Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грузінская стралковая дынастыя: маці і сын разам едуць на Алімпіяду


Унікальны выпадак у гісторыі Алімпіяды: маці і сын разам будуць выступаць на спаборніцтвах, прычым у адным відзе спорту. За спартовую дынастыю заўзее ўся Грузія.

Маці — знакамітая грузінская спартоўка Ніно Салуквадзэ. На летніх Алімпійскіх гульнях 1988 года ў Сэуле Салуквадзэ стала алімпійскай чэмпіёнкай у стральбе з спартовага пісталета на 25 м і срэбным прызёрам у стральбе з пнэўматычнага пісталета на 10 м. Тады яна яшчэ выступала за СССР. Пасьля гэтага спартоўка ўдзельнічала яшчэ ў некалькіх Алімпіядах і гэтым летам паедзе ў Рыё-дэ-Жанэйра на свой восьмы турнір.

Адзіная жанчына, хто можа паспаборнічаць з Салуквадзэ па гэтым паказчыку — таксама стральчыха, сэрбка Ясна Шэкарыч. Пакуль і Ніно, і Ясна ўдзельнічалі ў летніх Алімпійскіх гульнях па 7 разоў. А даўжэй за ўсіх удзельнічаў у гульнях яшчэ адзін спартовец — Афанасі Кузьмін з Латвіі: на яго рахунку 9 Алімпійскіх гульняў.

18-гадовы сын Салуквадзэ Цотнэ Мачаварыяні (ягоны бацька — вядомы рэгбіст Гоча Мачаварыяні) едзе на Алімпіяду ўпершыню. Але ў юнака вялікая спартовая будучыня. Бо яго, як і яго маці, трэніруе патрыярх грузінскага спорту, 85-гадовы Вахтанг Майсеевіч Салуквадзэ.

«Мой бацька — прафэсійны стралок. І бачыць мяне разам з сынам на Алімпіядзе было яго марай. Шчыра кажучы, думалі, што Цотнэ да гэтых Гульняў яшчэ не гатовы, і разьлічвалі на яго дэбют толькі праз чатыры гады ў Токіё. Але ўсё склалася», — распавядала Ніно пасьля таго, як сын змог кваліфікавацца на Алімпіяду.

XS
SM
MD
LG