Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кароткатрывалы турэцкі пераварот


Прэзыдэнт Турэччыны Таіп Рэджэп Эрдаган выступае са зваротам зь лётнішча ў Стамбуле.

Прэзыдэнт Турэччыны Таіп Рэджэп Эрдаган выступае са зваротам зь лётнішча ў Стамбуле.

Рэгіянальны дырэктар Радыё Свабода / Радыё Свабодная Эўропа Абас Джавадзі камэнтуе падзеі апошняй ночы ў Турэччыне.

Гэта была «клясычная турэцкая» спроба перавароту: арганізаваная часткай войска, ізаляванай ад народных масаў.

Аднак паступова прыхільнікі ўладаў — хоць і не шматлікія — пачалі выходзіць на вуліцы і займаць стратэгічныя пазыцыі ў вялікіх гарадах, тым часам як зусім мала людзей дэманстравала на вуліцах падтрымку мяцежнікам.

Яшчэ ў пятніцу ўвечары лідэры трох найбуйнейшых палітычных партыяў, прадстаўленых у парлямэнце, пасьпяшаліся асудзіць любыя спробы перавароту, спаслаўшыся на «горкі досьвед» трох мінулых вайсковых пераваротаў, і заявілі, што «ўлада была абраная народам і можа быць зьмененая толькі ў выніку выбараў — а не шляхам перавароту».

Нават колішнія саюзьнікі ўладаў, якія перайшлі ў лягер крытыкаў — прыкладам, былы прэзыдэнт Абдулах Гюль і былы міністар замежных справаў Ахмэт Давутаглу — выступілі з падтрымкай «канстытуцыйнага і выбранага» ўраду.

Наагул, як выглядае, праўрадавы выступ супраць мяцежнага войска ўзначалілі паліцыя і іншыя сілы бясьпекі, як напрыклад сілы хуткага рэагаваньня МУС Турэччыны.

У шмат якіх выпадках шараговых ўдзельнікаў спробы перавароту — часта гэта былі вельмі маладыя людзі, якія відавочна не ўсьведамлялі, у чым яны ўдзельнічаюць — раззбройвалі і затрымлівалі паліцыянты, часам пасьля дробных перастрэлак.

На працягу ночы таксама турэцкія дэпутаты пачалі зьбірацца ў будынку парлямэнту ў Анкары, які стаў аб’ектам авіяўдараў мяцежнікаў, як шматлікія іншыя ўрадавыя будынкі і стратэгічныя аб’екты, накшталт сядзібы турэцкага Тэлекому і дзяржаўнага радыётэлецэнтру.

Радыё і тэлеканалы спынілі вяшчаньне, аднак прадстаўнікі ўладаў здолелі выкарыстаць тыя, які працягвалі свае праграмы — так, прэзыдэнт Рэджэп Таіп Эрдаган зьявіўся ў эфіры каналу CNN Turk на відэасувязі праз мабільны тэлефон і заклікаў насельніцтва не здавацца.

Неўзабаве пачаліся арышты. Да раніцы ў суботу каля 1500 прадстаўнікоў войска і службаў бясьпекі, падазраваных ва ўдзеле ў перавароце, у тым ліку 5 генэралаў і 29 палкоўнікаў, былі затрыманыя.

Вярнуўшыся ў Стамбул, Эрдаган паабяцаў як мага хутчэй аднавіць парадак і пакараць «здраднікаў».

Вяртаньне да звычайнага рэжыму стамбульскага лётнішча імя Атацюрка і паступовае аднаўленьне палётаў сталіся ў суботу раніцай знакамі новага дня.

Ад самага пачатку Эрдаган і іншыя афіцыйныя асобы абвінавачвалі ў спробе перавароту невялікую мяцежную групу вайскоўцаў, называючы іх прыхільнікамі рэлігійнага дзеяча Фэтхулаха Гюлена, які жыве на выгнаньні ў ЗША.

Улады называюць прыхільнікаў Гюлена «тэрарыстычнай групай», якая ўжо даўно плянуе зьвяржэньне выбраных уладаў краіны.

Прыхільнікі Гюлена за апошнія два дзесяцігодзьдзі занялі шмат важных пазыцыяў у турэцкім войску, паліцыі, адукацыі і судовай сыстэме. Яны падтрымлівалі Эрдагана на пачатку 2000-х гадоў і пазьней дапамаглі яму прыйсьці да ўлады, а пасьля быць пераабраным. Але ў 2011 годзе ўрад Эрдагана пачаў адхіляць іх з важных пазыцыяў ва ўрадзе, мас-мэдыях і бізнэсе.

Выглядае, што са спробай перавароту 15 ліпеня выступіла гэтая групоўка прыхільнікаў Гюлена, аднак яна ня мела істотнай падтрымкі з боку турэцкай апазыцыі.

І ўжо ў суботу раніцай — менш чым праз 12 гадзінаў пасьля яе пачатку — было ясна, што яна скончыцца паразай.

XS
SM
MD
LG