Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дванаццаты выпуск фатаконкурсу «Незалежнасьць — гэта...», другі тур


Фота Міхал Капычка
Фота Міхал Капычка

Беларускай незалежнасьці ў жніўні споўніцца 25 год. Незалежнасьць — гэта?.. Прапануйце свой фотаадказ! Прысылайце свае здымкі, новыя і архіўныя, пра розныя бакі жыцьця ў незалежнай Беларусі на працягу апошняй чвэрці стагодзьдзя, пра герояў і антыгерояў, здабыткі, страты і надзеі на адрас svabodaphoto@gmail.com ​

Камэнтуе пошту апошніх двух тыдняў вядучы Валер Дранчук.

Удзельнікі:

Віктар Ліцьвінаў

Міхал Капычка

Ільля Копыл

Апытанка Тацяна

Трухановіч

Пяць здымкаў ад вядучага

Вітаю сяброў і новых наведнікаў. Віншаванка з нагоды — 12 ліпеня адзначалі Дзень фатографа, хоць больш дакладна прывячаць гэтую дату як дзень Сьвятой Вэранікі — заступніцы фатаграфіі і фатографаў^; у рэшце рэшт, што да Вэранікі і памятных адбіткаў, ёсьць найкалярытны верш Максіма Багдановіча з фатаграфічным эфэктам ды імем беларускае Вэранікі — варта ўспомніць радкі «...I толькі надпіс „Вэраніка“, На ліпе ўрэзаны ў кары, Казаў вачам аб тэй пары». Гэта вельмі пасуе сёньняшняму выпуску, працытую далей: «Расьці, ўзмацовывайся, дрэва, Як манумэнт жывы, ўставай I к небу надпіс падымай...»

Якія манумэнты беларускай незалежнасьці вартыя краіны, што працягвае змагацца за свае ідэалы? Якія «надпісы» на манумэнтах нашай сямейнай памяці, нашай самаідэнтыфікацыі на бацькоўскіх магілах?.. Пра гэта далей, а пачынаем з пэйзажнай фатаграфіі. Я хачу, каб кожны, гледзячы на яе, убачыў сваю Незалежнасьць.

Здымак васільковага поля з ваколіцаў Грозава

Новы ўдзельнік фатаконкурсу — паэт Віктар Ліцьвінаў, які пра сябе, апроч таго, што паэт, нічога больш не напісаў. На мой сустрэчны ліст адказаў, як падалося, з энцыкляпэдычнай сьцісласьцю. «Я паэт цяжкой мэтафізыкі. Чытайце маю паэзію ў бібліятэках Амэрыкі, Лёндана, Эўропы. Жыве Беларусь!»

Усе здымкі, пасьведчыў аўтар, былі зроблены ў мястэчку Грозаў (гістарычная Случчына, сёньня Капыльскі раён — В.Д.). З чатырох я выбраў адзін — здымак васільковага поля. Мяркую, каб лепш зразумець ня толькі творчае амплуа Віктара, але схіліць голаў перад памяццю Грозаўскіх патрыётаў-паўстанцаў Слуцкага чыну, да васількоў варта добра прыгледзецца.

Незалежнасьць — гэта... васількі ў грозаўскім жыце?

Васількі. Ваколіцы мястэчка Грозаў. Капыльскі раён
Васількі. Ваколіцы мястэчка Грозаў. Капыльскі раён

Краязнаўства на роварах, або Рэпартаж з разынкамі

Таварыства Беларускай Мовы ў Магiлеве зладзіла чарговую краязнаўчую эксурсію на роварах — пошта ад Міхала Капычкі, прызёра першага туру нашага фатаконкурсу.

Ягоны фотарэпартаж я назваў бы рэпартажам «з разынкамі» — кожная фатаграфія мае вельмі арганічны элемэнт гістарычнай сымболікі — арнамэнтаванай стужкі, Пагоні, налепкі.

