Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Шукаем тэхнічнае рашэньне, каб прымаць замовы на беларускай мове» — velcom пра выпадак зь Вітушкай


Замовы ў інтэрнэт-краме velcom сапраўды прымаюцца толькі па-расейску, адказалі Свабодзе ў кампаніі. Прычына ў тым, што сайт «тэхнічна зьвязаны са зьнешнімі кампутарнымі базамі вэрыфiкацыi».

Свабода атрымала адказ з прэс-службы velcom наконт ужытку беларускай мовы ў інтэрнэт-краме кампаніі.

«Якасьць сэрвісу зьяўляецца адным з прыярытэтаў у дзейнасьці кампаніі velcom, таму дадзены выпадак будзе выкарыстаны для аптымізацыі працэсаў узаемадзеяньня з кліентам», — паведамляецца ў адказе.

Што тычыцца выпадку з Крысьцінай Вітушкай, там, як тлумачаць у velcom, адбылася памылка ў асабістай камунікацыі супрацоўніка кампаніі з кліентам. Вітушку перапрасілі, а замова ў інтэрнэт-краме была прынятая ў панядзелак 18 ліпеня і была выканана ў аўторак 19 ліпеня.

«Прыём замоў у інтэрнэт-краме ў дадзены момант магчымы толькі на расейскай мове, бо ён тэхнічна зьвязаны са зьнешнімі кампутарнымі базамі вэрыфiкацыi, — напісана ў адказе. — Мы шукаем тэхнічнае рашэньне, каб забясьпечыць прыём заказаў у інтэрнэт-краме таксама і на беларускай мове».

Як паведаміла Свабодзе Крысьціна Вітушка, тэлефон ёй сапраўды даставілі сёньня раніцай. Але гэта ня значыць, што праблема з камунікацыяй паміж кліентам і кампаніяй разьвязаная.

Крысьціна Вітушка

Крысьціна Вітушка

«Шкада, што давялося сапраўды нетрывіяльнымі мэтадамі рабіць простую пакупку», — сказала Вітушка.

На яе думку, беларускамоўныя павінны часьцей дамагацца свайго права прынамсі рабіць заказ па-беларуску. Бо калі кампаніі будуць бачыць попыт, будзе і прапанова.

«Кампанія, можа, недаацаніла наяўнасьць такога попыту, — сказала Вітушка. — Цяпер яны яго ўсьвядомілі. Важна, каб гэтая заяўка не засталася адзінай для іх. А пакупнікі павінны дамагацца ад кампаніі таго, што ім трэба, а не пагаджацца на тое, што ім прапануюць».

Што да тэхнічнага боку сайту, які ня можа апрацаваць замову па-беларуску, то Вітушка лічыць, што такія сэрвісы мусяць быць прыстасаванымі да абедзьвюх моў.

«Варта адразу закладваць усе вэрсіі, — кажа яна. — Ідэальна, каб на дзьвюх дзяржаўных мовах зьяўляліся новыя сэрвсісы яшчэ на стартавым этапе».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG