Лінкі ўнівэрсальнага доступу

16 год на чале апазыцыйнай партыі — ня так шмат. Сяргей Калякін, напрыклад, узначальвае экс-камуністаў (цяпер партыя левых «Справядлівы сьвет») з 1994 года. Чаму кіраўнікі апазыцыйных партый «вечныя», як і прэзыдэнт Лукашэнка, якога яны крытыкуюць, высьвятляла Свабода.

На фоне іншых кіраўнікоў партый Анатоль Лябедзька кіруе ня так доўга — «усяго» 16 год. Сьпіс даўгавечнікаў наступны.

Сяргей Калякін кіруе «Справядлівым сьветам» (спадкаемца Партыі камуністаў Беларускай) з 1994 году,

Сяргей Гайдукевіч кіруе ЛДПБ з 1995 году,

Станіслаў Шушкевіч на чале БСДГ — з 1998 году,

Зянон Пазьняк кіруе КХП БНФ — з 1999 году.

Чаму кіраўнікі апазыцыі кіруюць партыямі так доўга? Палітоляг Аляксандар Класкоўскі лічыць, што для апазыцыі характэрныя тыя самыя рысы, што і для ўлады: застой, недэмакратычныя мэтады знаходжаньня на кіраўнічых ролях, брак сьвежых сілаў.

Аляксандар Класкоўскі

Аляксандар Класкоўскі

«У беларускай апазыцыі таксама ёсьць момант застою, момант браку сьвежых кадраў ідэяў і канцэпцыяў, — кажа Класкоўскі — Гэта відаць па тым, што некаторыя лідэры могуць паспаборнічаць з Лукашэнкам не на электаральным полі, але ў сэнсе даўгавечнасьці на чале сваіх структураў».

Менавіта прыток сьвежых сілаў — вялікая праблема апазыцыі, перакананы экспэрт. Большасьць беларускага грамадзтва ўсьведамляе, што апазыцыі нестае пораху для зьмены сытуацыі ў краіне. І з гледзішча шараговага чалавека, які хоча працаваць і зарабляць грошы, апазыцыйная дзейнасьць — гэта марнаваньне часу і рызыка.

«Гэта адпуджвае вялікую частку людзей ад партый, і таму гэтая аб’ектыўнасьць стварае сытуацыю застою», — кажа Класкоўскі.

І хоць апазыцыйныя лідэры спрабуюць ісьці ў народ, яны атрымліваюць мінімальнае папаўненьне шэрагаў сваіх партый. За гэта, лічыць Класкоўскі, можна часткова дакараць саміх лідэраў, якія не заўжды дэмакратычнымі мэтадамі ўтрымліваюць сваю кіраўнічую ролю. Але таксама варта мець на ўвазе і сытуацыю апазыцыі і непалітычнасьць большай часткі беларускага грамадзтва, мяркуе экспэрт

«Думаю, тут ня будзе прынцыпова мяняцца сытуацыя да таго часу, пакуль не пачнецца нейкі рух у грамадзтве, пакуль пад сьцягі апазыцыі ня пойдуць сапраўды шырокія масы».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG