Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Эўразьвяз увядзе бязьвізавы рэжым для Грузіі


Ёханэс Хан (зьлева) на канфэрэнцыі ў Батумі

Ёханэс Хан (зьлева) на канфэрэнцыі ў Батумі

Ад кастрычніка 2016 году грузінам ня трэба будзе атрымліваць турыстычныя візы, але гэта ня значыць аўтаматычны дазвол на працу і пражываньне.

Прадстаўнік Эўрапейскай камісіі па пытаньнях суседзкай палітыкі і пашырэньня Ёганэс Ган абвясьціў аб лібэралізацыі візавага рэжыму з Грузіяй. Бязьвізавы рэжым пачне дзейнічаць у кастрычніку 2016 году.

«Нягледзячы на складаны пэрыяд, зь якім сутыкнуўся Эўразьвяз, нічога не мяняецца ў нашай падтрымцы эўрапейскага шляху Грузіі, — піша Ган у Twitter з канфэрэнцыі ў Батумі. — Гэта тычыцца і візавай лібэралізацыі. Грузія выканала ўсе патрабаваньні, ня мусіць быць далейшых затрымак. Грамадзяне заслужылі гэта».

Ган заяўляе, што ў інтарэсах Эўропы каапэраваць з партнэрамі, да якіх адносіцца і Грузія, спрыяць рэформам і стабільнасьці суседзяў.

1 ліпеня 2016 году набылі сілу пагадненьні аб асацыяцыі Грузіі і Малдовы з Эўразьвязам. У іх вядзецца гаворка аб збліжэньні заканадаўства краінаў з эўрапейскімі нормамі і свабодным гандлі. Візавая лібэралізацыя тычыцца турыстычных і працоўных паездак у краіны Шэнгенскай зоны, але не дае аўтаматычнага права на працу і пражываньне ў Эўропе.

Увядзеньне бязьвізавага рэжыму з Грузіяй раней адкладалася праз рост нелегальнай міграцыі ў Эўропу. Бязьвізавы рэжым з Украінай адкладаецца як празь міграцыйны крызіс, так і праз карупцыю ў самой Украіне. Армэнія і Азэрбайджан рэалізуюць умовы пагадненьня аб палягчэньні візавага рэжыму, але гаворкі пра бязьвізавы рэжым пакуль не ідзе.

Урад Беларусі рыхтуе ўказ аб спрашчэньні візавага рэжыму для тых, хто хоча прыехаць у Беларусь. Але дагэтуль не падпісаў дакумэнты аб спрашчэньні візавага рэжыму з Эўразьвязам.

XS
SM
MD
LG