Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэлегаты рэспубліканскага зьезду раскрытыкавалі Гілары Клінтан


Пасьля таго, як учора Дональд Трамп быў афіцыйна зацьверджаны кандыдатам у прэзыдэнты ад Рэспубліканскай партыі, дэлегаты зьезду ў Кліўлендзе сёньня заслухаюць выступы найбольш уплывовых асобаў партыі, якія паспрабуюць пераканаць выбаршчыкаў, што ён зьяўляецца лепшым выбарам для краіны, чым кандыдат дэмакратаў Гілары Клінтан.

У аўторак, 19 ліпеня, выступоўцы на кліўлендзкім зьезьдзе абрынуліся з крытыкай на Клінтан, прадстаўляючы яе ўдзел у выбарах як спробу працягнуць няўдалую, на іх думку, палітыку прэзыдэнта Барака Абамы. Прамоўцы называлі яе ашуканкай, якая падставіла краіну пад небясьпеку ў сувязі зь яе выкарыстаньнем асабістага сэрвэра электроннай пошты.

Сьпікер Палаты прадстаўнікоў Пол Раян абвінаваціў дэмакратаў у сеяньні разладу паміж людзьмі і ў «сутыканьні адной групы людзей зь іншай».

«Мы жывем у час, калі мужчыны і жанчыны з абедзьвюх партый цалкам выразна і недвухсэнсоўна патрабуюць буйных пераменаў у напрамку разьвіцьця Амэрыкі, выразнага адыходу ад збанкрутаванай сыстэмы — сказаў Раян. — А што прапануюць вярхі Дэмакратычнай партыі? Якое іх уяўленьне пра выразны адыход? Яны прапануюць трэці тэрмін Абамы, які мае ажыцьцявіць яшчэ адзін з Клінтанаў».

Штаб Клінтан выяўляў прыкметную актыўнасьць на працягу ўсяго вечара, выпускаючы заявы і твіты ў адказ на выступы кожнага важнага прамоўцы ад рэспубліканцаў.

«Нягледзячы на неаднаразовыя атакі на рыторыку, якая сее звады, і на небясьпечную палітыку Трампа, сьпікер Пол Раян аддаў перавагу палітыцы перад краінай і цалкам падтрымаў Дональда Трампа і яго кандыдатуру ў прэзыдэнты», — гаварылася ў адной з заяваў.

Губэрнатар Нью-Джэрсі Крыс Крысьці, які таксама выстаўляў сваю кандыдатуру, ператварыў свой выступ на зьезьдзе ў нешта накшталт грамадзкага суду над Клінтан, дабіўшыся таго, што аўдыторыя пачала скандаваць: «Вінаватая!».

«Гілары Клінтан значна больш турбавала абарона ўласных сакрэтаў, чым амэрыканскіх», — сказаў Крысьці.

Крытыка Крысьці тычылася, галоўным чынам, працы Клінтан у якасьці дзяржсакратара падчас першага тэрміну Абамы. Губэрнатар усклаў на яе віну за памылкі ў Лібіі, Сырыі, Расеі, Іране і на Кубе.

«Мы ня можам рабіць галоўнакамандуючым чалавека, з-за якога сьвет стаў больш агрэсіўным і небясьпечным месцам», — заявіў Крысьці.

XS
SM
MD
LG