Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Глыбокім расплаціліся 20 рублямі, раздрукаванымі на прынтэры


Да праваахоўнікаў зьвярнулася прадавачка адной з крамаў гораду Глыбокае і паведаміла, што пакупнік разьлічыўся зь ёй за прадукты грашовай купюрай узору 2009 году наміналам 20 рублёў. Прадавачка засумнявалася, ці сапраўдная тая банкнота.

Міліцыянты высьветлілі, што за прадукты фальшыўкай расплаціўся 48-гадовы мясцовы жыхар. Пры правядзеньні далейшага разбору высьветлілася, што падробленую купюру мужчыну перадаў 46-гадовы беспрацоўны знаёмы, неаднаразова судзімы, які ведаў, што купюра фальшывая.

31-гадовы глыбоцкі бізнэсовец, які займаецца вырабам рэклямнай прадукцыі, на працоўным месцы адсканаваў сапраўдную купюру ў 20 беларускіх рублёў, раздрукаваў атрыманую карцінку на звычайным прынтэры і перадаў знаёмаму, папярэдзіўшы, што купюра не сапраўдная.

Падчас ператрусаў па месцы жыхарства і ў службовым офісе прадпрымальніка канфіскаваныя два кампутары, прынтэр і сканэр.

У дачыненьні да збытчыкаў падробленай банкноты заведзена крымінальная справа паводле ч.1 арт.221 Крымінальнага кодэксу Беларусі (выраб і збыт падробленых грошай). Падазраваны затрыманы. Паводле крымінальнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь за выраб, захоўваньне альбо збыт фальшывых грошай прадугледжана пакараньне да 15 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці. Праводзіцца далейшае расьсьледаваньне, паведамляе сайт МУС.

Ад пачатку году праваахоўнікі выявілі 432 злачынствы, зьвязаныя з вырабам, захоўваньнем альбо збытам падробленых грошай і каштоўных папер.

У Беларусі больш падрабляюць замежную валюту, чым нацыянальную. Найчасьцей — даляры ЗША, эўра і расейскія рублі. Беларускія рублі падраблялі ў адзінкавых выпадках.

XS
SM
MD
LG