Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэланія Трамп «сьпісала» тэкст выступу ў Мішэль Абамы


На зьезьдзе Рэспубліканскай партыі ЗША Мэланія Трамп заявіла, што яе муж, магчымы кандыдат у прэзыдэнты ЗША, Дональд Трамп, будзе «прэзыдэнтам ўсіх людзей», калі яго абяруць, і будзе служыць усім амэрыканцам, незалежна ад расы, рэлігіі або даходу.

Выступ Мэланіі Трамп, які зрабіўся цэнтральнай падзеяй на Нацыянальным зьезьдзе Рэспубліканскай партыі ў Кліўлэндзе 18 ліпеня, павінен быў даць адпор крытыкам супярэчлівых выказваньняў Трампа пра эмігрантаў і мусульман.

«Дональд мае намер прадстаўляць інтарэсы ўсіх людзей, а ня толькі некаторых», — заявіла Мэланія Трамп пасьля таго, як яе прадставіў муж дэлегатам зьезду, і яна выйшла на сцэну пад песьню We Are The Champions брытанскай рок-групы Queen.

Імігрантка з Славеніі і былая мадэль Мэланія Трамп сказала пра «хваляваньне і драму» выбарчай кампаніі Трампа, і заявіла, што яе «муж будзе заставацца засяроджаным на адным: гэта прыгожая краіна, якую ён вельмі моцна любіць».

Мэланію Трамп абвінавацілі ў плягіяце пасьля таго, як высьветлілася, што першыя два абзацы яе прамовы падобныя на выступ Мішэль Абамы на зьезьдзе Дэмакратычнай партыі ў 2008 годзе. У адным з урыўкаў Мэланія Трамп кажа:

«Зь юных гадоў, мае бацькі пераконвалі мяне, што варта ўпарта працаваць, каб дамагчыся таго, што вы хочаце ў жыцьці, і што ваша слова павінна адпавядаць справе і што вы павінны рабіць тое, што абяцаеце і ставіцца да людзей з павагай. Так яны вучылі мяне і дэманстравалі мне гэтыя каштоўнасьці ў паўсядзённым жыцьці».

Гэта амаль слова ў слова супадае з прамовай Мішэль Абамы.

Трамп, як чакаецца, будзе афіцыйна вылучаны кандыдатам у прэзыдэнты на зьезьдзе ў канцы гэтага тыдня і, верагодна, сыдзецца на агульных выбарах 8 лістапада з кандыдаткай ад дэмакратаў і былой дзяржсакратаркай Гілары Клінтан.

XS
SM
MD
LG