Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У працаўнікоў Крычаўскага цэмэнтнага заводу забіраюць бязь іх згоды грошы на падаткі


Завод з кар'ерам

Завод з кар'ерам

На Крычаўскім цэмэнтнашыфэрным камбінаце ў працаўнікоў бязі іхняй згоды вылічылі з заробку падатак на нерухомасьць. Раней, сьцьвярджаюць працаўнікі, яны самі сплачвалі яго і праблемаў з гэтым не было. У працоўным калектыве дзеяньнямі адміністрацыі не задаволеныя, аднак публічна выказваць пратэст ніхто не наважваецца.

Паводле працаўнікоў да кіраўніцтва прадпрыемства зьвярнулася раённая падатковая інспэкцыя з просьбай спагнаць на добраахвотнай аснове з заробку гэты падатак.

«Але ў нас жа цяпер прыгоннае права. Калі дырэктар сказаў, то будзе менавіта так, а не інакш. Падатак забралі з заробку нават не паведамляючы пра гэта. Мы ж ня супраць гэтага падатку, але супраць бяспраўя. Трэба было запытаць у людзей, ці згодныя яны. Не дырэктар згодны, а працаўнікі!», — выказаўся адзін з працаўнікоў, які не пажадаў, каб яго імя згадвалі.

Кар’ер цэмэнтнага заводу

Кар’ер цэмэнтнага заводу

Паводле суразмоўцы, падатак з заробку спагналі ўпершыню, і працаўнікі зьдзівіліся пабачыўшы такі радок у разьліковых лістках.

«Гэты падатак выплачваецца да кастрычніка, і ніхто раней не прысьпешваў нас яго сплачваць. У мяне вылічылі больш за 400 тысяч рублёў. У майго напарніка больш за 600 тысяч. Сумы розныя. У працоўным калектыве людзі абураюцца між сабой, бо баяцца звальненьняў. Для іх знойдуць любыя падставы. Тых хто падбухторвае да пратэсту прыбіраюць адразу, а ў Крычаве працы не знайсьці. Таму працоўныя нават пытаньняў не задаюць кіраўніцтву. У нас быў такі досьвед, калі людзі паспрабавалі дайсьці справядлівасьці. У выніку атрымалі праблемы», — расказаў пра атмасфэру ў калектыве заводу яго працаўнік.

Паводле яго, кіраўніцтва заводу выканала на сваё разуменьне просьбу падатковай, каб зь ёю «сябраваць». Падатак зьбіралі датэрмінова, зазначае працаўнік, бо ў дзяржавы няма грошы.

У раённай падатковай інспэкцыі пацьвердзілі, што зьвярталіся да кіраўніцтва заводу наконт датэрміновай аплаты працаўнікамі падатку на нерухомасьць.

Дарога на цэмзавод

Дарога на цэмзавод

«Мы зьвярнуліся зь лістом да арганізацыі з просьбай паспрыяць у датэрміновай аплаце падатку. Прыклалі ўзор, каб людзі па ім напісалі заяву, што яны ня супраць, каб у іх спагналі з заробку гэты падатак. Ці вылічвалі той падатак са згоды працаўнікоў, ці не — я сказаць не магу на гэты конт нічога. Але мы прасілі датэрмінова і са згоды працаўнікоў», — сказала супрацоўніца падатковай інспэкцыі.

У адміністрацыі прадпрыемства заявілі, што адкажуць на пытаньне, калі будзе афіцыйны запыт.

Лідэр прафсаюзу работнікаў Радыёэлектроннай прамысловасьці Генадзь Фядыніч дзеяньні адміністрацыі акцыянэрнага таварыства «Крычаўцэмэнтнашыфэр» па зборы падатку на нерухомасьць называе незаконнымі.

«Калі такія дзеяньні і праўда былі, то яны не правамерныя. Кіраўніцтва прадпрыемства ня мае права бяз згоды працаўніка распараджацца ягоным заробкам. Адміністрацыя бярэ трыццаць пяць працэнтаў на сацыяльныя выплаты, а астатняе гэта заробак працаўніка. І калі ён не напісаў заявы на вылічэньне ніхто ня мае права распараджацца ягонымі фінансамі. Такой жа заявы не было. Што да падатковай, то яна мае права зьвяртацца да каго заўгодна», — пракамэнтаваў сытуацыі прафсаюзны лідэр.

Сёлета ў лютым працаўнікі заводу паведамлялі, што на прадпрыемстве адбыўся стыхійны страйк. Паводле інфарматараў людзі спрабавалі разабрацца, што робіцца з прадпрыемствам. Пазьней, праўда, страйк працоўныя назвалі «эмацыйным выбухам». Кіраўніцтва прадпрыемства абвяргала зьвесткі пра пратэст працаўнікоў, называючы гэтыя зьвесткі выдумкай.

Пісалі працаўнікі старога заводу, які ў самім Крычаве, і Аляксандру Лукашэнку. Зварот падпісалі больш за сто чалавек. Цэмзавод зачынілі, але ўлады абяцалі ўладкаваць на працу тых, хто застаўся без занятку.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG