Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

На Смаргоншчыне рэйсавы аўтобус арыштавалі разам з пасажырамі


Ілюстрацыйнае фота. Каменны Лог

Ілюстрацыйнае фота. Каменны Лог

Больш за паўсотні чалавек ехалі маршрутам Менск-Вільня і былі спыненыя супрацоўнікамі транспартнай інспэкцыі неўзабаве пасьля пераходу літоўска-беларускай мяжы ў Каменным Лозе.

Паўночы 18 ліпеня пасажыры рэйсавага аўтобуса кампаніі Ecolines правялі на запраўцы блізу Крэва на Смаргоншчыне. Больш за паўсотні чалавек ехалі маршрутам Менск-Вільня і былі спыненыя супрацоўнікамі транспартнай інспэкцыі неўзабаве пасьля пераходу літоўска-беларускай мяжы ў Каменным Лозе. Замест а 23.00, згодна з графікам руху, да канцавога пункту падарожнікі дабраліся а 3-й ночы.

У салёне аўтобуса знаходзіўся эстонскі прадпрымальнік Віктар Хобта, які ехаў на суд: ягоную фуру беларускія транспартнікі хочуць канфіскаваць у даход дзяржавы нібыта за парушэньне правілаў дастаўкі і разгрузкі тавару замежным перавозчыкам. Такім чынам, за кароткі час гаспадар кампаніі Vitransa за кароткі час двойчы адчуў, што такое мець справу з тутэйшымі кантралёрамі:

«Рэйсавы аўтобус, поўны людзей, пад 60 чалавек. Ня мяжы ўжо спазьняліся ў Менск на гадзіну. Пра тое, што там творыцца — увогуле размова асобная, форменная вар’ятня. Такой чаргі я раней ня бачыў, хоць межаў прайшоў дай божа колькі. Злаўчыліся сабраць чаргу з аўтобусаў, я ўжо не кажу пра фуры, якія там стаяць кілямэтрамі. Людзей з рэчамі выцягваюць на вуліцу, доўга стаіш, бо працуе адно акенца. У вас жа поўна супрацоўнікаў, дык пасадзіце іх працаваць! Няўжо нельга сабраць дакумэнты, як гэта робяць у іншых краінах, і разам іх адзначыць? Памежнік зайшоў у аўтобус, ідэнтыфікаваў, а потым проста паставіў штампы і раздаў пашпарты. Няўжо нельга нечаму навучыць людзей у пагонах?».

Віктар Хобта

Віктар Хобта

Як расказвае спадар Хобта, не пасьпелі яны пасьля ўсіх пакутаў толкам заехаць на беларускую тэрыторыю, як іх пачала перасьледаваць машына транспартнай інспэкцыі з уключанымі мігалкамі, патрабуючы прыстаць каля ўзбочыны. Інспэктары спаслаліся на тое, што аўтобус з расейскай рэгістрацыяй значыцца ў іх базе як злосны парушальнік правілаў пасажырскіх перавозак, і пакуль штрафы ня будуць аплочаныя, ніхто нікуды не паедзе. У эквіваленце запатрабавалі больш за 2 тысячы эўра, якіх, натуральна, у экіпажу не было.

Як кажа Віктар Хобта, пасажыры выступілі на абарону расейскага кіроўцы, які заступіў на зьмену яшчэ ў Калінінградзе, параіўшы кантралёрам разьбірацца пасьля таго, як трапяць на канечны пункт — шмат людзей мелі стыковачныя рэйсы і ўжо істотна спазьняліся пасьля затрымкі на мяжы. Але ўгаварыць інспэктараў не ўдалося і аўтобус разам з пасажырамі пад канвоем адагналі на АЗС недалёка ад Крэва Смаргонскага раёну.

Хто ў гэтай сытуацыі быў задаволены, кажа, дык гэта адміністрацыя лукойлаўскай запраўкі — за некалькі гадзін крама распрадала ці не месяцавы запас чыпсаў, піва ды халодных напояў. Усе ж астатнія былі ўзнэрваваныя, бо варыянтаў выезду на «вялікую зямлю» ніхто не прапанаваў. Толькі бліжэй да 2-й ночы, праз чатыры гадзіны пасьля «арышту», прыехаў іншы аўтобус, які адвёз людзей у Менск.

Віктар Хобта кажа, што ня мае магчымасьці спаганяць зь беларускага боку за маральнае і фізычнае прыніжэньне, але ведае, што іншыя пасажыры сур’ёзна настроеныя атрымаць кампэнсацыю.

У органах транспартнай інспэкцыі зазначаюць, што іхняй віны ў гэтай гісторыі няма. Так у ашмянскім аддзеле кантролю на платных дарогах Мінтрансу удакладнілі, што на бартавым прыстасаваньні аўтобуса-парушальніка, зарэгістраванага ў Санкт-Пецярбурзе, за тры апошнія гады назьбіралася ажно 17 парушэньняў на суму звыш 2 тысячы эўра. Прытым, як пазьней выявілася, прыбор кантролю аплаты быў пазычаны зь іншага транспартнага сродку, што забаронена беларускімі нарматывамі.

Паводле сукупнасьці парушэньняў было прынятае рашэньне забараніць рух транспартнага сродку па тэрыторыі краіны. А паўсотні пасажыраў, прызнаюць у ведамстве, проста аказаліся закладнікамі надзвычайнай сытуацыі.

У сваю чаргу, перавозчык ужо заявіў, што гатовы аплаціць штрафы за ўсе парушэньні, а аўтобус пад наглядам інспэктараў транспартнай інспэкцыі будзе канваяваны ў Санкт-Пецярбург.

Падсумоўваючы беларускія прыгоды, Віктар Хобта канстатуе, што ня можа нават уявіць нешта падобнае ў Эстоніі, дзе на першым месцы — клопат пра чалавека, а ўжо потым — вырашэньне тэхнічных праблемаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG