць прапаведніка.

Ісламскі прапаведнік Фэтхулах Гюлен, які пражывае ў ЗША, папрасіў Злучаныя Штаты не экстрадаваць яго ў Турэччыну, паведамляе Reuters. Патрабаваньні Анкары аб выдачы Гюлен назваў «палітычнай помстай».

У аўторак міністэрства юстыцыі Турэччыны накіравала ЗША дакумэнты, неабходныя для экстрадыцыі прапаведніка, які абвінавачваецца на радзіме ў падрыхтоўцы спробы ваеннага перавароту. Пры гэтым у Вашынгтоне заяўляюць, што не атрымлівалі афіцыйнага запыту аб экстрадыцыі.

Раней прэм’ер Турэччыны Біналі Йылдырым паабяцаў перагледзець партнэрства з ЗША, калі Гюлен ня будзе выдадзены. Сам прапаведнік абвяргае абвінавачваньні і сьцьвярджае, што путч быў «зрежысаваны» прэзыдэнтам Турэччыны Рэджэпам Эрдаганам.

У ноч на 16 ліпеня ў Турэччыне група вайскоўцаў зьдзейсьніла спробу ваеннага перавароту. Путч быў падаўлены. У часе перавароту загінулі больш за 200 чалавек, каля паўтары тысячы былі былі параненыя. Турэцкія ўлады арыштавалі каля ста ваеначальнікаў, дзевяцьсот супрацоўнікаў паліцыі былі адхіленыя ад службы. Рада па вышэйшай адукацыі Турэччыны забараніла прафэсарам і выкладчыкам ВНУ выяжджаць за мяжу. Пад забарону патрапілі як службовыя, так і асабістыя паездкі. У сераду 20 ліпеня унівэрсытэт у Азэрбайджане, як мяркуецца, зьвязаны зь людзьмі з атачэньня Гюлэна, абвясьціў пра сваё закрыцьцё.

XS
SM
MD
LG