Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Актывісты прапануюць закрыць менскі дэльфінарый


Менскі гарадзкі дэльфінарый «Нэма»

Менскі гарадзкі дэльфінарый «Нэма»

«Дэльфінарыі і заапаркі — гэта эксплёатацыя аднаго віду іншым», — экалягічныя актывісты.

Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Беларусі зацьвердзіла пастанову з новымі патрабаваньнямі да ўтрыманьня дзікіх жывёл. У ліку іншых яны прапісваюць і нормы догляду дэльфінаў.

Паводле пастановы, дэльфіны ў няволі павінны трымацца ў басэйнах з аб’ёмам вады ня меншым за 100 кубамэтраў на адну асобіну.

Арт-дырэктар менскага дэльфінарыю «Нэма» Алеся Цітова паведаміла Свабодзе, што на гэты дзень іх дэльфіны жывуць у водным рэзэрвуары аб’ёмам 1270 кубамэтраў, што цалкам адпавядаем стандарту і нават перавышае пазначаную ў пастанове норму.

Разам з тым актывіст незарэгістраванай арганізацыі «Экалягічны пошуг» Павал Сяргей упэўнены, што менскі дэльфінарый трэба зачыніць, а дэльфінаў выпусьціць на волю:

«Такія ўстановы, як дэльфінарыі і заапаркі — гэта спосаб эксплёатацыі жывёлаў чалавекам, аднаго віду — іншым. Мы лічым несправядлівай сытуацыю, калі жывыя істоты мусяць выконваць функцыю забаўкі, прыносячы грашовы прыбытак уладальнікам».

Арганізацыя «Экалягічны Пошуг» увогуле выступае за забарону дэльфінарыяў і заапаркаў у Беларусі. Сёлета яны ўжо правялі некалькі акцыяў пратэсту ў Менску. Паводле актывістаў, «наведнікі бавяць час, гледзячы на жывёлаў, але не ўсьведамляюць, што тыя тым часам пакутуюць».

Менскі дэльфінарый «Нэма» пачаў працаваць у 2007 годзе. Тады ж Эўрапейская Акадэмія натуральных навук узнагародзіла «Нэма» срэбным мэдалём «за папулярызацыю экалягічных ведаў і беражлівае стаўленьне да жывёлаў». Сёньня тут прапаноўваюць шэраг паслугаў: ад сьвяточных імпрэзаў, падчас якіх дэльфіны выступаюць з артыстычнымі нумарамі да дэльфінатэрапіі — унікальнай праграмы прафіляктыкі для дзетак з ДЦП і псыха-нэўралягічнымі захворваньнямі. Спэцыялісты сьцьвярджаюць, што такая тэрапія мае выразны станоўчы эфэкт у пацыентаў.

У «Нэма» прадстаўленыя чатыры падвіды найбольш распаўсюджанага ў сьвеце ціхаакіянскага бутлегаловага дэльфіна, які прызнаны найлепшым для догляду ў няволі, бо хутка адаптуецца ва ўмовах акіянарыюму.

Дэльфінарый. Ілюстрацыйнае фота

Дэльфінарый. Ілюстрацыйнае фота

Тым часам, у некаторых краінах сур’ёзна думаюць пра тое, каб забараніць заапаркі і іншыя ўстановы, дзе для забавы наведнікаў трымаюцца жывёлы. Напрыклад, брытанскі парлямэнт ужо працуе над ініцыятывай, якая забараняе трымаць дзікую жывёлу ў заапарках і цырках. Аўтары законапраекту разьлічваюць, што яго падтрымаюць і іншыя эўрапейскія краіны. За ініцыятыву выказаліся 98% дэпутатаў брытанскага парлямэнту. Таксама яе падтрымала грамадзкасьць, у прыватнасьці, такія зоркі, як сэр Пол Макартні, сэр Роджэр Мур і Браян Мэй.

XS
SM
MD
LG