Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

З-за скандалу зь беларускімі весьлярамі адмянілі прэс-канфэрэнцыю алімпійцаў


Ілюстрацыйнае фота. Аляксандар і Андрэй Багдановічы

Ілюстрацыйнае фота. Аляксандар і Андрэй Багдановічы

Другі раз у Нацыянальным прэс-цэнтры адмененая прэсавая канфэрэнцыя з удзелам прадстаўнікоў Міністэрства спорту і турызму і Нацыянальнага алімпійскага камітэту.

Яна ад пачатку анансавалася як падрыхтоўка да ўдзелу беларускіх спартоўцаў у XXXI летніх алімпійскіх гульнях у Рыё-дэ-Жайнэра. Спачатку мерапрыемства меліся правесьці 13 ліпеня, потым перанесьлі на 20-га, аднак сёньня на сайце зьявілася інфармацыя пра яго канчатковую адмену.

Мяркуючы па ўсім, на пляны арганізатараў наўпрост паўплываў скандал зь беларускімі весьлярамі, якіх Міжнародная фэдэрацыя каноэ адхіліла тэрмінам на адзін год, уключна з трэнэрамі, мэдычным пэрсаналам і групай абслугоўваньня. Такім чынам сем спартоўцаў, якія заваявалі алімпійскія ліцэнзіі, ня змогуць выступіць на Алімпіядзе ў Рыё-дэ-Жанэйра. Між іншым, менавіта на іх ускладаліся асноўныя мэдалёвыя спадзяваньні беларусаў.

Падставай да такога рашэньня стаў візыт паліцыі ў красавіку ў лягер беларускай каманды ў францускім горадзе Ля Тампль-сюр-Лё, дзе адбываўся трэніровачны перадалімпійскі збор. Ператрус быў ініцыяваны антыдопінгавым агенцтвам Парыжу — апэратыўнікі шукалі забаронены прэпарат мэльдоній. Праз тры месяцы пасьля паліцэйскай інспэкцыі было прынятае рашэньне адхіліць на час сьледзтва мужчынскую каманду ад стартаў.

З гэтай прычыны Нацыянальны алімпійскі камітэт ды Міністэрства спорту і турызму выступілі з афіцыйнай заявай, у якой, у прыватнасьці, гаворыцца: «Рашэньне выканкаму ICF нічым не абгрунтаванае і вынесена на падставе надуманых прычынаў. Ніводнаму з чальцоў нацыянальнай каманды не прад’яўлена ніякіх абвінавачаньняў, пасяджэньняў суду не праходзіла, віна спартоўцаў і трэнэраў ня вызначаная, прынцып прэзумпцыі невінаватасьці груба парушаны».

18 ліпеня ў спартовы арбітражны суд у Лязане паступіў афіцыйны зварот ад імя беларускіх спартовых ведамстваў, цяпер чакаецца вынясеньне канчатковага вэрдыкту.

Тым часам галоўны трэнэр зборнай па веславаньні на байдарках і каноэ Ўладзімер Шантаровіч заявіў, што вынесенае рашэньне супраць ягоных выхаванцаў — гэта службовае злачынства групы асобаў у складзе пяці чалавек, якія прадстаўляюць нацыянальныя фэдэрацыі-канкурэнты. Таксама ён выказаўся за тое, каб кіраўнік Міжнароднай фэдэрацыі каноэ і яго бліжэйшыя памочнікі былі арыштаваныя па прыезьдзе ў Беларусь — у апошнія дні ліпеня ў Заслаўі пройдзе чэмпіянатам сьвету ў веславаньні на байдарках і каноэ сярод юніёраў і моладзі.

Незадаволенасьць адмыслоўца падзяліў і памочнік прэзыдэнта ў пытаньнях фізычнай культуры, спорту і разьвіцьця турызму, першы віцэ-прэзыдэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэту Максім Рыжанкоў, які адзначыў, што чыноўнікі міжнародных фэдэрацый сядзяць там дзесяцігодзьдзямі і «парасьлі мохам».

Пікантнасьць сытуацыі палягае ў тым, што літаральна за некалькі дзён да агучанага рашэньня ICF падчас урачыстых провадаў спартовай дэлегацыі на летнія Гульні-2016 капітанам беларускай каманды быў абраны вясьляр Аляксандар Багдановіч — чэмпіён Алімпіяды-2008 у Пэкіне і срэбны прызёр Алімпіяды-2012 у Лёндане.

XS
SM
MD
LG