Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэгіянальны дырэктар Радыё Свабода/Радыё Свабодная Эўропа Абас Джавадзі задае пытаньні пра няясныя абставіны спробы вайсковага перавароту ў Турэччыне 15 ліпеня.

Неўзабаве пасьля няўдалай спробы дзяржаўнага перавароту ў Турэччыне, у якой загінулі амаль 300 чалавек, былі арыштаваныя каля 6000 падазраваных, пераважна судзьдзяў, пракурораў і афіцэраў у арміі. Многія з арыштаў былі праведзеныя ў першыя 24 гадзіны пасьля спробы путчу. Без сумневу, арыштаў будзе больш. Прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Таіп Эрдаган заявіў: «Звальненьні і арышты праводзяцца ад Вышэйшай рады судзьдзяў і пракурораў да Канстытуцыйнага суду. Ці дастаткова гэтага? Не. Гэта павінна было адбыцца, але гэтага недастаткова».

Хоць пакараньне віноўнікаў тут непазьбежнае, выклікам для Турцыі будзе ажыцьцявіць гэтае пакараньне стрымана. Расплата, якая пачалася, ужо выклікае некаторыя нязручныя пытаньні.

1. Якую мэту меў пераварот?

Вайсковы пераварот, як правіла, нацэлены на ўрад, але гэта, як здаецца, ня мела месца ў Турэччыне. Калі 15 ліпеня прагучалі першыя стрэлы, прэзыдэнт быў у адпачынку. Ні адзін з ключавых міністраў, губэрнатараў або начальнікаў паліцыі ня быў арыштаваны. Змоўшчыкі ўзялі некаторых са сваіх уласных камандзіраў у закладнікі і захапілі штаб-кватэру галоўнакамандуючага, а таксама авіябазу ў Анкары. Гэта было больш падобна на ход супраць самой арміі, а ня супраць ураду.

2. Навошта бамбавалі парлямэнт?

Пасьля таго, як у парлямэнт Турэччыны 15 ліпеня трапіла бомба, усе палітычныя партыі, у тым ліку апазыцыя, аб’ядналіся ў абароне парлямэнту і дэмакратыі. Нягледзячы на атакі, дэпутаты вярнуліся ў будынак парлямэнту, каб прадэманстраваць сваю падтрымку. Многія назіральнікі адразу спыталі, што было мэтай бамбаваньня парлямэнту, нават калі б змоўшчыкам удалося цалкам разбурыць будынак.

Шкоды, аднак, былі мінімальнымі — парлямэнт працягвае функцыянаваць. Спадарожнікавая сувязь шматлікіх тэлевізійных каналаў, у тым ліку дзяржаўнага тэлебачаньня, была пашкоджана, хоць некалькі незалежных тэлеканалаў, у прыватнасьці CNN Turk, засталіся некранутымі. (Як ні дзіўна, апошні стаў трыбунай пратэсту супраць спробы перавароту.)

Змоўшчыкі таксама паслалі маладых прызыўнікоў займаць некаторыя ўрадавыя ўстановы і штаб-кватэры некалькіх сродкаў масавай інфармацыі. Але гэтыя вайскоўцы аказаліся неэфэктыўнымі, як падаецца, ня ведалі аб мэце сваёй місіі, і хутка здаліся. Некаторыя з іх былі па-зьверску забітыя разьюшаным натоўпам.

3. Як удалося адшукаць 6000 падазраваных на працягу двух дзён?

Міністар юстыцыі Турэччыны Бэкір Боздаг заявіў, што «арыштавана 6000 падазраваных» і што арышты будуць працягвацца. Але як гэта тэхнічна і па-чалавечы было магчыма для турэцкіх уладаў сабраць законныя доказы вінаватасьці ў дачыненьні да 6000 грамадзян за такі кароткі час? Пры адсутнасьці канкрэтных доказаў цалкам магчыма, што дзяржаўныя органы працавалі па сьпісах асобаў, якія уяўляюць пагрозу для дзяржавы і якія былі складзеныя да перавароту. Большая частка арыштаў — каля 2500 чалавек — мела месца ў сыстэме правасудзьдзя. Калі спроба перавароту была зроблена толькі «невялікай групай» у арміі, як заявіў Эрдаган, дык чаму ў ёй замешаныя так многія судзьдзі і пракуроры?

4. Дзе доказы датычнасьці да перавароту Фэтхулаха Гюлена?

Улады пасьпяшаліся ўскласьці віну за пераварот на рэлігійнага дзеяча Фэтхулаха Гюлена, які пражывае ў ЗША. Гюлен адмаўляе сваю датычнасьць, і Анкара да гэтага часу не агучыла ніякіх выразных доказаў ролі духоўніка ў перавароце. Эрдаган заклікаў Вашынгтон выдаць Гюлена, які жыве ў Злучаных Штатах з 1999 году (дзяржсакратар ЗША Джон Кэры заявіў, што адміністрацыя Абамы разгледзіць запыт аб выдачы Гюлена, але выдасьць духоўніка толькі калі Вашынгтону будуць прадстаўлены доказы ягонай вінаватасьці).

Незалежна ад доказаў, спроба перавароту дала добрую магчымасьць расправіцца з рухам Гюлена, які лічыцца тэрарыстычнай арганізацыяй у Турэччыне. Многія афіцыйныя асобы і сродкі масавай інфармацыі ўзмацнілі заявы аб удзеле Гюлена, ствараючы атмасфэру, у якой мала хто асьмеліцца паставіць гэтыя абвінавачаньні пад сумнеў.

Спроба перавароту таксама можа быць выкарыстана, каб дэманізаваць іншых ворагаў ўраду. Турэцкія ўлады і праўрадавыя СМІ таксама дадалі новага падазронага: Курдзкі дэмакратычны саюз у паўночнай Сырыі. Гэтая партыя цесна зьвязаная з Працоўнай партыі Курдыстана, забароненай ваенізаванай структурай, якая вядзе грамадзянскую вайну ў Турэччыне цягам апошніх 32 гадоў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG