Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Алькагалізм нікога не шкадуе», — магілёвец упершыню за 20 год адзначыў дзень народзінаў без алькаголю


Жыхар Магілёва, інвалід другой групы Сяргей Гіркін намагаецца адвадзіць сябе ад алькагалізму. Ягоная цяга да сьпіртнога мае амаль дваццацігадовую гісторыю. Сёлета свой саракавы дзень народзінаў Сяргей упершыню за многія гады адзначыў без алькаголю. Пра гэта ён паведаміў сябрам праз фэйсбук.

«Вельмі цешуся, што сёньня першы раз за ўсё сваё дарослае жыцьцё ня ўжыў ані кроплі алькаголю, хаця па лёгіцы рэчаў ужо павінен валяцца п’яны дома альбо адзначаць недзе зь „сябрамі“», — напісаў Сяргей.

«Ніколі не адчуваў ад сваёй цьвярозасьці такога кайфу, як менавіта сёньня, — піша ён далей. — Сёньняшні дзень пачаў са сьвятой Імшы, потым займаўся справамі, а далей „праставіўся“, што называецца, двума тартамі».

На працягу амаль трох месяцаў безалькагольнага жыцьця Сяргей рэгулярна піша пра сваё змаганьне з залежнасьцю.

«Сёньня адзначаю два месяцы, як абсалютна не спажываю алькаголю, — піша ён у адным са сваіх постаў. — Ня думаў, што вытрымаю. Праз два тыдні, думаў, ізноў зап’ю, „разьвяжуся“, бо вельмі хацелася выпіць. Калі часам праходжу побач з алькагольным аддзелам у краме, думаю: добра б было ўзяць... але потым усьведамляю: а як жа п’яны я буду маліцца? З Божаю дапамогаю распачынаю трэці месяц цьвярозасьці».

Зь Сяргеем гутарым на цьвінтары магілёўскага касьцёла Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Дзевы Марыі. На пляцоўцы толькі мы двое. Цішыню парушае гул машын зь недалёкай гарадзкой магістралі. Перада мною мажны мужчына, чыста паголены. Нічога ў ім не выдае ягоную залежнасьць ад сьпіртнога.

«Чаму ўзяліся пісаць у сацыяльных сетках пра сваю залежнасьць?» — пытаю Сяргея.

«Гэта мне дапамагае, — адказвае ён пасьля нядоўгай паўзы. — Я пішу ўсё ж для сябе. Публічнае агучваньне праблемы стрымлівае мяне ад алькаголю. Перад тым як пачаць пісаць, я дужа шмат разважаў, ці варта. Прыйшоў да высновы: калі сядзець і нічога не рабіць, то ўрэшце можна сарвацца. Магчыма, сярод маіх сяброў у сацыяльных сетках ёсьць і тыя, чый стан такі самы, як быў у мяне, і, прачытаўшы, яны задумаюцца».

Публічнае агучваньне праблемы стрымлівае мяне ад алькаголю.


«Напачатку выпіўка для мяне была забаваю, — кажа Сяргей, апавядаючы, як уцягваўся ў алькагалізм. — Я імкнуўся быць „як усе“, і мне падавалася, што, выпіўшы, я рабіўся „як усе“. Гэтак мая забава прывяла да трох пляшак сьпіртнога на дзень. Бывала, што выпіваў тут у сквэры насупраць касьцёла.

Мяне нават аднойчы міліцыя забрала, але абышлося. Я прасіў міліцыянтаў, каб мяне адпусьцілі. Казаў ім: з рыльца дап’ю і пайду дадому. Мяне ўсё ж завялі ў пастарунак, але неўзабаве адправілі дахаты. У наступныя разы я ўжо піў дома. Як у запой уваходзіў, дык тыдзень мог піць, нічога ня еўшы. Маці нагатуе, а есьці няма каму».

«У мяне зьявіліся дужа сур’ёзныя фінансавыя праблемы, бо трэба было за нешта піць, — прызнаўся суразмоўца. — Цяпер даводзіцца сплачваць даўгі. Некаторым людзям сорамна глядзець у вочы.

Азіраючыся назад, я разумею, што маё імкненьне „быць як усе“ выглядала камічна. Яшчэ зразумеў, што выпівох нідзе ня любяць. Сёлета ўпершыню з 18 год у свой дарослы дзень народзінаў я быў цьвярозы, і гэтым цешуся. Пра гэта напісаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку».

«Толькі цяпер я разумею, як мая маці перажывала за мяне, калі я піў, — працягвае сваю споведзь Сяргей. — Я мяркую, што мне давядзецца яшчэ шмат адкрыцьцяў зрабіць пра стаўленьне іншых людзей да сябе па меры таго, як я буду аддаляцца ад таго свайго хмельнага жыцьця. Я спраўдзіў на сабе заежджаную фразу: як перастаў піць, то адразу выявілася, хто мне быў сябар, а хто не. У дзень народзінаў адзін прыяцель мне пазваніў ды пакепліваў зь мяне. Што, — даймаў, — ужо і смаку гарэлкі ня памятаеш? Можа, прыйсьці ды цябе пачаставаць?“. Калі адмовіўся, то ён заявіў, што я грошы шкадую, таму і ня п’ю».

Гарэлка перастала быць сродкам супакаеньня для мяне.

«Не заўжды людзі ўспрымаюць імкненьне пазбыцца залежнасьці як сур’ёзны намер, — кажа суразмоўца. — Так думае большасьць. Многія лічаць, што гэта такое красаваньне, такія панты. Аднак я ня раю гэтым людзям апынуцца ў маёй сытуацыі, бо яна дужа кепская. Я ў маленстве марыў пакаштаваць, што пілі дарослыя, цяпер жа я дужа пакутую ад гэтага. Застаецца пачуцьцё віны, і яго не пазбыцца. Некаму застаюся вінаваты ня толькі фінансава, але маральна. Вінаваты перад маці, што яна мяне выхоўвала, а я вырас, як перакаці-поле».

«Калі гаворка ў кампаніі заходзіла пра маю залежнасьць, дык мяне, наадварот, пераконвалі: „Які ж ты алькаголік!“, — дадае Сяргей. — Быў, аднак, чалавек (дагэтуль для мяне ён нібы „цьвік у задніцы“), які ўвесь час даймаў пытаньнем: „Чым смачная гарэлка?“. І цяпер, пасьля амаль трох месяцаў цьвярозасьці, я разумею, што нічым. Гарэлка перастала быць сродкам супакаеньня для мяне».

У Сяргея цэрабральны паралюш. Ён моцна кульгае. Правая рука амаль не працуе.

«Мая інваліднасьць ня стала перадумовай для ўцягваньня ў алькагалізм, — апярэдзіў пытаньне журналіста суразмоўца. — У мяне вялікае атачэньне, як кажуць, здаровых людзей, я назіраю за імі і зрабіў выснову: алькаголікам можа стаць кожны. Некаторыя знаёмцы сапраўды маю залежнасьць апраўдвалі інваліднасьцю — маўляў, інвалід, таму сьпіваецца.

„На дармаўшчынку“ са мной выпівала нямала інвалідаў. Ня ведаю, ці злоўжываюць тыя, хто не выходзіць з хат, але са мной у кампаніі некаторыя з такіх пілі, і „няхіла“ пілі».

«Алькагалізм — хвароба. Няхай праз уласную распусту, але хвароба, — кажа Сяргей. — Ад яе надта цяжка вылечыцца. Яна нібы міннае поле: крок управа, крок улева — і пачынаецца ўсё наноў. Я і цяпер не магу сказаць: кінуў — і ўсё, мне ня хочацца».

Сяргей распавядае, як аднойчы зразумеў, што змагацца з залежнасьцю сам ужо ня можа, і пайшоў у наркалёгію. Прапанавалі легчы ў шпіталь.

«Аднак мяне адно слова „псыхушка“ палохала. Я быў перакананы, што для змаганьня з гэтай немаччу трэба мець асаблівую вытрымку, пачуцьцё ўласнай годнасьці», — кажа Сяргей.

«Калі вырашыў кінуць, то, асабліва на першым часе, дужа хацелася выпіць. Рукі самі цягнуліся да пляшкі. Але сябе змушаў, пераконваў: калі вып’ю хоць пяцьдзясят грамаў, то я сап’юся, і гэта магіла. Мне дужа дапамагае касьцёл, малітва, сьвятая імша штодня», — даводзіў Сяргей.

«А тое, што ты беларускамоўны, — пытаю, — як спалучаецца з алькагалізмам?»

«Нават беларускамоўны чалавек можа стаць залежным ад сьпіртнога, — упэўнена адказвае ён. — У гэтым сэнсе беларускамоўны не заўжды эталён паводзінаў. Я багата ведаю ў Магілёве беларускамоўных, якія злоўжываюць, але ніколі не прызнаюць у сабе алькагалізму. Іншым разам я засьпяваю сябе на думцы, ці не заснаваць суполку беларускамоўных за здаровы лад жыцьця», — жартуе Сяргей.

Калі я параўноўваю той сьвет уяўнага алькагольнага эдэму, у які людзі самі сябе заганяюць і там яны пачуваюць сябе такімі магутнымі, са сьветам, у якім я цяпер жыву, то я выбіраю цьвярозы сьвет.

«Алькагалізм нікога не шкадуе, дай яму толькі волю, — ужо сур’ёзна працягвае ён. — Ён не разьбірае, якія ў людзей пасады, узнагароды ды званьні. Усіх падбірае».

Сяргей жыве з маці. Атрымлівае пэнсію па інваліднасьці — крыху больш за мільён шэсьцьсот тысяч. Раз на год дзяржава робіць разавую выплату. Сёлета яна склала 800 тысяч. Сяргей падпрацоўвае, робячы пераклады і дапамагаючы моладзі з засваеньнем польскай мовы. На замовы піша тэксты.

Інваліднасьць, кажа ён, перашкаджае ўладкавацца на працу. «Мне адзін кіраўнік, да якога я прыйшоў уладкоўвацца, так і сказаў: «Я б цябе ўзяў, але табе патрэбны падоўжаны адпачынак, сацыяльныя гарантыі. Калі захварэеш, то 100 працэнтаў трэба аплачваць бальнічнага. Таму я не магу цябе ўзяць».

«Для такіх, як я, тут добрага жыцьця ня будзе, — робіць выснову Сяргей. — Трэба зьяжджаць з гэтай краіны. Пэрспэктываў ніякіх. Я яшчэ такі чалавек характарам, які ня ўмее нечага дамагацца, як кажуць, па знаёмстве. У наш час усё можна зрабіць за грошы, толькі дзе ж іх зарабіць?»

Калі чалавек хворы на алькагалізм, то дапамагчы можа ён сабе толькі сам уласнай вытрымкай, — упэўнены Сяргей:

«Я жадаю людзям, якія апынуліся ў залежнасьці ад алькаголю, вытрымкі. Каб яны пратрымаліся хаця б тыдзень без сьпіртнога. Каб яны паглядзелі на алькагольны сьвет цьвярозымі вачыма. Я гэта раблю з 25 красавіка. Калі я параўноўваю той сьвет уяўнага алькагольнага эдэму, у які людзі самі сябе заганяюць і там яны пачуваюць сябе такімі магутнымі, са сьветам, у якім я цяпер жыву, то я выбіраю цьвярозы сьвет. Мне ў ім камфортна».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG