Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Данбасе магчымая актывізацыя баявых дзеяньняў — сьпікер парлямэнту Украіны


Андрэй Парубій
Андрэй Парубій

Старшыня Вярхоўнай Рады Ўкраіны Андрэй Парубій заяўляе пра магчымасьць інсьпіраванай расейскімі ўладамі актывізацыі баявых дзеяньняў на Данбасе і дэстабілізацыі сытуацыі на мірнай тэрыторыі краіны.

«Мы бачым, што Пуцін ня проста не выконвае менскіх пагадненьняў. Ён груба, грэбліва ставіцца да ўсяго сьвету, кожны дзень актывізуючы дзеяньні на ўсходзе. Больш за тое, я маю інфармацыю, што актывізацыя гэтых дзеяньняў можа быць яшчэ большаю, бо яны пакуль паводзілі сябе больш мякка, спадзеючыся на скасаваньне санкцый. Цяпер жа, калі санкцыі пацьверджаныя Эўрапейскім Зьвязам, а ў Злучаных Штатах адбываецца выбарчая кампанія, паводле маёй інфармацыі, можа быць актывізацыя плянаў, як на фронце, гэтак і дэстабілізацыя ўнутры Ўкраіны», — сказаў Андрэй Парубій сёньня ў Кіеве на прэс-канфэрэнцыі, прысьвечанай вынікам дзейнасьці чарговай сэсіі парлямэнту.

Сьпікер украінскага парлямэнту падкрэсьліў неабходнасьць умацоўваць бясьпеку краіны:

«Вядома ж, нам трэба рыхтавацца да абароны, умацоўваць нашу бясьпеку і трэба разумець, што агрэсіўныя пляны Пуціна сёньня ня зьменшыліся. І разам з тым заклікаць увесь сьвет падтрымаць Украіну, каб усім разам рабіць усё магчымае, каб войскі Расеі пакінулі ўкраінскую зямлю, а мяжа была закрытая ўкраінскімі войскамі», — заявіў ён.

Паводле словаў Андрэя Парубія, у выпадку актывізацыі дзеяньняў на Данбасе Вярхоўная Рада тэрмінова зьбярэцца на пазачарговае пасяджэньне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG