Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камунальнікі Мазыра «накручвалі» сабе незаконныя прэміі


Мазырскі райжылкамгас на патрабаваньне Камітэту дзяржкантролю Гомельскай вобласьці вярнуў у бюджэт незаконна атрыманыя 6 мільярдаў недэнамінаваных рублёў. Як высьветлілі кантралёры, райжылкамгас і ягоны філіял «Мазырцепласетка» безгаспадарна выдаткоўвалі электраэнэргію для ацяпленьня абʼектаў. За 2011–2014 гады яны перабралі звыш нарматыву амаль 6 мільёнаў кіляват-гадзін электраэнэргіі коштам каля 7 мільярдаў рублёў.

Насуперак дзейнаму заканадаўству гэтыя выдаткі прадпрыемства аднесла на сабекошт аказаных насельніцтву жыльлёва-камунальных паcлугаў, патрабуючы пакрыцьця іх зь бюджэту.

Службоўцы «Мазырцепласеткі» ў справаздачах аб выкарыстаньні паліўна-энэргетычных рэсурсаў не пазначалі звышнарматыўнага выдаткоўваньня электраэнэргіі, а пісалі, што нормы захаваныя. Фіктыўныя справаздачы дазвалялі кіраўнікам структурных падразьдзяленьняў і спэцыялістам незаконна атрымліваць прэміі — агулам каля 3 мільярдаў рублёў. Прэміі таксама ўключаліся ў сабекошт паслугаў насельніцтву за цяпло.

Філіял «Мазырцепласетка» перабраў зь бюджэту звыш 6 мільярдаў недэнамінаваных рублёў. На вінаватага службоўца завялі крымінальную справу.

Пасьля ўмяшаньня Камітэту дзяржкантролю «Мазырскі райжылкамгас» вярнуў у казну ўсё да капейкі. Камунальнікі дадаткова заплацілі ў бюджэт 1,5 мільярда рублёў падаткаў і адлічэньняў з прыбытку, а таксама пеню.

Сайт Камітэту дзяржкантролю паведамляе, што цяпер разглядаецца пытаньне наконт прыцягненьня да адміністрацыйнай адказнасьці кіраўнікоў КЖУП «Мазырскі райжылкамгас».

XS
SM
MD
LG