Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Абмяркоўваюць Уладзімер Глод, Валер Карбалевіч і Ігар Карней.

Карней: У Віцебску стартаваў фэстываль мастацтваў «Славянскі базар». Аляксандар Лукашэнка на ўрачыстай цырымоніі адкрыцьця заявіў: дзякуючы імпрэзе сьвет пазнаёміўся зь Беларусьсю, зь яе нацыянальнай культурай. Што «нацыянальнага» ў мерапрыемства, перапоўненага расейскай «папсой»? Ці можна лічыць «Славянскі базар» адлюстраваньнем беларускай культуры?

Апошнія два дзясяткі гадоў віцебскім фэстывалем Лукашэнка апякуецца асабіста. Гэта адно з рэдкіх культурніцкіх мерапрыемстваў, якое кіраўнік краіны наведвае заўжды, падпявае артыстам, пляскае ў ладкі і нават кідаецца ў скокі. Гэта цалкам ягоны фармат — савецкая эстрада, эстафэту якой ад пачатку 1990-х падхапіла расейская шоў-тусоўка.

Гэта адно з рэдкіх культурніцкіх мерапрыемстваў, якое кіраўнік краіны наведвае заўжды, падпявае артыстам, пляскае ў ладкі і нават кідаецца ў скокі. Гэта цалкам ягоны фармат — савецкая эстрада, эстафэту якой ад пачатку 1990-х падхапіла расейская шоў-тусоўка

Дастаткова зірнуць на сёлетнюю афішу: ужо сёньня ўвечары ў рамках праграмы «Союзное государство приглашает...» грымне ўсімі сваімі літаўрамі Акадэмічны ансамбль песьні і танца Расейскай арміі імя Аляксандрава.

У абласным цэнтры будуць мець сольныя выступы Валерый Лявонцьеў (ён жа старшыня конкурснага журы), Аляксандар Буйноў, Ларыса Доліна, Крысьціна Арбакайце, Сяргей Лазараў, Ксенія Дзяжнёва, Вітольд Пятроўскі, Надзея Бабкіна са сваёй «Русской песней», арт-гурты «Хор Турецкого» і «Сопрано Турецкого», расейскі шоў-балет Сяргея Мандрыка.

Асобна — цэлая «зборная» па шансону: Алена Ваенга, Аляксандар Разэнбаўм, Міхаіл Шуфуцінскі, Любоў Усьпенская. Адносна маладыя імёны — Дыяна Арбеніна, Марына Дзявятава, Глеб Матвяйчук, Аліна Артц, Ягор Крыд, Аляксей Гоман, Міхаіл Нікіцін, Юліяна Каравулава, Джыган, Мот, гурты «Банд’эрос», Mband, «Баян MIX».

Артыстаў суправаджае дэсант вядоўцаў — Уладзімер Бярэзін, Дзьмітры Губерніеў, Ірына Мядзьведзева, Іван Чуйкоў, Эдгар Запашны.

На гэтым фоне прадстаўніцтва гаспадароў больш чым сьціплае. У пераважнай масе гэта прозьвішчы, якія не зьмяняюцца дзесяцігодзьдзямі ці прадстаўляюць «афіцыйную» беларускую эстраду: Нацыянальны акадэмічны аркестар пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга, Анатоль Ярмоленка са сваімі «Сябрамі», Аляксандар Ціхановіч і Ядвіга Паплаўская, Мікалай Скорыкаў, Алена Ланская, Пётар Ялфімаў, Руслан Аляхно, «Беларускія песьняры».

Узьнікае лягічнае пытаньне: дзе праявы «нацыянальнай ідэнтычнасьці беларусаў», якую, словамі Лукашэнкі, нібыта разгледзеў увесь сьвет?

Можа, нейкую нацыянальную ідэю «прасоўваюць» «Сябры» — «Верасы»? Бадай, ніякую, тым больш калі хоць крыху пацікавіцца пазыцыяй і выказваньнямі іх заснавальнікаў.

«Руский мир» — так, відавочна прысутнічае; цэлы дзень сабе «адхапіла» эфэмэрная «саюзная дзяржава». Можа, нейкую нацыянальную ідэю «прасоўваюць» «Сябры» — «Верасы»? Бадай, ніякую, тым больш калі хоць крыху пацікавіцца пазыцыяй і выказваньнямі іх заснавальнікаў.

«Славянскі базар» — гэта адлюстраваньне «саўковых» густаў самога Лукашэнкі. Нездарма маскоўскія госьці фэстывалю — спрэс беларускія ардэнаносцы. Раздача галоўнай некалі нацыянальнай узнагароды — ордэна Францішка Скарыны — пастаўленая на паток і дэвальваваная ў сваёй сутнасьці.

Сярод тых, хто, з гледзішча вышэйшага кіраўніцтва, меў дачыненьне да «разьвіцьця беларускай культуры» і атрымаў Скарыну ў калекцыю, — Аляксандра Пахмутава, Надзея Бабкіна, Мікалай Баскаў, Юрый Антонаў, Філіп Кіркораў, Віктар Дробыш. Гэта калі ня браць пад увагу ордэны кшталту «Дружбы народаў» ці мэдаль згаданага ўжо Скарыны, а таксама граматы і дыплёмы.

«Базар» саюзнай ідэалёгіі — бадай, так назвацца было б больш актуальна...

Глод: Экспэрты ў галіне эстрады зафіксавалі тэндэнцыю: з гадамі «Славянскі базар» усё больш ператвараецца ў гала-канцэрт прадстаўнікоў расейскага шоў-бізнэсу. Нават тыя прозьвішчы, якія пералічыў Ігар Карней, пераконваюць: калі раней ганаровымі гасьцямі былі сучасныя зоркі замежнай эстрады, то цяпер — вэтэраны савецкай сцэны. Нават чыноўнікі ад культуры канстатуюць, што імпрэза загрузла ў сваёй кансэрватыўнасьці і патрабуе істотнай мадыфікацыі.

Абсалютная дамінанта «Славянскага базару» — расейская культура, якая запаўняе сабой увесь фэстывальны зрэз. І людзі на канцэрты расейскіх зорак ідуць. Па-першае, за многія гады ўжо прызвычаіліся да іх. Па-другое, у апошнія гады альтэрнатывы маскоўскім гасьцям няма.

Абсалютная дамінанта «Славянскага базару» — расейская культура, якая запаўняе сабой увесь фэстывальны зрэз. І людзі на канцэрты расейскіх зорак ідуць

Ну, а расейцы адчуваюць сябе ў Віцебску гаспадарамі. Памятаецца, некалькі год таму міністар культуры Беларусі Барыс Сьвятлоў пачаў свой выступ на прэсавай канфэрэнцыі па-беларуску. Але яго спынілі прадстаўнікі расейскіх мэдыяў, якія заўважылі, што яны тут «ня лішнія», і папрасілі гаварыць па-расейску. І міністар іх паслухаўся.

Акрамя культурнага і палітычнага аспэкту, «Славянскі базар» нясе ў сабе і фінансавы чыньнік. На імпрэзу трацяцца вялікія грошы. Некаторыя экспэрты лічаць, што яны бессэнсоўна выкідаюцца на палітычную ганарыстасьць, на палітычна-музычную кампанію.

У той жа Польшчы штогод праводзяцца розныя фэстывалі, і ўсе яны ладзяцца не за кошт падаткаплатнікаў, а за кошт спонсараў і арганізатараў. І на польскіх фэстывалях яшчэ грошы зарабляюць! А ў нас толькі трацяць. Чыноўнікі доўга не казалі, адкуль бяруцца грошы. І толькі апошнім часам былі заявы, што іх бралі то зь бюджэту так званай Саюзнай дзяржавы, то з рэзэрвовага фонду кіраўніка Беларусі. Як быццам там нейкія іншыя сродкі, а ня грошы падаткаплатнікаў.

Карбалевіч: «Славянскі базар» — гэта найперш падзея, якая мае выразны палітычны кантэкст. У сярэдзіне 1990-х гэта быў сымбаль беларуска-расейскай інтэграцыі. З таго часу інтэграцыя прайшла пэўную эвалюцыю, а разам зь ёй і «Славянскі базар». Ён і цяпер грае значную ролю ў кантэксьце беларуска-расейскіх дачыненьняў. Канцэрты трансьлююць расейскія тэлеканалы, і гэта, мабыць, адзіная падзея ў Беларусі, якую наўпрост перадае расейскае тэлебачаньне. Зразумела, разам з выступам Аляксандра Лукашэнкі. Таму гэта сродак узьдзеяньня на расейскае грамадзтва: маўляў, глядзіце, мы ж браты-славяне, а вы нам скарачаеце пастаўкі нафты.

У гэтым сэнсе «Славянскі базар» адлюстроўвае густы ня толькі Лукашэнкі, але, магчыма, нават большасьці беларусаў. Ва ўсялякім разе — значнай часткі беларускага грамадзтва.

Яшчэ адзін момант, на які ўвесь час зьвяртае ўвагу Лукашэнка. «Славянскі базар» падвышае статус Беларусі ў сьвеце. Ён павінен сьведчыць, што Беларусь — цэнтар эўрапейскай культуры, духоўнасьці. І невыпадкова Лукашэнка заўсёды адчыняе фэстываль і ўвесь час падкрэсьлівае: калі б ня я, дык «Славянскага базару» не было б. Мабыць, так і ёсьць.

Што тычыцца пытаньня, ці можна лічыць «Славянскі базар» адлюстраваньнем беларускай культуры. Калі казаць пра ўласна беларускую этнічную культуру, то там, на фэстывалі, яе няшмат. Але ці шмат яе ў сучасным беларускім жыцьці наогул? Ці сьпяваюць беларускія песьні, напрыклад, на вясельлях, на днях народзінаў, за агульным сталом на сьвятах? Там таксама пераважае расейская «папса».

У гэтым сэнсе «Славянскі базар» адлюстроўвае густы ня толькі Лукашэнкі, але, магчыма, нават большасьці беларусаў. Ва ўсялякім разе — значнай часткі беларускага грамадзтва.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG