Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пажар у чарнобыльскай зоне на тэрыторыі Ўкраіны


Украінскія пажарныя лякалізавалі пажар у чарнобыльскай зоне, які ўзьнік 2 дні таму на плошчы 6 гектараў каля вёскі Буракіўка Кіеўскай вобласьці, і плянуюць на працягу дня ліквідаваць яго цалкам.

«На дадзены момант адкрытага агню не зафіксавана. Пажар лякалізаваны, назіраецца тленьне ляснога подсьцілу асобнымі асяродкамі на плошчы да 6 гектараў. Пагрозы распаўсюджваньня няма. У сувязі з пагаршэньнем умоў надворʼя авіяцыя пакуль не прыцягваецца. Да канца сёньняшняга дня плянуецца поўная ліквідацыя пажару», — паведаміў сёньня ў Кіеве на брыфінгу дырэктар аднаго з дэпартамэнтаў Дзяржаўнай службы надзвычайных сытуацый Украіны Ўладзімір Дзямчук.

Паводле яго, да ліквідацыі пажару прыцягнутыя 18 адзінак тэхнікі і каля 100 чалавек асабовага складу.

У сваю чаргу генэральны дырэктар дзяржаўнага адмысловага цэнтру «Экацэнтар» Сяргей Кірэеў падкрэсьліў, што «ў 10-кілямэтровай зоне, дзе адбываецца пажар, і ў зоне адчужэньня, і на прылеглай тэрыторыі на гэты час пагаршэньня радыяцыйнага стану не назіраецца».

Адмыслоўцы пакуль не называюць магчымых прычынаў узгараньня: яны будуць высьветленыя ў часе расьсьледаваньня адпаведнай крымінальнай справы.

У большасьці абласьцей Украіны ў сувязі са значным павышэньнем тэмпэратуры паветра захоўваецца высокі ўзровень пажарнай небясьпекі. Толькі за апошнія шэсьць дзён колькасьць узгараньняў павялічылася ў два разы, а іх плошча — у чатыры разы. Было зафіксавана 1158 пажараў у прыродных экасыстэмах на агульнай плошчы амаль 1200 га.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG