Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяржук Доўгушаў: Песьня гучыць, і яе не спыніць, яна — як сьцяг


Сяржук Доўгушаў

Сяржук Доўгушаў

Сьпеўныя сходы ў Менску зьбіраюць больш людзей, чым палітычныя кангрэсы. Ці то людзям надакучылі безвыніковыя апазыцыйныя акцыі, ці то ўсе хочуць сьпяваць песьні на роднай мове. Госьцем перадачы — адзін з арганізатараў сходаў Сяргей Доўгушаў, які ведае, як навучыць сьпяваць цэлы народ і зь якой песьняй беларусы могуць перамагчы на Эўрабачаньні.

— Сяржук, памятаеце, у паэме Янкі Купалы «На Куцьцю» адзін з герояў, тройчы абышоўшы сваіх суайчыньнікаў, расказвае Князю: «За мною ўсьцяж і тут, і там / іх вусны бледныя шапталі: / Аддайце песьню нашу нам! / Нашто схавалі-расхапалі?». Паэма напісаная 105 гадоў таму. Сёньняшнія беларусы таксама маглі б так усклікнуць — аддайце песьню нашу нам?

— Я думаю — так. Нашы людзі ведаюць тыя песьні, якія гучаць, якія папулярызуюцца, але ж гэта невялічкая частка. Напрыклад, сваіх песьняў пэрыяду Другой сусьветнай вайны беларусы ня ведаюць. Яны працягваюць сьпяваць савецкія песьні. Таму мы на Сьпеўным сходзе будзем знаёміць людзей з такімі песьнямі — у тым ліку партызанскімі. Я проста адчуваю, што ёсьць такое жаданьне, цягнуцца людзі да песьні. Бо ў ёй — дух народу, мова народу. Песьня гучыць і яе не спыніць, яна — як сьцяг.

Сьпеўны сход у Менску. Справа - Сяржук Доўгушаў

Сьпеўны сход у Менску. Справа - Сяржук Доўгушаў

— Прызнаюся, і я ня ведаю беларускіх партызанскіх песень. Апрача «Ой бярозы ды сосны, партызанскія сёстры...»

— Сьветлай памяці Ніл Гілевіч аднойчы паказаў мне адзін сьпеўнік, дзе быў цэлы разьдзел «Песьні ваеннага часу». Я многія перапісаў, бо таксама ніколі ня чуў. Вось, напрыклад, «Марш віцебскіх партызанаў»: «Ніколі ня згіне ад лютых пажараў / вялікі і слаўны наш Край. / У бой за Радзіму зьбірайся, таварыш, / ідзі партызаніць у гай. / На прускага ката / за вёску і хату / кліч помсты народнай заве. / Ідуць у атаку лясныя салдаты, / грукочуць гранаты, грымяць аўтаматы — / жыве Беларусь! Жыве!». Словы моцныя і сапраўды адлюстроўваюць дух таго часу. На жаль, пакуль не знайшоў мэлёдыі, трэба палазіць па архівах.

— Сёлета перад 9 траўня я праходзіў паўз Плошчу Перамогі — там рэпэтавалі песьню са словамі пра салдата: «Как будто он волжские видел разливы, как будто Россию обнял».

Сьпеўны сход на Дзень роднай мовы ў Арт-сядзібе, 2016 год

Сьпеўны сход на Дзень роднай мовы ў Арт-сядзібе, 2016 год

— Таму мы і папулярызуем песьні беларускія. Яны вельмі мэлядычныя, іх жа стваралі тут, на гэтай зямлі, яны пайшлі з народных мэлёдый, таму яны і кранаюць сэрцы. Напрыклад, «Было ў салдата два полі» ці «Із далёкіх із краёў йшлі салдацікі дамоў». Я думаю, што людзі пазнаёмяцца і на наступны Дзень Перамогі засьпяваюць сваё. Тут праблема яшчэ ў тым, што няма нотнага матэрыялу. Скажам, у філярмоніі не засьпяваюць, пакуль ня будзе акампанімэнту. Проста напісаная мэлёдыя — гэтага мала. Артыстам трэба, каб усё было прапісана — ці з фартэпіяна, ці з аркестрам, тады будуць сьпяваць. Савецкія песьні раней часта выдаваліся, таму іх з году ў год і сьпяваюць.

— Я сачу за вашымі Сьпеўнымі сходамі, і мне здаецца, што вы адзін зь нямногіх сучасных артыстаў-сьпевакоў, які ведае, як навучыць сьпяваць цэлы народ. Які падыход да людзей тут патрэбен?

У мяне такое адчуваньне, быццам усе чакалі, калі пачнуцца нашыя Сьпеўныя сходы.

— Найперш трэба зацікавіць. Людзі прыходзяць, яны ведаюць, куды ідуць. Але часам ім не хапае разьняволеньня. Шмат хто ня верыць, што зможа засьпяваць. Але калі сход праходзіць, усе застаюцца задаволеныя, нават тыя, хто апошні раз сьпяваў у школе. Нашаму народу не хапае песень, не хапае менавіта іх гучаньня. Праходзяць канцэрты розныя, але іх наведваюць далёка ня ўсе. У мяне такое адчуваньне, быццам усе чакалі, калі пачнуцца нашыя Сьпеўныя сходы. Ня трэба мець адукацыі, ня трэба быць прафэсіяналам, можна прыйсьці і пасьпяваць. І добра, калі на нашых сходах людзі знаёмяцца, пачынаюць сябраваць. Песьня гэтаму спрыяе. Я таксама шмат з кім знаёмлюся. Стараюся не прыдумляць штосьці складанае, а наадварот, стараюся адаптаваць да сытуацыі. Песьню трэба несьці ў людзі.