Міхал Капычка. Дабрачынная краязнаўчая экскурсія на роварах. Магілеў, 30 чэрвеня 2016
Міхал Капычка. Дабрачынная краязнаўчая экскурсія на роварах. Магілеў, 30 чэрвеня 2016

«Незалежнасьць — гэта... краязнаўства на роварах і годны асабісты выбар кожнага, хто далучаецца і стварае матывацыю гэтага сьвята, — у рэшце, бачыш, як горад ажывае ад колькасьці людзей, якія зрушыліся й пэдалююць, ад радаснага руху наперад пад позіркі агаломшанай вуліцы, ад мітусьлівых коркаў на пераходах, ад прыпынкаў пашаны і захапленьня перад гісторыяй роднага горада»

Дабрачынная краязнаўчая экскурсія на роварах. Магілеў, 30 чэрвеня 2016
Дабрачынная краязнаўчая экскурсія на роварах. Магілеў, 30 чэрвеня 2016

Дабрачынная краязнаўчая экскурсія на роварах. Магілеў, 30 чэрвеня 2016
Дабрачынная краязнаўчая экскурсія на роварах. Магілеў, 30 чэрвеня 2016

Дабрачынная краязнаўчая экскурсія на роварах. Магілеў, 30 чэрвеня 2016
Дабрачынная краязнаўчая экскурсія на роварах. Магілеў, 30 чэрвеня 2016

Дабрачынная краязнаўчая экскурсія на роварах. Магілеў, 30 чэрвеня 2016
Дабрачынная краязнаўчая экскурсія на роварах. Магілеў, 30 чэрвеня 2016

«Гэта была трэцяя сёлета бясплатная экскурсія на роварах у гістарычным цэнтры горада, якія арганізуе мясцовая суполка Таварыства беларускай мовы (ТБМ) і яе старшыня Алег Дзьячкоў, грамадзкі дзеяч, краязнаўца і экскурсавод,» — удаладніў Міхал Капычка.

Ровар і краязнаўства — выдатны тандэм, сябры! У мінулае — пэдалюючы разам. Але атрымліваецца наперад. Бо ровар, такая рэч, ня ведае задняга ходу.

Выканаць ролю прадпрымальніка ў... жанры «сэлфі»

Ільля Копыл не баіцца зьдзіўляць, дасылаючы свае дэклярацыі і вэрсіі незалежнасьці. «Я ужо быў паставiў кpoпку на сваiм удзеле ў фатаконкурсе, — піша спадар Копыл, — але вось прачытаў на сайце Свабоды пра трагiчны лёс 55-гадовай прадпрымальнiцы з Гомеля Тацяны Дубанавай... Сьветлая памяць!.. Зусiм нядаўна прадпрымальнiкi выходзiлi на плошчу, адстойваючы права на працоўныя месцы... Незалежнасць — гэта... калi кожны чалавек мае права займацца любiмай справай, мець свой уласны бiзнэс, зямлю, быць прадпрымальнiкaм, фэрмэрам, гандляром. Дзяржава яму не перашкаджае ў гэтым, а ўсяляк спрыяе ды захвочвае... Шчыра скажу, што сам я нiкoлi не займаўся гэтай справай i нiчога ў гэтым, бадай, не разумею. Але з дапамогай фатаграфiй паспрабаваў скласьці вобраз прадпрымальнiкa, якiм яго бачу. Дапамог мне знаёмы фатограф, мы працавалі ў творчым тандэме, дзе ролю прадпрымальніка выконваў я. Вось што атрымалася».

Спадар Ільля, як бачыце, я не прыняў Вашы сумненьні, што «матар’ял ня ўпішацца» ў фармат конкурсу. Так, у нейкім сэньсе нестандарт. Але Ваш прыклад варты заахвочаньня. І я ўдзячны Вам за гэта.

Прадпрымальнiк не адстае ад прагрэсу, уся iнфармацыя ў кампутары.
Прадпрымальнiк не адстае ад прагрэсу, уся iнфармацыя ў кампутары.

Прадпрымальнik ня ў Лёндане, а ў сваёй краiне i сам кipуе працэсам
Прадпрымальнik ня ў Лёндане, а ў сваёй краiне i сам кipуе працэсам

Прадпрымальнiк адукаваны чалавек i ўмее працаваць з праектнай дакумантацыяй
Прадпрымальнiк адукаваны чалавек i ўмее працаваць з праектнай дакумантацыяй

Прымаю даклады з аб"ектаў.
Прымаю даклады з аб"ектаў.

Нарада ў канцы працоўнага дня, падвядзенне вынiкаў
Нарада ў канцы працоўнага дня, падвядзенне вынiкаў

Наша апытанка. «Хацелася б, каб розных конкурсаў у асяродку дэмакратычнай грамадзкасьці ладзілася больш»

Удзельнікі фатаконкурсу адказваюць на пытаньне, чым зацікавіў іх фатаконкурс «Незалежнасьць — гэта...», хто з аўтараў, сяброў-удзельнікаў парадаваў найбольш, у рэшце, якія заўвагі і пажаданьні да арганізатараў. Сёньня дзеліцца ўражаньнямі адна з самых актыўных удзельніц фотааматарка Тацяна Трухановіч зь Менску (яна ж аўтар наступнай фотападборкі).

— Конкурс наогул для мяне — рэч заўсёды цікавая, тым больш на такую нечакана прыемную патрыятычную тэму... Тут якая адметнасьць? З аднаго боку, ён даступны, у ім досыць проста ўзяць ўдзел. Ня трэба штосьці суперскладанае прыдумляць, афармляць суправаджальныя дакумэнты, раздрукоўваць, кудысьці ісьці, адносіць працу. Дастаткова наздымаць фотасюжэтаў, выбраць найлепшыя і, не адыходзячы ад кампутара, адаслаць.

З другога боку — тут складаная інтэлектуальная праца. Трэба прыдумаць ідэю, адказаць на пытанне «Незалежнасць — гэта?..» Але найбольш адказнае і творчае — што менавіта сфатаграфаваць, каб цікава і вобразна была ўвасоблена ідэя, бо гэта ўсё ж фатаконкурс.

Хацелася б адзначыць камэнтары вядучага, якія натхняюць, падахвочваюць заставацца ў тэме і пошуку... Сярод конкурсных працаў мне больш за ўсё імпануе пакуль фатаздымак Міхала Капычкі «Пасьля залевы. На магілеўскай вуліцы 12 жніўня 2014». Ен і яна... Як мне падаецца, здымак вельмі дакладны па настроі сёньняшняй моладзі, тут ёсьць аптымізм і надзея, разам з тым — і адказнасьць за будучыню.

Было б вельмі файна, лічу, каб фота- ды іншых разнастайных конкурсаў у асяродку дэмакратычнай грамадзкасьці Беларусі ладзілася больш.

«Як манумэнт жывы, ўставай...»

Сёньня ад Тацяны Трухановіч маем новую тэму, у пэўнай меры працяг мэмарыяльнай, — тэму манумэнтальнага летапісу краіны, тэму помнікаў, памятных знакаў, ансамбляў, калёнаў, стэлаў і абэліскаў, назваў вуліц і гэтак далей. Што й казаць — актуальна!

«Незалежнасць — гэта... калі на плошчах нашых гарадоў стаяць помнікі нацыянальным славутасьцям, мясцовым дзеячам і героям».

Помнік Францішку Скарыну ў Менску. На другім пляне, за помнікам, паўстае квартал, у якім ёсьць вуліцы Кірылы Тураўскага і Пятра Мсьціслаўца. Непадалёк знаходзіцца вуліца і ў гонар самога...
Помнік Францішку Скарыну ў Менску. На другім пляне, за помнікам, паўстае квартал, у якім ёсьць вуліцы Кірылы Тураўскага і Пятра Мсьціслаўца. Непадалёк знаходзіцца вуліца і ў гонар самога...

Помнік Адаму Міцкевічу ў Наваградку
Помнік Адаму Міцкевічу ў Наваградку

«Менавіта ў гады незалежнасьці, — высноўвае Тацяна, — шырокай грамадзкасьці сталі добра вядомыя імёны Францыска Скарыны, Тадэвуша Касьцюшкі, Льва Сапегі, Напалеона Орды ды шмат іншых. Як высьветлілася, Адам Міцкевіч — і беларускі паэт таксама, Міхал Клеафас Агінскі, Станіслаў Манюшка — нашы беларускія кампазытары, Казімер Малевіч і Марк Шагал — нашы мастакі. Сёньня, спадзяюся, шмат хто не задумаўшыся адкажа на пытаньне, хто такія Міндоўг, Гедзімін, Альгерд, Ягайла, Вітаўт, Соф’я Гальшанская... На жаль, яшчэ далёка ня ўсім беларускім героям, гістарычным асобам, славутасьцям і падзеям пастаўлены помнікі ў нашых гарадах і мястэчках. Але, хоць і марудна, такія помнікі зьяўляюцца. І мы гэта бачым!».

Помнік Соф'і Гальшанскай у Гальшанах на Ашмяншчыне
Помнік Соф'і Гальшанскай у Гальшанах на Ашмяншчыне

Памятны камень у гонар Тадэвуша Касцюшкі ў Мерачоўшчыне, Івацэвіцкі раён
Памятны камень у гонар Тадэвуша Касцюшкі ў Мерачоўшчыне, Івацэвіцкі раён

Пяць здымкаў ад вядучага. Пра сямейныя пахаваньні і надпісы па-беларуску

Апошнім часам усё часьцей заўважаю на нашых беларускіх могілках дарагія надпісы па-беларуску: удзячныя ды абавязаныя нашчадкі, сямейнікі-родзічы выбіраюць для помнікаў беларускамоўнасьць, шануючы гэтым Сваё, тое, што нітуе і аб’ядноўвае памяць пакаленьняў. Нядаўна, шукаючы магілу дзеда Ўладзімера Жылкі на гародзейскіх могілках, натрапіў на рэдкі сямейны манумэнт-помнік на месцы пахаваньня і памяці продкаў з роду Скачкоў (адно з распаўсюджаных прозьвішчаў у стаўпецка-нясьвіскім памежжы). Храналагічна выпісаныя пакаленьні, удалая графіка, адпаведны дызайн з вылучэньнем рэпрэсаваных родзічаў — усё надзвычай пасуе месцу, але найперш беларуская мова як самы праўдзівы і годны элемэнт. Схіліў галаву ў пашане і ўдзячнасьці.

«Незалежнасьць — гэта... надпісы на нашых бацькоўскіх магілах па-беларуску, гэта клопат і запавет у нашых асабістых тастамэнтах на будучыню»

Помнік на месцы адноўленага пахаваньня (з вылучэньнем ахвяр сталінізму). Могілкі ў гарадзкім пасёлку Гарадзея. Нясьвіскі раён. 2016
Помнік на месцы адноўленага пахаваньня (з вылучэньнем ахвяр сталінізму). Могілкі ў гарадзкім пасёлку Гарадзея. Нясьвіскі раён. 2016

Надмагільны помнік. Могілкі ў вёсцы Студзёнкі. Нясьвіскі раён. 2016
Надмагільны помнік. Могілкі ў вёсцы Студзёнкі. Нясьвіскі раён. 2016

Надмагільны помнік. Старыя могілкі ў мястэчку Вішнявец (гіст. назва Гавязна). Стаўпецкі раён. 2013
Надмагільны помнік. Старыя могілкі ў мястэчку Вішнявец (гіст. назва Гавязна). Стаўпецкі раён. 2013

Надмагільны помнік. Могілкі ў гарадзкім пасёлку Гарадзея. Нясьвіскі раён. 2016
Надмагільны помнік. Могілкі ў гарадзкім пасёлку Гарадзея. Нясьвіскі раён. 2016

Помнік з эпітафіяй па-беларуску. Новыя могілкі ў мястэчку Вішнявец. Стаўпецкі раён. 2015
Помнік з эпітафіяй па-беларуску. Новыя могілкі ў мястэчку Вішнявец. Стаўпецкі раён. 2015

Фатаконкурс «Незалежнасьць — гэта...»: застаецца 37 дзён, апошні тэрмін 22 жніўня

Наступны выпуск-агляд плянуем 30 ліпеня; каб патрапіць у наступную галерэю, дасылайце працы да серады 27 ліпеня ўлучна. 22 жніўня мы вымем з фатаскрыні апошнюю пошту, каб 25 жніўня падвесьці вынікі ІІ туру.

Згодна з рашэньнем журы, усе ўдзельнікі першага і другога тураў (статус удзельніка замацоўваецца за аўтарамі здымкаў, якія паказаны ў галерэі) атрымаюць заахвочвальныя прызы — кнігі з бібліятэкі Радыё Свабода. Хто не даслаў, дашліце свой паштовы адрас; хто дасылае, паклапаціцеся пра гэта наперад. Жадаю спрыяльнага творчага лета! Сьвятла ў вашы камэры!

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG