Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барадаты твар чалавечнасьці


Наста Грышчук

«Як можна адчуваць волю і быць геданістам, калі ўсюды трэба плаціць?!»

Можна.

Пра тое і кніга.

Рабінзону ў свой час вельмі пашанцавала. Так, былі пэўныя побытавыя складанасьці ў яго нечаканым выгнаньні^; але менавіта яны зрабілі яго чалавекам. Вярнуўшыся да стану першабытнага homo, ён атрымаў магчымасьць стаць sapiens: не па азначэньні, але па сутнасьці. Беручы адну за адной чалавечыя вяршыні, ён дайшоў да экзыстэнцыйнага Эвэрэсту.

Аляксандар І. Бацкель (чытач, безумоўна, ацаніў аўтарскае імя) ідзе тым самым шляхам, толькі, так бы мовіць, зь іншага боку гары. Ён адмовіўся ня толькі ад тэхнічных выгодаў, паднесеных на белай місачцы зь сіняй палосачкай. Як лішні груз на адказным пад’ёме адмеценыя сацыяльныя ўстаноўкі, якія называць можна па-рознаму: стэрэатыпы, забабоны, табу, правілы паводзінаў, гатовыя ацэнкі-ярлычкі. Яны цягнуць долу, калі імкнесься да высокага, быць можа, недасягальнага: да волі, гэта значыць — да сябе сапраўднага.

«Яблыневы Маёнтак» — кніга страшна абаяльная. Яе прыемна чытаць нават на фізычным узроўні. Адчуваеш асалоду ад расповедаў пра ўсіх гэтых дзівакоў, што вонкава падаюцца нармальнымі, прыстойнымі ў вачах грамадзтва людзьмі, а самі, прыкладам, калекцыянуюць камячкі пылу. Пра дэвіянтных асобаў, ці то надзіва сьмелых, ці то ўшчэнт здурэлых. Пра папойкі і прыгоды ў духу «Страху і нянавісьці ў Лас-Вэгасе», які Бацкель згадвае на старонках гарэзьлівага летапісу неаднойчы.

Усё гэта гісторыі адхіленьня ад нормы, адхіленьня неабходнага, бо норма — сьмерць. А кніга — пра жыцьцё. Непрыхарошанае, дзіўнае, абсурднае, трагічнае, сьмешнае, кранальнае, галоўна — праўдзівае. Яблыневы Маёнтак у гэтым кантэксьце паўстае як сьвет здаровага чалавека (менавіта здаровага, не ўсярэдненага): прырода, праца на зямлі, жаданьне ствараць (бяз розьніцы, што — старонкі тэксту ці новенькія грады), цішыня, якой мы ў ашалелым бегу аказаліся пазбаўленыя, каханьне і любоў, сузіраньне — такая раскоша... Часам — разбурэньне.

Пустэльнік, сыходзячы з дыстанцыі пацучыных гонак, атрымлівае бясцэнную магчымасьць узірацца ў рэчы. Адмовіцца ад гатовых ацэнак, падобных да паўфабрыкатаў. Спадар Аляксандар не выключэньне. Паглядзіце на назвы абразкоў: «браты, «мойва», «кнігі», «шок», «паштоўка», «жыць», «плакаць»... Погляд аўтара фіксуецца на адной рэчы, адной зьяве. Ён не прэтэндуе на тое, каб вызначыць сутнасьць усяго. Такой саманадзейнасьцю Бацкель не вылучаецца. Але разабрацца ў прыродзе зьявы для сябе самога, перайсьці ад дробязі да агульнай карціны — гэта ёсьць.

У пэўным сэнсе «Яблыневы Маёнтак» яшчэ і кніга-пратэст. Пратэст гэты нагадвае падлеткавы. Не навязвайце мне свае каштоўнасьці! Ня ўказвайце, як жыць і дзеля чаго! Словам, не судзі і не судзімы будзеш (магчыма). Як чалавек, што нязьменна знаходзіцца ў барацьбе за сябе сапраўднага, ён не прымае хлусьню і баязьлівасьць, здрадніцтва і аўтаматызм жыцьця, што даводзіць да крайняй тупасьці. Сьвядомы сьвет даўно пратэстуе супраць плястыкавага раю, спажывецкага рабства (згадаць хоць бы «99 франкаў» Бэгбэдэра). Бацкель далучаецца да гэтага пратэсту, але і ён — толькі частка большага страху — страху быць мёртвым яшчэ пры жыцьці.

«няма нічога больш бессэнсоўнага, чым чалавечае стаўленьне да сэнсу жыцьця і сьмерці, бо жыцьцю нельга надаваць шмат сэнсу, а сьмерць ня трэба ўводзіць у стан сакральнага...»

«калі сапраўды на гэтае жыцьцё паглядзець аб’ектыўна — мы існуем выпадкова, і нашыя сьмерці ня мусяць быць для нас чымсьці высокім і пампэзным».

Як бачыце, палохае не сама сьмерць. Палохае тое, што можна шчасьлівую выпадковасьць жыць растраціць бяздарна й бяздумна. Менавіта таму адзін з герояў Бацкеля, таямнічы Гаспар К., выходзіць з дому і едзе ў невядомым кірунку, у невядомы горад, у выпадковы дом і грукаецца ў выпадковыя дзьверы.

Калі ў жыцця няма сэнсу, гэта не дае права ня жыць. Апатэоз пратэсту — міні-утопія «будучыня».

Так, Бацкель выкрывае чалавечыя слабасьці, але гэта ня значыць, што сам аўтар беззаганны. Ён шчыры да канца. Без замілаваньня й какецтва распавядае пра ўласныя сорам і ганьбу. Чытача пры гэтым не прымушаюць асуджаць ці дараваць, ён толькі сьведка.

Вызначальную ролю ў «Яблыневым Маёнтку» граюць жанчыны... і дзяцінства. Аўтары-мужчыны часта зьвяртаюцца да дзьвюх гэтых тэм. І кожны раз задаюся пытаньнем — чаму? Адказ, які прыходзіць першым: дзьве названыя кропкі быцьця найпрыемнейшыя для згадак. Але такі адказ павярхоўны. У выпадку з кнігай Бацкеля разгадка прыйшла: у дзяцінстве і ў каханьні ты як ніколі вольны. Дзяцінства дае волю ад стэрэатыпаў, а сілай каханьня ты пазбаўляесься іх у сталым узросьце.

Аляксандар І. Бацкель не рамантызуе пачуцьці. Сярод шматлікіх жаночых вобразаў вы ня знойдзеце Прыўкраснай Панны. За выключэньнем гісторыі пра музу, але тут справа не ў самой гераіні, але ў незавершанасьці гісторыі. Што таксама сьведчыць пра шчырасьць аўтара, непрыхарошанасьць кнігі. Плоцевае застаецца плоцевым, і гэта прыўкрасна, бо гэта — жыцьцё.

І зноў хочацца сказаць — кніга зямная, сымпатычная, даверлівая. Прызнаньні аўтара не шакуюць, не бянтэжаць, бо аўтар ставіцца да чытача як да роўнага, нават як да старога сябра, якому можна даверыць усё без выключэньня. Ён суразмоўца, роўны апавядальніку. Такая даверлівасьць ня можа пакінуць абыякавым. І калі б кніга магла ператварыцца ў чалавека, то «Яблыневы Маёнтак» — без аніякіх сумненьняў! — увасобіўся б у вобраз Валі, той самай гераіні «такту», што паводзілася надзвычай раскавана, у чым бачыцца не разбэшчанасьць — толькі непасрэднасьць. Словам, жыцьцё (частае слова ў гэтым тэксьце).

Дарэчы, пра жанр. Насамрэч, тэксты Бацкеля ніякія не абразкі. Сам ён называе іх кароткай прозай. Мне ж у галаву прыходзіць азначэньне «навэлы фэйсбучнага тыпу»: успамін, разьлічаны на шырокую аўдыторыю, зь мінімальным сюжэтам і нечаканасьцю не ў разьвязцы, але ў выснове, якую можна і не рабіць. Хочаш — выводзь мараль, хочаш — чытай у задавальненьне.

Зазвычай такая міні-проза выклікае неадназначныя пачуцьці: з аднаго боку, захапленьне мовай і, скажам так, «ёмістасцю», зь іншага — шкадаваньне: чаму б аўтару не зьвярнуцца да традыцыйнай празаічнай формы?.. Бацкель зрабіў ход канём: надрукаваў колькі ўрыўкаў з магчымага раману. Урыўкі шматабяцальныя.

Аднак якім бы пустэльнікам ты ні быў, палітычны гольфстрым дойдзе да тваіх берагоў. Падступілі яго хвалі і да Яблыневага Маёнтку. Прамовы Бацкеля пра злабадзённае пазбаўленыя публіцыстычнасьці. У геапалітычных «ператрахіваніях» і іншых вялікіх гульнях яго турбуе найперш чалавек. Турбуе абыякавасьць людзей да сябе, марыянэтачнасьць натоўпу («машына», «характэрнасьць», «юнівэрсафоб» ды інш.). Знаходзіцца месца беларускім пытаньням: традыцыйна — мова, пісьменьнік, «прэлесьці» кнігавыданьня, стан культуры, млявасьць і абыякавасьць да жыцьця.

А яшчэ — тутэйшасьць, якую, быць можа, і сам аўтар не заўважыў: «дзякуй за ўвагу, я нікуды не паеду, я застануся тут, у сваім маёнтку, сярод яблыняў, хатніх жывёлак і ля старой печкі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG