Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маскоўскі палітоляг: Керы ў Крамлі жартаваць ня будзе, але прагрэсу па Данбасу чакаць не даводзіцца


Дзяржаўны сакратар ЗША Джон Керы (зьлева) і прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін, архіўнае фота

Дзяржаўны сакратар ЗША Джон Керы (зьлева) і прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін, архіўнае фота

Дзяржаўны сакратар ЗША Джон Керы едзе зь візытам у Маскву.

Украіна разьлічвае, што ў часе свайго візыту Керы ўзгодніць «дарожную мапу» спыненьня канфлікту на Данбасе.

Як заявіў міністар замежных спраў Украіны Паўло Клімкін, ён ужо абмяркоўваў элемэнты «дарожнай мапы» з Джонам Керы на мінулым тыдні.

Паўло Клімкін

Паўло Клімкін

«Адбываюцца інтэнсіўныя кансультацыі ў нармандзкім фармаце, як зь нямецкімі і францускімі партнэрамі, гэтак і з амэрыканскімі, каб вызначыць асноўныя элемэнты, якім чынам атрымаць пасьлядоўнасьць крокаў і часавыя рамкі. Але найперш — выразныя гарантыі рэалізацыі такіх крокаў з боку Расеі», — сказаў Клімкін падчас прэс-канфэрэнцыі ў Кіеве.

Паводле Клімкіна, лёгіка «дарожнай мапы» палягае ў неабходнасьці дакладна вызначыць пасьлядоўнасьць крокаў, і ў першую чаргу — пасьлядоўнасьць крокаў у сфэры бясьпекі: спыненьне агню, вывядзеньне расейскіх войскаў, адвядзеньне цяжкой зброі і наймітаў, дазвол назіральнай місіі АБСЭ эфэктыўна кантраляваць тэрыторыю Данбасу, уключна з участкам расейска-ўкраінскай мяжы«.

Кантактная група па ўрэгуляваньні канфлікту на Данбасе, якая 13 чэрвеня зьбіраецца ў Менску, будзе абмяркоўваць пытаньні бясьпекі: на Данбасе дагэтуль вядуцца абстрэлы, не выконваецца «рэжым цішыні», безь якога немагчымы працэс рашэньня астатніх праблемаў.

Тым часам маскоўскі палітоляг Канстанцін Калачоў сказаў Свабодзе, што наўрад ці тэма Ўкраіны будзе асноўнай падчас сустрэчы Керы ў Крамлі:

Канстанцін Калачоў

Канстанцін Калачоў

«Заявы, зьвязаныя з афіцыйным візытам у Маскву дзяржсакратара ЗША Джана Керы, які пройдзе 14-15 ліпеня, перабольшана аптымістычныя. Я маю на ўвазе заявы пра тое, што нібыта Керы едзе ў Маскву, каб узгадніць тут „дарожную мапу“ выкананьня менскіх дамоўленасьцяў. Галоўнымі тэмамі сустрэчы будуць усё ж „сырыйскі крызіс“, магчымасьць актывізаваць сырыйскі мірны працэс, а таксама становішча ў Нагорным Карабаху, а сытуацыя ва Ўкраіне стаіць на другім ці трэцім месцы. Так, Керы наўрад ці будзе жартаваць, як тое было на яго апошняй сустрэчы з Пуціным, але разам з тым нейкага сур’ёзнага пасоўваньня ў вырашэньні канфлікту на Данбасе я не чакаю».

Калачоў кажа, што ў тэме рэалізацыі менскіх дамоўленасьцяў па ўрэгуляваньні канфлікту на ўсходзе Ўкраіны нейкіх прарываў пакуль чакаць нельга:

«Ёсьць фактары, якія моцна раздражняюць Маскву. Я кажу пра вынікі саміту НАТО ў Варшаве, дзе пастаноўлена разьмясьціць чатыры дадатковыя батальёны ў Польшчы і краінах Балтыі. Ды і ЗША цяпер найбольш непакоіць сытуацыя ў Сырыі, дзе ўчора расейскія бамбавікі нанесьлі ўдар па аб’ектах „Ісламскай дзяржавы“. Таму менавіта гэтая тэма будзе найбольш абмяркоўвацца, тым больш што ў Сырыі моцна абвастраюцца ўзброеныя сутычкі. Сырыйскі тупік такім чынам нашмат больш гарачая тэма, чым украінская гісторыя».

Палітоляг падкрэсьлівае, што прагрэс у вырашэньні канфлікту на Данбасе пакуль мала магчымы, таму што бакі трымаюцца пазыцый, якія радыкальна супярэчаць адна адной:

«Бакі, безумоўна, абмяняюцца меркаваньнямі. Зразумела, што Крэмль высуне свае прэтэнзіі што да ўрэгуляваньня крызісу. Мы выдатна ведаем, якія пытаньне там ніяк ня могуць вырашыць: Кіеў так і не паспрабаваў знайсьці паразуменьне з прадстаўнікамі самаабвешчаных „ЛНР“ і „ДНР“. Тыя ў сваю чаргу хочуць абмяркоўваць выбары на акупаваных тэрыторыях, але не спыненьне агню і іншыя пытаньні бясьпекі. Увогуле, зьвязаная з Расеяй і Ўкраінай гісторыя ані міру, ані вайны будзе працягвацца яшчэ даволі доўга, і сур’ёзнага прагрэсу тут чакаць не даводзіцца».

XS
SM
MD
LG