Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Чаму Расея баіцца старшыню Рады кіраўнікоў вяшчаньня ЗША


Джон Лэнсінг

Джон Лэнсінг

Выканаўчы дырэктар Рады кіраўнікоў вяшчаньня ЗША (BBG) Джон Лэнсінг выступіў з заяваў з нагоды адмовы ва ўезьдзе ў Расею старшыні BBG Джэфу Шэлу.

У аўторак старшыні Рады кіраўнікоў вяшчаньня (BBG) Джэфу Шэлу было адмоўлена ва ўезьдзе ў Расею, ён быў затрыманы на маскоўскім лётнічшы Шарамецьцева. Нягледзячы на тое, што ён меў дзейны пашпарт і расейскую візу, яго замкнулі ў пакоі на некалькі гадзін, пасьля чаго прадстаўнікі расейскай службы бясьпекі эскартавалі яго на борт самалёта рэйсам на Амстэрдам.

Пазьней Міністэрства замежных справаў Расеі ілжыва абвясьціла, што старшыня Шэл быў адным з арганізатараў «антырасейскай прапаганды» і падпаў пад санкцыі ў адказ на амэрыканскія візавыя санкцыі супраць расейскіх грамадзянаў. Пасьля яны патлумачылі сваю пазыцыю, падкрэсьліўшы, што ўсе, хто ўводзіць санкцыі супраць Расеі, павінны быць гатовыя да «непазьбежных захадаў у адказ».

Гэтая непрыхаваная агрэсіўнасьць не скіраваная выключна на замежных афіцыйных асобаў і бізнэсоўцаў. Кожны дзень расейскія ўлады прымушаюць маўчаць крытыкаў і шчыльна кантралююць паток інфармацыі ў краіне і вакол яе. «Голас Амэрыкі» і «Радыё Свабода / Радыё Свабодная Эўропа» падаюць бесстароньнюю і нецэнзураваную інфармацыю аўдыторыі ў Расеі ў суседніх краінах. Але яны робяць гэта зь вялікай рызыкай.

За апошні год журналісты «Голасу Амэрыкі» і «Радыё Свабода / Радыё Свабодная Эўропа» неаднаразова былі аб’ектам кампаніяў ачарненьня і паклёпу, арганізаваных пракрамлёўскімі мэдыямі, некалькі нашых карэспандэнтаў і аўтараў атрымалі пагрозы, у іх кватэрах адбыліся ператрусы.

Тым часам як Russia Today (RT) і «Спутнік» свабодна рэтрансьлююцца ў Злучаных Штатах , амэрыканскім арганізацыям міжнароднага вяшчаньня адмоўлена ў ліцэнзіях на вяшчаньне ў Расеі.

Місія Рады кіраўнікоў вяшчаньня ясная. Мы інфармавалі і будзем надалей інфармаваць, прыцягваць да дыялёгу і злучаць людзей па ўсім сьвеце для падтрымкі свабоды і дэмакратыі. Я ганаруся наватарскімі праграмамі і службамі, якія нашы прафэсійныя журналісты і супрацоўнікі прапануюць расейскай аўдыторыі. Мы ўпэўненыя, што яна мае права на неабмежаваны доступ да інфармацыі, і мы будзем і надалей паведамляць пра факты і рабіць даступнай неабходную інфармацыю.

Здарэньне з старшынём нашай Рады вартае шкадаваньня, яно нагадвае нам, чаму праца, якую мы робім, такая важная і чаму мы не зьбіраемся яе спыняць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG