Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што засьведчыў ураган у сэнсе салідарнасьці беларусаў і эфэктыўнасьці службаў надзвычайных сытуацыяў? Абмяркоўваюць Уладзімер Глод, Юры Дракахруст і Валер Карбалевіч. Тэмы абмеркаваньня:

Дракахруст: Стыхія абрынулася на Беларусь. Ураган, тарнада, незвычайны град, залева, разбураныя дамы, з коранем вырваныя дрэвы. Здаецца, пакуль няма зьвестак пра загіблых, але нямала людзей патрапілі ў шпіталі ў цяжкім стане.

Такое моцнае буйства стыхіі бывае ў Беларусі рэдка. Але менавіта таму ўраган стаў своеасаблівым тэстам — тэстам на салідарнасьць, узаемадапамогу людзей, і тэстам на эфэктыўнасьць дзейнасьці ўладаў, прынамсі, службаў надзвычайных сытуацыяў.

Мяне кранула гісторыя з трактарыстам, які на сваім трактары — адзіным транспартным сродку, якое было на ходзе ў такую залеву, ратаваў людзей. Здаецца, такая гісторыя была не адзінкавай.

І ранейшыя стыхійныя здарэньні паказвалі, што вось такая чалавечая салідарнасьць, гатоўнасьць прыйсьці на дапамогу суайчыньнікам у беларусаў ня тое, каб надзвычай высокая, але і ня нізкая

І ранейшыя стыхійныя здарэньні паказвалі, што вось такая чалавечая салідарнасьць, гатоўнасьць прыйсьці на дапамогу суайчыньнікам у беларусаў ня тое, каб надзвычай высокая, але і ня нізкая. Праяваў узаемадапамогі назіраецца даволі шмат.

Цяперашняе стыхійнае бедзтва было не такім, што частка краіны як бы адключаецца ад цывілізацыі. Мы з вамі памятаем, як у некаторых краінах падобная ізаляцыя ўсталёўвала ў адпаведных раёнах законы джунгляў. У Беларусі, дзякаваць Богу, такога не было, ані адключэньне ад цывілізацыі, ані марадзёрства, рабаўніцтва і гвалту. Ня той народ. Ці з надвор’ем пашанцавала.

Можа, вы са мной не пагодзіцеся, але пры ўзгаданых праявах салідарнасьці не назіралася маштабных калектыўных дзеяньняў, каб людзі самаарганізоўваліся дваром ці нейкай супольнасьцю дзеля ліквідацыі наступстваў стыхіі.

Вядомыя дасьледаваньні пра даволі нізкі ўзровень самаарганізацыі сучаснага беларускага грамадзтва. Гэта, здаецца, праяўляецца і ў гэтай тэставай сытуацыі — беларусы гатовыя дапамагаць адзін аднаму, але па вялікім рахунку ў асноўным спадзяюцца, што дзяржава выканае свае абавязкі і прыйдзе на дапамогу.

Ну і дзяржава па меры сілаў дзейнічала. У самім па сабе здарэньні быў нечаканы маштаб, але ня форма. Раён плошчы Якуба Коласа ў Менску, напрыклад, залівае ледзь не штогод. Чаму гэтую завядзёнку нельга прадухіліць — асобнае пытаньне, але, як на мой погляд, дык дзеяньні службаў надзвычайных сытуацыяў былі ня тое, каб бездапаможнымі, але і не бліскучымі.

Рабілі, што маглі, стыхія — яна і ёсьць стыхія. Напамінак, што чалавек — зусім ня цар і не гаспадар прыроды.

Цікавая дэталь, прачытаная ў некага ў Фэйсбуку — пасьля ўрагану ўлады найперш сталі пілаваць і прыбіраць паваленыя дрэвы, а не рамантаваць пашкоджаныя і разбураныя дамы. Аўтар посту наракаў на такія дзеяньні, бачыў у іх прыхільнасьць уладаў да вонкавага парадку. Як Менск прыбіраюць у звычайны час, гэтак і ў вострай сытуацыі пераважае імкненьне да таго ж ідэалу чысьціні і парадку. Але ў такіх дзеяньнях можна ўбачыць разумны лягістычны разьлік — стыхія можа нанесьці і новы ўдар і ў такой сытуацыі галоўнае — свабодныя камунікацыі, каб была магчымасьць пад’ехаць, вывезьці людзей, зьбегчы нарэшце ад навалы.

Калегі, а якія вашыя ацэнкі салідарнасьці людзей, самаарганізацыі людзей, дзейнасьці ўладаў?

Карбалевіч: Што датычыць дзейнасьці Міністэрства надзвычайных сытуацый, то, па вялікаму рахунку яны спрацавалі досыць эфэктыўна. Хутка рэагавалі на праблемы, вывозілі дрэвы, якія ўпалі на трамвайную лінію, падвозілі ваду ў раёны, якія засталіся безь яе. Іншая справа, што цыстэрнаў з вадой не хапала, бо сытуацыя, калі некалькі раёнаў дзьвюхмільённай сталіцы аказаліся без вады, сапраўды надзвычайная і нечаканая, яе цяжка было прагназаваць.

Увогуле асаблівасьць аўтарытарнай сыстэмы якраз у тым, што яна даволі эфэктыўная менавіта ў надзвычайных сытуацыях. Існуюць вэртыкальна падпарадкаваныя дзяржаўныя інстытуты, якія здольныя на хуткую мабілізацыю. Напрыклад, можна узгадаць, як сталінскі СССР падчас вялікай Айчыннай вайны змог хутка і эфэктыўна мабілізаваць эканоміку і грамадзтва для барацьбы з ворагам.

Увогуле асаблівасьць аўтарытарнай сыстэмы якраз у тым, што яна даволі эфэктыўная менавіта ў надзвычайных сытуацыях. Існуюць вэртыкальна падпарадкаваныя дзяржаўныя інстытуты, якія здольныя на хуткую мабілізацыю

Іншае пытаньне, што сыстэма адтоку вады у вялікім горадзе не прыстасаваная для такой залевы. Таму Нямігу, іншыя вуліцы кожны раз залівае. Патрэбная карэнная рэканструкцыя ўсёй сыстэмы камунікацый. А гэта вялікія грошы, шмат перакопаных вуліц і іншыя праблемы для існаваньня людзей. І ўлады пакуль нічога ня робяць.

Яшчэ адно пытаньне: хто будзе плаціць за сапсаваныя машыны, на якія падалі дрэвы, ці у якія трапіла вада. Страхавыя кампаніі разарацца. У дэмакратычнай краіне за гэта плацілі б з гарадзкога бюджэту, былі б судовыя позвы, бо ўлады вінаватыя, што на вуліцах вада, што падаюць дрэвы. У Беларусі грамадзяніну таксама судзіцца зь дзяржавай можна, але суд заўсёды на баку дзяржавы.

Глод: Спачатку дзьве карцінкі. Першая — асабіста я падчас урагану быў каля станцыі мэтро «Уручча». Калі залева скончылася, я пабачыў, што пад мостам па вуліцы Астрашыцкай у вадзе заглухлі некалькі аўтамабіляў, рух спыніўся. З бліжэйшых офісаў выйшлі людзі і назіралі за гэтым. Аднак ніхто не спрабаваў хоць нечым дапамагчы нешчасьлівым аўтааматарам.

Пра другую мне расказаў мой калега Антон Трафімовіч. У аграгарадку «Прылукі» паваліла шмат дрэваў. І тут людзі, не чакаючы дзяржаўнай дапамогі, выйшлі са сваімі бэнзапіламі і пачалі расчышчаць завалы. А калі ўзьнікала патрэба кудысьці прайсьці чалавеку сталага веку, то яго клапатліва праводзілі тыя, хто працаваў на расчыстцы.

То бок я хачу сказаць, што розныя людзі па-рознаму ставіліся да тых, хто патрапіў у складаную сытуацыю. Таму казаць пра нейкую адзіную салідарнасьць, мне падаецца, не выпадае

То бок я хачу сказаць, што розныя людзі па-рознаму ставіліся да тых, хто патрапіў у складаную сытуацыю. Таму казаць пра нейкую адзіную салідарнасьць, мне падаецца, не выпадае. Так, у вёсках, і прыклады з Прылукамі і трактарыстам, які згадаў Юры Дракахруст, гэта пацьвярджае, салідарнасьць вышэйшая. Гэта тлумачыцца пабытовымі фактарамі — тут людзі лепей ведаюць адзін аднаго, тут яны больш адкрытыя, чым у горадзе. Я думаю, што ровень салідарнасьці ў грамадзтве шмат залежыць ад роўня грамадзянскай супольнасьці ў краіне. І гэта найбольш выразна бачна ў Амэрыцы, дзе няўрадавыя арганізацыі зьявіліся задоўга да таго, як Злучаныя Штаты атрымалі незалежнасьць.

Ёсьць знакаміты трактат «Дэмакратыя ў Амэрыцы» выбітнага францускага сацыёляга Алексіса дэ Таквіля. Ён быў апублікаваны яшчэ ў 1835-1840 гадах. Таквіль там пісаў: «Як толькі некалькі чалавек у Злучаных Штатах прыходзяць да нейкай ідэі, якую яны хочуць прасунуць, яны пачынаюць шукаць адзін аднаго, і як толькі ім удаецца наладзіць кантакты паміж сабой, яны аб’ядноўваюцца. Пачынаючы з гэтага моманту яны ўжо не адзіночкі, а прыкметная сіла, дзейнасьць якой служыць прыкладам для іншых і словы якой будуць пачутыя».

На сёньняшні дзень у Злучаных Штатах існуе каля 1,5 мільёна грамадзкіх арганізацый. Канечне, Беларусь па памерах не ЗША. Але справа ня ў колькасьці арганізацыяў. Там яны ўзаемадзейнічаюць, вядуць перамовы, дазваляюць рознагалосьсі, змагаюцца за агульную справу і спрабуюць пераканаць грамадзтва і ўрад у сваёй праваце. І ўсё гэта без якога-небудзь кантролю з боку дзяржавы. У нас жа дзяржава трымае усе НДА пад сваім моцным кантролем. Любы крок, які ўладам здаецца няправільным, караецца. А гэта прымушае беларусаў не высоўвацца, не займацца агульнымі справамі. У нас салідарнасьць пакуль хутчэй інтэрнэтная, чым рэальная.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

XS
SM
MD
LG