— Вы сьпяваеце і граеце нават у падземных пераходах. Як там людзі рэагуюць?

— Так, ёсьць такі праект папулярызацыі клясыкі — «Бах у мэтро», які ладзілі мае знаёмыя кампазытары Вольга Падгайская і Віталь Эпал. Сёлета і мяне запрасілі паўдзельнічаць. Людзі сьпяшаюцца на працу ці з працы, а тут — музыка. Бывае, і сам чуеш у пераходзе, як нехта пад гітару крычыць, у ноты не трапляе. У такіх выпадках стараесься хутчэй прайсьці міма. А тут — чысты гук гучыць. Чуючы музыку ХVІІІ стагодзьдзя, людзі спыняюцца, слухаюць. Ня ўсе ж ходзяць у канцэртныя залі. І рэагуюць вельмі эмацыйна. Не спыніць, не стрымаць — такія бываюць авацыі.

Сяржук Доўгушаў (справа)

Сяржук Доўгушаў (справа)

— Часам сьпевакі скардзяцца на дрэнную акустыку, вецер мікрафоны задзімае і г.д. У вас, мяркуючы па ўсім, такіх праблемаў няма?

— Акустыка — ня самае галоўнае. Галоўнае — данесьці песьню ці музыку да людзей. Быў такі выпадак, нас запрасілі паўдзельнічаць у фэстывалі вулічных музыкаў. Мы выступаем, і тут, не папярэджваючы арганізатараў, спыняюць наш канцэрт на трэцяй песьні. Кажуць, прыехаў нейкі галоўны мітрапаліт, і нашы сьпевы перашкаджаюць. Раней такога не было ніколі — толькі пачалася песьня, і абарвалі. І што мы зрабілі? Мы ўсё ж выйшлі і без мікрафонаў і акустыкі зайгралі яшчэ дзьве песьні. Людзі былі задаволеныя.

— Дык мо і той галоўны мітрапаліт вам пляскаў?

— Здаецца, ён нас ужо не пачуў.

— Вось жа нашы творцы любяць паплакацца: заляў не даюць, у эфір не пускаюць і г.д. Вы на сцэне Белдзяржфілярмоніі зладзілі цэлую канцэртную праграму «Песьні матчыны з Вушаччыны» памяці Рыгора Барадуліна. Гэта было складана зрабіць?

— Нескладана. З гэтым канцэртам як бы нехта дапамог. Можа, сам дзядзька Рыгор... Вось ужо другі год у зале такая добрая атмасфэра, і ўсе гурты былі ў тэме. Публіка вельмі цёпла прымала выступы, такая лагода адчувалася ў зале. На наступны год, спадзяюся, усё зробім на яшчэ вышэйшым узроўні. Мы цяпер робім дыск пад назвай «Падарунак для Рыгора Барадуліна», дзе прагучаць усе гэтыя песьні, пачалі ўжо запіс. Там будуць усе гурты, якія ўдзельнічалі: «Варган», «Гармонік-стайл», «Рэлікт», «Вурай», Ірэна Катвіцкая.

Удзельнікі аднаго са Сьпеўных сходаў

Удзельнікі аднаго са Сьпеўных сходаў

— Хай не крыўдуюць нашы палітыкі, але, нават аб’яднаўшыся, яны сабралі на свой кангрэс столькі народу, колькі зьбіраецца на адзін Сьпеўны сход. У сувязі з гэтым пытаньне, пра што гэта сьведчыць: людзям так надакучыла палітыка, ці іх так вабіць родная песьня?

— Думаю, людзі ўсё ж стаміліся ад палітыкі. Мы культурніцкая арганізацыя, мы папулярызуем песьню. Яна людзям бліжэй. Да нас прыходзяць ня проста пастаяць ці за нешта прагаласаваць, у нас людзі знаёмяцца з песьняй і самі сьпяваюць.

— На апошнім Эўрабачаньні перамгла ўкраінская сьпявачка Джамала зь песьняй пра савецкую дэпартацыю крымскіх татараў. Пра што павінен засьпяваць беларускі сьпявак, каб перамагчы на гэтым папулярным конкурсе?

Такім чынам — артыст з добрай камандай, дзьве мовы, наша мэлёдыка, нацыянальны калярыт, і калі ўсё гэта аб’яднаць, будзе бомба!

— Сёлета я ўпершыню глядзеў Эўрабачаньне, мне быў цікавы фінал. З Джамалой мы знаёмыя, неяк сустракаліся ва Ўкраіне на фэстывалі. Джамала — гэта моц, яна нясе песьню, яна вельмі таленавітая. А што датычыць беларусаў, то мне, прызнаюся, было сьмешна. Я ня супраць Айванаў, якіх выстаўляюць, арыентуючыся на Расею, але гэтага рабіць ня трэба. На Эўрабачаньні перамагае адметнасьць, нацыянальны калярыт. Я не кажу, што трэба выйсьці ў вышыванках і зайграць на дудках. Гэта павінна быць сучасна, але з нацыянальнай адметнасьцю. Трэба выбраць песьню, у якой будзе зерне нашай народнасьці. Павінна быць каманда, якая жыве адной мэтай, адной ідэяй. Наўрад ці трэба, каб песьня была цалкам па-беларуску. Для Эўропы гэта будзе незразумела. Але беларуская мова абавязкова павінна ў ёй прысутнічаць. Джамала ж таксама сьпявала і па-ангельску. Такім чынам — артыст з добрай камандай, дзьве мовы, наша мэлёдыка, нацыянальны калярыт, і калі ўсё гэта аб’яднаць, будзе бомба!

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG