Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Аказваецца свабодная прэса на нешта ўплывае». На Крычаўскім цэмзаводзе выплацілі заробак без падатку на нерухомасьць


Кар’ер цэмэнтнага заводу.

Кар’ер цэмэнтнага заводу.

У працаўнікоў акцыянэрнага таварыства «Крычаўцэмэнташыфэр» з заробкаў не спагналі падатку на нерухомасьць, хоць у разьліковых лістках такое адлічэньне было пазначанае.

Тыдзень таму, як сьцьвярджалі некаторыя з цэмзаводаўцаў, гэты падатак кіраўніцтва прадпрыемства вырашыла спагнаць, не пытаючыся на тое згоды ў працаўнікоў. Без дазволу такое адлічэньне было незаконным.

На думку працаўнікоў цэмзаводу, яго кіраўніцтва перадумала пасьля публікацыяў у незалежных мэдыях.

«Аказваецца наша свабодная прэса на нешта і ўплывае. Тыя, хто яе чытае, перакананыя, што публікацыі ў ёй падзейнічалі на адміністрацыю завода і яна перадумала забіраць грошы на падатак, які ўвесь час мы плацілі самі. Мы атрымалі заробак без адлічэньня», — паведаміў Свабодзе адзін з працаўнікоў прадпрыемства.

У папярэднія гады цэмзаводаўцы самі сплачвалі падатак на нерухомасьць да кастрычніка. Сёлета ж, паводле іх, раённая падатковая інспэкцыя зьвярнулася да кіраўніцтва заводу, каб тое паспрыяла датэрміновай аплаце падатку.

У падатковай прызналі факт звароту, але зазначалі, што працаўнікі перад аплатай падатку меліся напісаць адпаведную заяву. Яе ўзор быў дададзены да ліста.

У адміністрацыі прадпрыемства ўхіліліся ад тлумачэньня сытуацыі, заявіўшы, што адкажуць на пытаньні, калі будзе афіцыйны запыт.

Лідэр прафсаюзу работнікаў Радыёэлектроннай прамысловасьці Генадзь Фядыніч дзеяньні адміністрацыі акцыянэрнага таварыства «Крычаўцэмэнтнашыфэр» па зборы падатку на нерухомасьць назваў незаконным.

«Калі такія дзеяньні і праўда былі, то яны не правамерныя. Кіраўніцтва прадпрыемства ня мае права бяз згоды працаўніка распараджацца ягоным заробкам. Адміністрацыя бярэ абавязковых трыццаць пяць працэнтаў на сацыяльныя выплаты, а астатняе — асабістыя фінансы работніка», — пракамэнтаваў сытуацыю прафсаюзны лідэр.

XS
SM
MD
LG