Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску заклікалі арыштаваць чыноўнікаў Міжнароднай фэдэрацыі каноэ


«Блеф і развод для першаклясьніка», — так назваў рашэньне аб дыскваліфікацыі зборнай Беларусі па веславаньні на каноэ і байдарках Уладзімер Шантаровіч. Міжнародную фэдэрацыю каноэ ён абвінаваціў у паклёпе, а рашэньне — абсалютна неабгрунтаваным.

Навіна пра адхіленьне зборнай Беларусі ад удзелу ў Алімпійскіх гульнях прыйшла менш за месяц да пачатку Алімпійскіх гульняў у Рыё-дэ-Жанэйра.

На думку галоўнага трэнэра зборнай па веславаньні на байдарках і каноэ, абгрунтаваньне дыскваліфікацыі мужчынскай зборнай краіны на адзін год за парушэньне антыдопінгавых правілаў, у прыватнасьці ўжываньне забароненага зь 1 студзеня 2016 году мэльдонію, — гэта «развод для першаклясьнікаў», перадае БелаПАН.

«Ня ведаю, чым яны думалі. Гэта — службовае злачынства групы асобаў у складзе пяці чалавек. Шантаж і паклёп», — лічыць Шантаровіч, вядомы ў спартовым сьвеце сваімі вострымі выказваньнямі.

Шантаровіч таксама выказаўся за тое, каб кіраўнік Міжнароднай фэдэрацыі каноэ і яго бліжэйшыя памочнікі былі арыштаваныя па прыезьдзе ў Беларусь і «атрымалі ганьбу».

Ён заклікаў СМІ не займацца «гнілой філязофіяй», а задаваць пытаньні кіраўнікам міжнароднай фэдэрацыі.

«Сем спартоўцаў, якіх адхілілі, — яны наогул не пры справах. Як ім жыць, карміць сем’і?» — заявіў трэнэр.

Як адзначыў памочнік прэзыдэнта па пытаньнях фізычнай культуры, спорту і разьвіцьця турызму, першы віцэ-прэзыдэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэту Максім Рыжанкоў, чыноўнікі міжнародных фэдэрацый сядзяць там дзесяцігодзьдзямі і «парасьлі мохам».

Забарону мэльдонію ён назваў адным з элемэнтаў барацьбы фармацэўтычных кампаній.

«Не падабаецца, што ў Латвіі ёсьць фірма, якая выпускае папулярны прэпарат. Трэба, каб перамагалі амэрыканцы, каляамэрыканцы, эўрапейцы», — сказаў Рыжанкоў.

Чэмпіён (2008) і срэбны прызэр (2012) Алімпійскіх гульняў Аляксандар Багдановіч адзначыў, што за 21-гадовую кар’еру ня здаў ніводнага станоўчага тэсту.

«Так, мэльдоній прымалі, але мы ня ведалі тэрмінаў яго вываду з арганізму. У мяне была дапушчальная доза, яна не выклікала боязі. Не разумею, чаму я вінаваты, за што не пускаюць на Алімпійскія гульні», — сказаў ён.

28-31 ліпеня ў Менску пройдзе Чэмпіянат сьвету сярод юніёраў і юнакоў па веславаньні на байдарках і каноэ. Арганізатары маюць намер скараціць да неабходнага мінімуму выдаткі на кіраўнікоў ICF, якія прыедуць на спаборніцтвы.

XS
SM
MD
LG