Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачаліся амэрыканска-украінскія вайсковыя навучаньні «Сі Брыз-2016»


Каля 30 вайсковых караблёў, катэраў і судоў ЗША, Турцыі і Румыніі ўвайшлі ў Чорнае мора.

Сёньня разам з украінскімі ўзброенымі і марскімі сіламі яны пачынаюць штогадовыя вайсковыя навучаньні «Сі Брыз-2016», што будуць трываць да 30 ліпеня.

У навучаньнях удзельнічае і флягман украінскіх марскіх сіл фрэгат «Гетман Сагайдачны», які да 2014 года базаваўся ў Крыме. У часе расейскай акупацыі паўвострава ўвесь асабісты склад карабля застаўся верным прысязе Украіны, адмовіўшыся выконваць загады расейскага камандаваньня.

Сёлета шматнацыянальная апэрацыя пры ўдзеле 16 краінаў праводзіцца ў Адэскай і Мікалаеўскай абласьцях, а таксама ў паўночна-заходняй частцы Чорнага мора, і ёсьць найбольш маштабнай за апошнія гады. Галоўная мэта навучаньняў — адпрацаваць узаемадзеяньне краінаў паводле стандартаў НАТО ва ўмовах выклікаў бясьпекі ў крызысным рэгіёне. Яны адбываюцца адразу ў трох вымярэньнях — сухапутным, паветраным і марскім.

У навучаньнях таксама задзейнічаны марскія пяхотнікі і адмысловыя падразьдзяленьні Ўкраіны, ЗША, Малдовы і Грузіі. — Берагавы кампанэнт ажыцьцявіць як марское, гэтак і паветранае дэсантаваньне ў розных раёнах Адэскай вобласьці, а калі да гэтага дадаць, што плянуюцца дзеяньні артылерыі, пераадоленьне воднай перашкоды з прыцягненьнем інжынэрных падразьдзяленьняў, адмысловыя дзеяньні па забесьпячэньні бясьпекі на прыморскім кірунку, паветранае прыкрыцьцё высадкі дэсанту, то навучаньні абяцаюць быць насычанымі і дынамічнымі, — сказаў журналістам прадстаўнік камандаваньня ваенна-марскіх сіл Украіны Раман Гладкі.

Навучаньні «Сі Брыз» праводзяцца на тэрыторыі Ўкраіны з 1997 году адпаведна «Мэмарандуму пра ўзаемаразуменьне і супрацоўніцтва ў пытаньнях абароны і ваенных адносін» паміж Міністэрствамі абароны ЗША і Ўкраіны. Штогод у іх бяруць удзел да 20 краін. Расея накіроўвала свае караблі для ўдзелу ў гэтай апэрацыі толькі аднойчы — у 1998 годзе. Штогод Вярхоўная Рада Ўкраіны ўхваляе адпаведны закон, які дазваляе прысутнасьць замежных войскаў на тэрыторыі краіны для ўдзелу ў вайсковых навучаньнях.

У 2008 годзе Партыя рэгіёнаў блякавала трыбуну парлямэнту з паветранымі кулькамі «НАТО — не!», абы сарваць правядзеньне такіх навучаньняў.

Валер Дымаў

Валер Дымаў

«Усе тыя дзеяньні ўкраінскіх палітыкаў — гэта наступствы палітыкі Пуціна. Цяпер Украіна становіцца часткай міжнароднай сыстэмы бясьпекі, якую намагаўся зруйнаваць Пуцін. Ён рэанімаваў не толькі Украіну, а й НАТО. Калі цяпер правесьці рэфэрэндум, то большасьць украінцаў падтрымаюць уступ да НАТО», — сказаў дырэктар цэнтра грамадзка-інфармацыйных тэхналёгій «Форум» Валер Дымаў.

XS
SM
MD
LG