Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 16 ліпеня: Фэстываль «Вольнае паветра» на хутары Шаблі


Хутар Шаблі, фэстываль "Вольнае паветра", архіўнае фота

Хутар Шаблі, фэстываль "Вольнае паветра", архіўнае фота

Падзеі і даты сёньняшняга дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

АФІША

У Менску на пляцоўцы перад Камароўскім рынкам адбудзецца вялікі кааліцыйны пікет. У ім возьмуць удзел Анатоль Лябедзька, Віталь Рымашэўскі, Юрась Губарэвіч і сьпікеры трох структур: АГП, БХД і Руху «За свабоду!». Пачатак у 11:00.

У Верхнім горадзе пройдзе штотыднёвы фэстываль вулічнай культуры «Пешаходка». Пачатак у 12:00.

У Музэі беларускага народнага мастацтва ў Раўбічах пройдуць майстар-клясы па стварэньні лялек-«мотанак», ткацтве паясоў, саломапляценьні і росьпісе яек.

На хутары «Шаблі» (Валожынскі р-н, вёска Малое Запрудзьдзе) пройдзе музычны фэстываль новага этна «Вольнае паветра» з удзелам аўтэнтычных выканаўцаў фальклёру і сучасных музыкаў. Акрамя ўласна музыкі вас чакае катаньне на тролі і турнір па кіданьні каровіных кізякоў. Пачатак у 15:00.

Арганізатар «Вольнага паветра»: Нам «навязваюць» паўтара дзясятка міліцыянтаў. Навошта?

У клюбе «Графіці» — «Бэрта & Баян»: вечар францускага шыку ад сьпявачкі Бэрты пад баян. Пачатак у 19:00.

Як і кожную летнюю суботу а 20.00 на Пляцы Волі — канцэрт з сэрыі «Клясыка каля ратушы з velcom». Сёньня — піяністы-геніі: малады Ўладзіслаў Хандогі і яго дарослы калега Кірыл Кедук, а таксама шоў-канцэрт «Музычная дуэль Павароці і Сінатры» з удзелам саліста Цурыхскай опэры тэнара Паўла Пятрова, барытона Антона Мартынава і MuzzicDom Orchestra.

На Востраве Каханьня на Менскім моры — Open-air фэстываль электроннай музыкі «Космас наш!». Пачатак а 21:00.

У гісторыі

1054 — папскія легаты абвясьцілі адлучэньне ад Царквы канстантынопальскага патрыярха Міхаіла Керуларыя, а ён — легатаў. Гэтая дата лічыцца пачаткам Вялікай схізмы, якая падзяліла адзіную да таго часу хрысьціянскую Царкву на дзьве часткі.

1941 — Нямецкія войскі занялі Смаленск.

1945 — ЗША правялі першае пасьпяховае выпрабаваньне атамнай бомбы на палігоне ў штаце Нью-Мэксыка.

1951 — быў апублікаваны славуты раман «Лавец у жыце» амэрыканскага пісьменьніка Джэрома Сэлінджэра.

1990 — Вярхоўная Рада Ўкраіны прыняла Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце.

1990 — Савет Міністраў БССР абвясьціў комплекс помнікаў гісторыі і культуры Полацку Полацкім гісторыка-культурным запаведнікам рэспубліканскага значэньня.

2005 — у Менску пачаўся ІV зьезд беларусаў сьвету.

У гэты дзень нарадзіліся

1863 — Ціхан Кібардзін, беларускі архітэктар. Пад яго кіраўніцтвам у 1890 і 1902 гадах былі распрацаваныя генэральныя пляны забудовы Віцебску.

1872 — Руаль Амундсэн, нарвэскі падарожнік.

1879 — Васіль Рагуля, беларускі грамадзка-палітычны дзяяч.

1908 — Юрка Лявонны, беларускі паэт. Расстраляны савецкімі карнымі органамі ў 1938 годзе.

1968 — Лары Сэнгер, адзін з заснавальнікаў і галоўны рэдактар Вікіпэдыі.

У гэты дзень памерлі

1976 — Ян Станкевіч, беларускі мовазнавец, гісторык, палітычны дзяяч.

1985 — Генрых Бёль, нямецкі пісьменьнік, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па літаратуры.

1989 — Гербэрт фон Караян, аўстрыйскі дырыжор.

1990 — Мікалай Арэхва, дзеяч рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі, беларускі гісторык.

Цытата

Прадбачлівасьць і асьцярожнасьць аднолькава важныя: прадбачлівасьць — каб своечасова заўважыць цяжкасьці, а асьцярожнасьць — каб самым дбайным чынам падрыхтавацца да іх сустрэчы.

Руаль Амундсэн

XS
SM
MD
LG