Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыйнай актывістцы выпісалі штраф 500 даляраў за тое, што кепска пасьвіла цяля


Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Сябра Партыі БНФ Натальля Ільініч, якая вылучаецца ў Палату прадстаўнікоў па Пухавіцкай выбарчай акрузе № 65, заяўляе аб ціску на яе.

6 ліпеня Натальля Ільініч падала дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы дзеля збору подпісаў па вылучэньні кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. А ўжо 9 ліпеня начальнік ДАІ РАУС Пухавіцкага раёну вынес пастанову, якой Натальля Ільініч прызнаная вінаватай у адміністратыўным правапарушэньні па артыкуле 18.23 КаАП «Парушэньне правілаў дарожнага руху пешаходам».

Пры гэтым памер штрафу незвычайны: у пастанове зафіксавана, што штраф складае пяць базавых адзінак, але пры гэтым адзначана, што ў грашовым вымярэньні Натальля Ільініч мусіць заплаціць у бюджэт 1050 дэнамінаваных рублёў. Між тым, пасьля дэнамінацыі памер базавай адзінкі складае 21 новы рубель — значыць, сума штрафу 105 руб, а не 1050.

«Ня думаю, што дапісаўшы лішні нуль у суме штрафу яны проста з дэнамінацыяй памыліліся. Хутчэй я бачу ў гэтай справе праяву палітычнага ціску на мяне як на патэнцыйнага кандыдата ў дэпутаты, які будзе супрацьстаяць дзеючаму дэпутату, які цяпер зноўку вылучаецца — гэта Валер Гайдукевіч, былы намесьнік міністра ўнутраных справаў. Я бачу не выпадковасьць у тым, што сыстэма МУС, да якой належыць дзейны дэпутат па нашай акрузе, спрабуе ціснуць на яго апанэнтаў праз адміністратыўны перасьлед», — цытуе Натальлю Ільініч прэс-служба Партыі БНФ.

Акрамя таго, патэнцыйная кандыдатка ня лічыць, што яна ў прынцыпе вінаватая ў дарожна-транспартным здарэньні, за якое атрымала адміністрацыйны пратакол.

«Быццам бы я „пакінула жывёлу без нагляду“, праз што адбылося дарожна-транспартнае здарэньне». На самай справе, мы гналі карову з маленькім цяляткам з поля ўтраіх з суседкамі. Калі жывёла ўжо была на мастку і вароты ў двор адчынены, па нашай паласе пад’ехаў чырвоны аўтамабіль, спыніўся і прасыгналіў проста на вуха жывёле. Цяля спалохалася і выскачыла паміж намі на дарогу, а ў гэты час па другой паласе нёсься на вялікай скорасьці другі, аўтамабіль. Жывёліна трапіла пад яго. Сапраўдныя вінаватыя ў здарэньні — кіроўцы гэтых аўто. Іх начальнік ДАІ апраўдаў, а мяне пакараў. Відавочна, што гэтая справа замоўленая дзеля таго, каб змусіць мяне адмовіцца ад удзелу ў палітычнай кампаніі", — лічыць яна.

18 ліпеня Натальля Ільініч падала скаргу ў суд на рашэньне ДАІ Пухавіцкага раёну.

XS
SM
MD
LG