Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заходжу днямі ў офіс «Вясны», там Сяргей Сыс раздае значкі БРСМ. Дастае з кішэняў жменю, сьмяецца і ўручае кожнаму ахвочаму.

– Дзе ўзяў? – пытаюся.

– Каля Макдональдса, – кажа весела і неўзабаве тлумачыць. – Заходжу на бульварчык на рагу праспэкта й вуліцы Леніна, а каля лаўкі стаіць-рагоча нейкая моладзь. П’юць кока-колу, трушчаць біг-макі з гамбургерамі, тыкаюць пальчыкамі ў свае смартфоны, а вакол рассыпаныя гэтыя значкі. На лаўцы, пад лаўкай, нават у сьметніцы. Аказалася, іх недзе недалёка прымалі ў БРСМ. Пытаюся, маўляў, а што так, не пасьпелі ўручыць значкі, а ўжо ў сьметніцы. Ай, махнуў рукой адзін зь іх, на халеру яны нам патрэбныя. БРСМ жа не з Макдональдса, а значак не гамбургер. Хочаце вам адгрузім на памяць. Згроб з лаўкі і насыпаў мне тых значкаў. Зноў пытаюся ў іх, – кажа Сяргей. – А тады навошта ўступаць? Паціскаюць плячыма, лыбяцца. Адзін, нарэшце, прамаўляе сакрамэнтальнае: можа й не паможа, але й не пашкодзіць.

Пачуўшы гэтую гісторыю, я прыгадаў, як на нейкім зь беларускіх тэлевізійных каналаў назіраў інтэрвію з функцыянэрам гэтага самага БРСМ. Размова йшла пра тое, якія мэты ставіць перад сабой арганізацыя. Пасьля абавязковых штампаваных словаў пра патрыятычнае выхаваньне юных грамадзянаў, пачаўся цалкам шчыры й цынічны рэклямны сьпіч, сэнс якога зводзіўся да таго, што: хлопчыкі і дзяўчынкі, заключаем з вамі сацыяльны кантракт. Вы ўступаеце ў нашу арганізацыю й выконваеце абавязковы мінімум у выглядзе прысутнасьці на парадах, хакеях, днях перамог і няўдзелу ў апазыцыйных суполках. А мы вам скідкі на дыскатэкі, добрыя характарыстыкі для паступленьня ў навучальныя ўстановы, міліцыю й КДБ. Дапамога пры працаўладкаваньні, разьмеркаваньні пасьля ВНУ і г.д.

Адна цытата чаго вартая: «мы будуем адносіны з чальцамі нашае арганізацыі на глебе рэальнага жыцьця й прагматызму».

Ніякіх табе звышідэй, ніякай сакральнасьці, ніякага патасу. Усё проста як бульба.

Але й праўда, куды заклікаць?

Думаю, нездарма зазнала зьмену сама назва гэтага саюзу. Беларускі патрыятычны стаў Беларускім рэспубліканскім.

Калі праводзіць паралелі з савецкім камсамолам, то ўбачым наступнае. У 1950-ыя савецкая моладзь яшчэ баялася й верыла ўладзе, у 1960-ыя спадзявалася й верыла ва ўладу, у 1970-ыя не баялася, не спадзявалася й ня верыла.

Нешта падобнае атрымліваецца і ў нас. Наўрад ці пасьля сьнежня 2010-га Сяргей Сыс «чыста па прыколу» раздаваў бы гэтыя значкі, дый сам факт такой сустрэчы каля Макдональдса быў бы малаверагодным. Але прыходзяць іншыя часы й іншыя людзі. Яны прыходзяць і ва ўладу.

«Можа й не паможа, але й не пашкодзіць» – на сёньня гэта унівэрсальная беларуская формула жыцьця. Формула, якой трымаецца пераважная большасьць.

Грамадзтва нашае няўхільна дрэйфуе ў бок Макдональдса, кока-колы й інтэрнэту, бо гэтыя каштоўнасьці гэтым грамадзтвам ўжо засвоеныя і ўхваленыя. Сьметніца ім не пагражае.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG