Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спэцслужбы Францыі правераць заяву «Ісламскай дзяржавы» пра адказнасьць за тэракт у Ніцы


Францускія спэцслужбы правяраюць сапраўднасьць заявы аб адказнасьці групоўкі «Ісламская дзяржава» за тэракт у Ніцы, у якім 14 ліпеня загінулі 84 чалавекі. У суботу раніцай 16 ліпеня агенцтва ісламістаў Amaq разьмясьціла заяву ад імя ІГ, у якім Мухамад Лахуідж Бугляль названы «салдатам Ісламскай дзяржавы».

AFP адзначае, што заява ІГ пра адказнасьць за тэракт у Ніцы была апублікавана праз 36 гадзін пасьля трагедыі.

Тэрарыстычная групоўка сьцьвярджае, што Бугляль «правёў апэрацыю ў Ніцы, адгукнуўшыся на заклікі наносіць удары па грамадзянах краін кааліцыі, якая змагаецца супраць «Ісламскай дзяржавы»». У МУС Францыі агенцтву France-Presse паведамілі, што правяраюць сапраўднасьць разьмешчанай у Інтэрнэце заявы. Групоўка «Ісламскай дзяржавы» ўзяла на сябе адказнасьць за сэрыю тэрактаў, у якіх 13 лістапада 2015 года ў Парыжы загінула 130 чалавек.

У суботу 5 чалавек заставаліся пад вартай па справе аб тэрактах у Ніцы, паведаміла агенцтва France-Presse. Напярэдадні паліцыя затрымала жонку Бугляля, а таксама аднаго чалавека зь яго асяродзьдзя. У суботу раніцай у двух раёнах Ніцы паліцыя затрымала яшчэ 3 мужчын.

31-гадовы грамадзянін Тунісу Мухамад Лахуідж Бугляль, які пражываў у Ніцы, увечары 14 ліпеня ўрэзаўся на грузавіку ў натоўп на Ангельскай набярэжнай і праехаў 2 кілямэтры. Бугляль быў застрэлены паліцыянтамі. Пад коламі грузавіка загінула 84 чалавекі, 202 атрымалі раненьні. Дзясяткі параненых знаходзяцца ў крытычным або вельмі цяжкім стане.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG