Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якіх «разумных межаў» дамагаецца Беларусь ад ААН у пытаньні правоў чалавека


Намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Валянцін Рыбакоў заявіў на пасяджэньні Генэральнай Асамблеі ААН, што «ўлік правоў чалавека ў дзейнасьці ААН павінен мець разумныя межы».

Абмяркоўваюць: Уладзімер Глод, Валер Карбалевіч, Юры Дракахруст.


Глод: Намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Валянцін Рыбакоў 12 ліпеня выступіў на пасяджэньні Генэральнай Асамблеі ААН высокага роўню па правах чалавека. Прадстаўнік Беларусі сказаў, што найбуйнейшая ў сьвеце міжнародная арганізацыя прыняла амбіцыйную праграму ў галіне чалавечага разьвіцьця, куды ўваходзяць і правы чалавека. У ёй дакладна прапісаныя арыенціры для міжнароднай супольнасьці да 2030 году.

Беларускі чыноўнік з трыбуны ААН заклікаў «не дадумваць гэты дакумэнт або чытаць яго паміж радкоў, у тым ліку ў кантэксьце правоў чалавека». Ён заклікаў краіны ААН пачаць працаваць у гэтым кірунку на аснове ўліку меркаваньняў усіх дзяржаў.

Падобныя выступы ў ААН называюць дзяжурнымі. У іх прызнаецца праблема, адзначаецца важнасьць яе вырашэньня і неабходнасьць кансалідаваць агульныя намаганьні. Спадар Рыбакоў паведаміў, што афіцыйны Менск завяршае падрыхтоўку Пляну па выкананьні Беларусьсю рэкамэндацыяў па выніках унівэрсальнага пэрыядычнага агляду і органаў, створаных у адпаведнасьці з праваабарончымі канвэнцыямі. Беларусь таксама чакае візыту Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека на запрашэньне Аляксандра Лукашэнкі.

Калі б намесьнік міністра абмежаваўся толькі гэтым, то на ягоны выступ ніхто не зьвярнуў бы асаблівай ўвагі, і гэты тэкст традыцыйна застаўся б у архівах.

Аднак гэтым разам з вуснаў афіцыйнага прадстаўніка Беларусі прагучала даволі незвычайнае разуменьне правоў чалавека. Спадар Рыбакоў перакананы, што «правы чалавека сталі выкарыстоўвацца ў якасьці інструмэнта спэкуляваньня і ціску, для адстойваньня геапалітычных інтарэсаў асобных краін, аж да спробаў, часам удалых, зьмены ўнутранага ладу той ці іншай сувэрэннай дзяржавы».

Я прыйшоў да высновы, што патрабаваньне Беларусі да ААН аб «разумных межах» ёсьць звычайнай помстай за рашэньне гэтай арганізацыі працягнуць мандат спэцдакладчыка Міклаша Харасьці.

Беларускі чыноўнік лічыць, што «падстава для ўмяшаньня ва ўнутраныя справы сувэрэнных дзяржаў заўсёды адна — парушэньні правоў чалавека». А «абвінаваціць дзяржаву ў парушэньні правоў чалавека вельмі лёгка: бо няма ні колькасных, ні якасных міжнародных індыкатараў, па якіх можна было б вымераць узровень дэмакратыі ў той ці іншай дзяржаве».

На падставе сваіх развагаў Валянцін Рыбакоў робіць выснову, што «ўлік правоў чалавека ў дзейнасьці ААН павінен мець разумныя межы». Болей за тое, афіцыйны Менск лічыць «недапушчальным штучнае нагнятаньне праблем у галіне правоў чалавека там, дзе гэта не патрабуецца».

З усяго гэтага можна лёгка зразумець галоўную мэту, дзеля якой намесьнік міністра падняўся на трыбуну — не чапайце і не крытыкуйце Беларусь. У яе сваё разуменьне правоў чалавека. Але ж гэта разуменьне зусім не супадае з міжнароднымі падыходамі. Калі было б інакш, то Рада ААН па правах чалавека ўсяго тыдзень таму не працягнула б мандат спэцыяльнага дакладчыка па сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі яшчэ на год.

Аналізуючы ўсё гэта, я прыйшоў да высновы, што патрабаваньне Беларусі да ААН аб «разумных межах» ёсьць звычайнай помстай за рашэньне гэтай арганізацыі працягнуць мандат спэцдакладчыка спадара Харасьці. Ці згодныя вы з гэтым, калегі?

Карбалевіч: Ад самага пачатку стварэньня беларускага аўтарытарнага рэжыму была распрацаваная цэлая сыстэма ідэалягічнага абгрунтаваньня сытуацыі з правамі чалавека ў краіне. І тут беларускія ўлады прыдумалі цэлы комплекс аргумэнтаў, кажучы савецкай тэрміналёгіяй, контарпрапаганды. Яны, дарэчы, супадаюць зь цяперашняй расейскай ідэалягічнай канцэпцыяй.

Напрыклад, прыводзіцца такая тэза: няма агульных прынцыпаў і правілаў дэмакратыі, захаваньня правоў чалавека, у кожнай краіны свае традыцыі, свае нацыянальныя асаблівасьці. У Расеі гэта вылілася ў канцэпцыю «сувэрэннай дэмакратыі».

Тэзіс, узяты яшчэ з савецкай прапаганды: галоўнае ў жыцьці людзей — эканамічны дабрабыт, сацыяльныя правы, а не палітычныя, грамадзянскія правы.

Другі важны тэзіс, які агучыў Рыбакоў, такі: правы чалавека — гэта такая хітрая і каварная падстава з боку Захаду, каб умешвацца ва ўнутраныя справы іншых дзяржаў. Лукашэнка шмат разоў казаў: уся крытыка Захаду ў пытаньні правоў чалавека — гэта выдумка, насамрэч, яны караюць Беларусь за самастойны курс, за саюз з Расеяй.

Гэта ж сёньня кажуць і расейскія прапагандысты. Маўляў, за ўсімі разважаньнямі пра правы чалавека стаяць геапалітычныя інтарэсы ЗША. Як казаў Лукашэнка, ваша дэмакратыя з крывёю, навошта вы разбамбілі Ірак і Лібію?

За доўгі час існаваньня беларускага рэжыму было прыдумана і шмат іншых аргумэнтаў. Напрыклад, што вы, заходнікі, крытыкуеце нашу дэмакратыю, калі ў вас саміх яе няма, толькі шырма. Вось у ЗША выбарчая сыстэма нічога ня вартая, бо прэзыдэнта выбіраюць ня большасьцю галасоў па ўсёй краіне, а большасьцю ў кожным штаце.

Ці вось такі аргумэнт: дэмакратыя гэта працэс, нельга заходнюю мадэль перанесьці ў Беларусь, бо грамадзтва не гатовае, не сасьпела. Трэба, каб усё было паступова, нельга падштурхоўваць. То бок атрымліваецца, што разумная ўлада беражэ неразумны народ ад хаосу, чакае, пакуль людзі сасьпеюць.

А вось тэзіс, узяты яшчэ з савецкай прапаганды: галоўнае ў жыцьці людзей — эканамічны дабрабыт, сацыяльныя правы, а не палітычныя, грамадзянскія правы.

Таму тут беларускія ўлады даволі вынаходлівыя.

Дракахруст: Насамрэч ніякага асаблівага вынаходніцтва я тут ня бачу. Таму што калі не абмяжоўвацца Беларусьсю і Расеяй, а паглядзець на сьвет больш шырока, на Іран, на Кітай, на Афрыку, на іншыя краіны Азіі, то мы ўбачым, што ці то яны малпуюць адна адну, ці лёгіка іх падводзіць да адных і тых жа высноваў, але аргумэнтацыя прыкладна аднолькавая ва ўсіх аўтарытарных краінах. Тыя самыя тэзы паўтарае і Пэкін, і Ханой, і Сынгапур, і Каір, і іншыя.

З інстытутамі, разьлічанымі на ўвесь сьвет, Менск гатовы супрацоўнічаць. Але калі ствараецца інстытут адмыслова для Беларусі, афіцыйны Менск гэта не прымае

Але я б у выступе спадара Рыбакова адзначыў два моманты. Можа, гэта занадта складаная схема, але я не выключаю, што такі дэманстратыўны скандал беларуская дыпляматыя зрабіла для таго, каб паказаць расейцам, што ня толькі на іх Захад цісьне, Беларусі таксама не «чырвоны дыванок» раскатваюць. Маўляў, мы ж змагаемся за нашы правы разам з вамі ў адным акопе.

Другі момант — гэта розная пазыцыя беларускай улады наконт унівэрсальных інстытутаў па правах чалавека і эксклюзіўных. Беларусь вядзе перамовы наконт правоў чалавека з Эўразьвязам, прымае камісара па правах чалавека ААН, але гэта інстытуты, якія разьлічаныя на ўвесь сьвет, і з такімі інстытутамі Менск гатовы супрацоўнічаць. Але калі ствараецца інстытут адмыслова для Беларусі, афіцыйны Менск гэта не прымае, бо сам па сабе такі інстытут азначае, што ў Беларусі з правамі чалавека ня ўсё ў парадку. Беларусь гэта не прымае, памятаем, як напачатку нулявых выціскалі з краіны місію АБСЭ. І зараз адносіны да спадара Харасьці гэта яшчэ раз пацьвярджаюць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG